У Віцебску адкрылася мемарыяльная выстава графікі полацкай мастачкі Кацярыны Мясніковай «Кветкі з нябёсаў»

logo
Четверг, 04.04.2024 19:15 | Рубрика: Культура
01002

Адкрыццё мемарыяльнай выставы графікі полацкай мастачкі Кацярыны Мясніковай «Кветкі з нябёсаў» прайшло ў філіяле Віцебскага цэнтра сучаснага мастацтва - арт-прасторы «Талстога, 7».

Мяккасць пастэлі, яе асабістую прыгажосць і цяплыню абрала для сябе Кацярына Мяснікова —мастак, даследчык, куратар і арганізатар шматлікіх выставачных праектаў і пленэраў. Яе памятаюць як чалавека асабліва шчырага і светлага, такога, які не проста любіў мастацтва, а жыў ім. Сваім вокам яна выхоплівала фрагменты быцця, якія б іншы чалавек можа з лёгкасцю прапусціў, ператвараючы штодзённыя пейзажы і нацюрморты ў чароўныя сімвалы.

— Выставу складаюць каля 30 работ, — расказала галоўны захавальнік фондаў музея «Віцебскі цэнтра сучаснага мастацтва» Алена Свістунова. — Большасць карцін, прадстаўленых на выставе, былі напісаны ў апошні год жыцця мастачкі, але таксама ёсць работы больш ранняга перыяду.

Сама выстава нагадвае кветкавы луг, бо куды ні кінь вока, можна ўсюды ўбачыць яскравыя пялёсткі. «Бэз», «Ружы кастрычніка», «Сланечнікі» — адны з дзясяткаў сюжэтных “герояў” карцін.

У Віцебску гэта першая мемарыяльная выстава, прысвечаная Кацярыне Мясніковай. На будучыню плануецца больш вялікая экспазіцыя, якая, як мяркуецца, пройдзе ў вялікай выставачнай зале на Белабародава, 5, бо творчая спадчына полацкай мастачкі складае сотні работ.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Мікіта ЯБЛАКАЎ Фота аўтара.