У абласным краязнаўчым музеі адкрылася гістарычная выстава «Як Фенікс з попелу. Разбурэнне і аднаўленне Варшавы 1939 – 1955». Праект прысвечаны 71-й гадавіне заканчэння Другой сусветнай вайны і вызваленню сталіцы Польшчы, а таксама 35-годдзю ўнясення рэканструкцыі Старога горада Варшавы ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.
На выставе прадстаўлены фотаздымкі горада на працягу 16 гадоў: даваеннага квітнеючага, разбуранага і адноўленнага. Варшава пасля вайны рабіла настолькі страшэннае ўражанне, што ўзнікалі ідэі пакінуць яе ў такім стане ў якасці помніка. Аднак было вырашана адбудаваць горад. Менавіта тут ўпершыню ў гісторыі чалавецтва ў такім маштабе пачалося аднаўленне не адзінкавых помнікаў, а цэлых гістарычных фрагментаў горада.
Для гасцей у дзень адкрыцця выставы лекцыю прачытаў польскі журналіст, мастацтвазнаўца, спецыяліст па гісторыі Варшавы Ежы Маеўскі. Ён расказаў, як жыла польская сталіца ў 1920-30-я гады, пра жахлівыя і гераічныя эпізоды вайны ў горадзе. Былі прадэманстраваны фільмы, якія перадаюць атмасферу тых часоў, а таксама праведзена 3D-экскурсія па разбуранай Варшаве.
Дырэктар Польскага Інстытута ў Мінску Матэуш Адамскі падчас адкрыцця выставы адзначыў:
– Я сёння падумаў пра падабенства гісторыі Варшавы, Мінска і Віцебска падчас Другой сусветнай вайны. Вось чаму для беларусаў гэтая тэма блізкая.
© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.