У сталіцы Дня беларускага пісьменства адкрылася выстава жывапісу “Мой родны кут”

logo
Вторник, 29.08.2023 14:49 | Рубрика: Культура
02436

Для таго, каб зразумець, як акрыляе і натхняе малая радзіма, мудрасць, сумленнасць і працавітасць людзей, якія там жывуць, трэба абавязкова завітаць у куточак, дзе нарадзіўся, і на выставу, дзе ўзгадаюцца радкі Рыгора Барадуліна: “Трэба дома бываць часцей, трэба дома бываць не госцем, каб душою не ачарсцвець, каб не страціць святое штосьці”. 

Загадчык кафедры выяўленчага мастацтва мастацка-графічнага факультэта Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава Генадзь Ісакаў адзначыў, што тэма выставы “Мой родны кут” блізкая для ўсіх выкладчыкаў кафедры, якія прадставілі на ёй больш як 40 карцін. У кожнага чалавека ёсць дарагія сэрцу ўспаміны, у якіх з парога на прастор жыцця праважае маці, дзе чакаюць родныя палеткі, таму выстава знойдзе водгук у сэрцах гледачоў.

– Карціны размаўляюць з намі на мове вобразаў, колераў, рысаў, якую таксама можна назваць пісьменствам. Мы прысвяцілі выставу Дню беларускага пісьменства не проста так: мастацтва – яго частка, бо. правобразы кніг, літар – наскальныя малюнкі, ў якіх людзі хацелі перадаць пэўную інфармацыю, адлюстраваць навакольны свет. Дагэтуль старажытныя цывілізацыі – кітайская, егіпецкая – карыстаюцца складанымі іерогліфамі – пісьмовай мовай у малюнках, – адзначае Генадзь Ісакаў.

Працягам і развіццём гэтай тэмы стане “круглы стол” “Слова і жывапіс”, які пройдзе ў сталіцы Дня беларускага пісьменства з удзелам выкладчыкаў кафедры выяўленчага мастацтва мастацка-графічнага факультэта і пісьменнікаў з Беларусі і Расіі.

Куратар выставы, старшы выкладчык кафедры выяўленчага мастацтва, уражэнец Гарадка Вадзім Осіпаў, які ў свой час скончыў Санкт-Пецярбургскі акадэмічны інстутытут жывапісу, скульптуры і архітэтуры імя І. Я. Рэпіна, адзначыў, што тэма ўзаемаадносін розных відаў мастацтва здаўна хвалявала людзей. Гэта выявілася нават у тым, што архітэктуру вобразна называюць застылай у стагоддзях музыкай, а жывапіс – гучным, або выразным маўчаннем.

– Мне давялося пазнаёміцца з накідамі і чарнавымі сшыткамі знакамітага маскоўскага навукоўцы, аўтара дылогіі “Колер у жывапісу” і “Кампазіцыя ў жывапісу” Мікалая Волкава , які рыхтаваў матэрыял для сваёй трэццяй заключнай кнігі “Слова ў жывапісу”, дзе хацеў паказаць яўную і таемную сувязь розных відаў мастацтва, але смерць перашкодзіла гэта зрабіць. Спадзяюся, яго праца яшчэ ўбачыць свет, бо рукапісы, як мы ведаем, не гараць, – сказаў Вадзім Осіпаў.

Выстава “Мой родны кут” застанецца ў Гарадоцкім краязнаўчым музеі на працягу месяца пасля завяршэння Дня беларускага пісьменства. Убачыць і пачуць, што на мове мастацтва гаворыць гледачам графіка, акварэль, пастэль, карціны маслам, зможа шырокае кола аматараў жывапису. Гэта не першае супрацоўніцтва Гарадоцкага краязнащчага музея з кафедрай выяўленчага мастацтва мастацка-графтчнага факультэта, іх сяброўства будзе працягвацца.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Кацярына ПУЧКОВА. Фота прадстаўлена кафедрай выяўленчага мастацтва мастацка-графічнага факультэта ВДУ імя П. М. Машэрава.