Літаратурна-музычная вечарына «Я сын зямлі», прысвечаная 85-годдзю з дня нараджэння Рыгора Барадуліна, адбылася ў Віцебску

logo
Вторник, 25.02.2020 15:09 | Рубрика: Культура
03505

Літаратурна-музычная вечарына «Я сын зямлі», прысвечаная 85-годдзю з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна, адбылася 24 лютага ў Віцебскай абласной бібліятэцы імя Леніна.

Загадчык аддзела краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі Ларыса Рагачова распавяла пра цікавыя факты з біяграфіі Рыгора Барадуліна. Успамінамі пра жыццёвыя і творчыя адносіны са славутым паэтам і земляком падзяліліся віцебскія пісьменнікі Сяргей Рублеўскі і Людміла Сіманёнак. У мерапрыемстве таксама ўзялі ўдзел літаратуразнаўца Ірына Саматой, дырэктар музея «Гісторыя Заронаўскага краю» Людміла Нікіціна, якія расказалі, як творчасць Рыгора Барадуліна паўплывала на іх светабачанне і ўспрыманне літаратуры. Ірына Вацлаваўна распавяла таксама пра сваю вучобу ў БДУ, пад час якой пазнаёмілася з дачкой паэта Ілонай Барадулінай, пра цікавыя сустрэчы з Рыгорам Іванавічам на філалагічным факультэце ВДУ імя П.М. Машэрава.

Пад гітару прагучалі песні, напісаныя на вядомыя вершы Рыгора Барадуліна, у тым ліку і духоўнай тэматыкі, у выкананні выкладчыкаў дзіцячых школ мастацтваў Міхаіла Рубіна і Аляксандра Славяна.

У бібліятэцы адкрылася выстава твораў Рыгора Барадуліна з фондаў галоўнага кнігасховішча вобласці.

Кожны з прысутных зноў мог для сябе зазначыць, што Рыгор Іванавіч – гэта чалавек –легенда. Яго няма з намі, але вершы народнага паэта, поўныя пяшчоты, закаханасці ў сваіх людзей, сваю малую радзіму —Вушаччыну, будуць жыць з намі вечна.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Наталля ЕРМАКОВА, студэнтка ВДУ імя Машэрава.