Лыжку для веліканаў прэзентавалі на "Славянскім базары"

logo
Вторник, 18.07.2017 10:18 | Рубрика: Славянский Базар в Витебске
02311

Яшчэ адзін рэкорд фестываля быў усталяваны 16 лiпеня. На пляцоўцы каля ўваходу ў КЗ «Віцебск» беларуска-літоўскі дуэт майстроў прэзентаваў вялізную драўляную лыжку.


Міхаіл Зянькоў з пасёлка Руба і яго сябар з Літвы, удзельнік старажытнага фестываля «Казюкас» у Вільнюсе Віргіліюс Вайчунас на працягу трох дзён (агулам атрымалася каля 18 гадзін) віртуозна і элегантна працавалі піламі і іншымі інструментамі. У выніку асінавае бярвенне, прадастаўленае лясгасам, ператварылася ў мастацкі аб’ект з акуратнымі і вытанчанымі лініямі.


Сябры В. Вайчунас і М. Зянькоў

Падчас прэзентацыі правялі замеры лыжкі. Яе даўжыня склала 5 метраў 94 сантыметры, а шырыня асноўнай часткі – 69 сантыметраў. У хуткім часе дырэкцыя фестывалю вырашыць, дзе лепш размясціць аб’ект.

– Віцебск заўсёды збірае шмат сяброў, таму лыжка будзе сімвалізаваць нашу беларускую гасціннасць, – падкрэсліў М. Зянькоў.

Адзін з арганізатараў праекта Раман Баярынцаў падзякаваў за працу, узнагародзіўшы майстроў (паводле трыдыцыі «Казюкаса») звязкай беларускіх сушак.

Аб’ект стаў папулярным месцам для фотаздымкаў і прыцягвае позіркі кожнага. Прысутныя на прэзентацыі мужчыны паспрабавалі падняць лыжку – іх высілкі і выразы твару красамоўна расказалі пра яе масштаб.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Андрэй ШЧАРБІЦКІ. Вiдэа Алега КЛIМОВIЧА.