В областной библиотеке второй месяц проходят курсы по истории Витебска

logo
Среда, 02.11.2016 11:51 | Рубрика: Культура
22188

Кожны другі і чацвёрты чацвер месяца ў чытальнай залі абласной бібліятэкі імя У. І. Леніна праходзяць лекцыі па гісторыі Віцебска. Сустрэча зацікаўленых мінуўшчынай людзей адбываецца ў межах бясплатных лекцыйных курсаў «Віцебск: рэальная і папулярная гісторыя роднага горада». Яе арганізатарамі выступілі кафедра гісторыі Беларусі ВДУ імя П.М. Машэрава, абласная бібліятэка, клуб гістарычнай рэканструкцыі Vargentorn і Віцебскі гарадскі партал. Падобная ініцыятыва ўнікальная сярод гарадоў краіны.

Праект уяўляе сабою папулярызаваны расповед мадэратараў і запрошаных экспертаў пра асноўныя старонкі гісторыі Віцебска, заснаваны на гістарычных фактах і навуковай літаратуры. Акрамя гэтага, у залі кожны раз праходзіць выстава кніг па тэме лекцыі, а ў сацыяльных сетках дадаткова размяшчаецца спіс рэкамендаванай літаратуры і электронных спасылак, на існуючыя рэсурсы. Выступоўцы адказваюць на пытанні аўдыторыі і тлумачаць найбольш складаныя моманты. Таксама было падкрэслена, што курсы носяць адкрыты характар і акрамя заяўленных мадэратараў, гісторыкаў Анатоля Дулава, Мікалая Півавара і Дзяніса Юрчака, выступіць у ролі лектара можа кожны знаўца віцебскай гісторыі. Да супрацоўніцтва яны запрашаюць гісторыкаў, краязнаўцаў, супрацоўнікаў архіваў і музеяў.

Як распавялі арганізатары, ідэя стварэння такого праекта прыйшла ім падчас мерапрыемстваў, прысвечаных гадавіне наданню Віцебску Магдэбурскага права. Хутчэйшай рэалізацыі задумы таксама паспрыялі разнастайныя вольныя інтэрпрэтацыі гісторыі і абсалютызацыі ісціны збоку некаторых аўтараў як у Інтэрнэце, так і на старонках псеўдагістарычных кніг.

За час існавання курсаў прайшлі чатыры сустрэча па наступных тэмах: «Віцебск дагарадскі» («Віцебск балцкі»), «Княгіня Вольга – легендарная заснавальніца Віцебска», «Віцебск – горад на шляху з варагаў у грэкі», «Віцебск: ад язычніцтва да хрысціянства (рэлігійнае жыццё V – XIII стст.)». Лекцыі праводзяцца займальна, цікава і дынамічна і пры поўным аншлагу. Заўсёды існуе шмат ахвотных задаць пытанні лектарам і ўдакладніць пэўныя аспекты. Некаторыя тэмы выклікаюць гарачыя дыскусіі паміж слухачамі і выступоўцамі.

Прыемна здзіўляе тое, што значная колькасць прысутных не проста слухаюць, а яшчэ канспектуюць важныя моманты. Таму калі віцебляне пасля працоўнага дня знаходзяць час яшчэ наведаць двухгадзінную лекцыю па гісторыі Віцебска, значыць, арганізатары годна спраўляюцца са сваёй задачай.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Андрэй ШЧАРБІЦКІ. Фота аўтара.