Віцебскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці праводзіць дыстанцыйны конкурс мастацкіх вырабаў “Птушыны перапалох”

logo
Четверг, 06.08.2020 14:11 | Рубрика: Культура
03255

“Птушыны перапалох” -- пад такой назвай з мэтай фарміравання экалагічнай культуры, павышэння сацыяльнай актыўнасці ў пытаннях аховы навакольнага асяроддзя, прыцягнення ўвагі да праблемы аховы птушак, папулярызацыі творчасці майстроў народных мастацкіх рамёстваў Віцебскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці праводзіць дыстанцыйны конкурс мастацкіх вырабаў.

Для ўдзелу ў конкурсе да 8 верасня бягучага года яго ўдзельнікам (майстрам народных мастацкіх рамёстваў і мастакам-аматарам з рэгіёнаў Віцебшчыны) неабходна прадставіць арганізатарам фотаздымак аўтарскай конкурснай работы, зробленай не больш трох гадоў назад. Памеры прадстаўленых твораў не абмяжоўваюцца. Пажадана, каб выраблены яны былі з экалагічных матэрыялаў – саломы, дрэва, моху, бяросты… Усе работы павінны мець эстэтычны знешні выгляд, мець крэатыўны дызайн, адпавядаць мэтам конкурсу.

Конкурсныя творы будуць размеркаваны па наступных намінацыях “Кармушка для птушак”, “Лепшы птушыны домік” (шпакоўні, сінічнікі і г.д.), “Лепшая выява птушак Беларусі”, “Лепшая аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя беларускіх птушак”.

Па выніках конкурсу па рашэнні журы будуць адзначаны пераможцы, якія павінны будуць пакінуць свае мастацкія вырабы ў абласным метадычным цэнтры народнай творчасці для далейшай перадачы ў Дзяржаўную прыродаахоўную ўстанову “Ельня” падчас правядзення экалагічнага свята “Жураўлі і журавіны Міёрскага краю”.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Андрэй Струнчанка, намеснік дырэктара Віцебскага АМЦНТ.