У дзень нараджэння Уладзіміра Караткевіча ля помніка выдатнаму беларускаму пісьменніку ў Віцебску сабраліся прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі

logo
Вторник, 26.11.2019 16:22 | Рубрика: Культура
02932

Па добрай традыцыі 26 лістапада, у дзень нараджэння Уладзіміра Караткевіча (1930—1984 гг.), ля помніка выдатнаму беларускаму пісьменніку ў Віцебску сабраліся літаратары, члены абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, работнікі Цэнтралізаваннай бібліятэчнай сістэмы. Прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі ўсклалі чырвоныя гваздікі да помніка, на якім выбіта знакамітае «Быў. Ёсць. Буду”.

Гэтыя словы Уладзіміра Караткевіча сталі прарочымі. І сёння ён з’яўляецца адной з самых яркіх фігур беларускай літаратуры XX стагоддзя, яго творчасць прываблівае рамантызмам, высокай мастацкай культурай, патрыятычным пафасам, гуманістычным гучаннем.

Не толькі кветкі сталі данінай памяці і павагі да вялікага майстра слова. Усе, хто прыйшоў на паклон, перш за ўсё маглі пачытать урыўкі з твораў Уладзіміра Сямёнавіча, вершы, пагутарыць паміж сабой, нешта ўспомніць.

— Вялікія чэргі выстройваліся ў кнігарні, у бібліятэкі, калі выходзілі новыя творы Уладзіміра Караткевіча ў часопісах ці яго кнігі, — узгадала член Саюза пісьменнікаў Беларусі Ірына Радзіхоўская, —

Гэта быў чалавек неверагоднага таленту, паэт, празік, публіцыст, сцэнарыст, ён першы ў нашай літаратуры звярнуўся да жанру гістарычнага дэтэктыву. Думаю, калі запытацца ў любога чалавека, каго ён ведае з пісьменнікаў Беларусі, імя Уладзіміра Караткевіча абавязкова прагучыць у адказе.

Як расказала падчас гэтай сустрэчы ля помніка дырэктар ЦБС Віцебска Алена Багацёнак, кожная з 16 гарадскіх бібліятэк сёння мае ў наяўнасці кнігі Уладзіміра Караткевіча.

– Мы робім усё, каб падрымліваць цікавасць чытача да творчасці нашага знакамітага земляка. На дадзены момант набыты 17 выдадзенных кніг з 25-томніка, які рыхтуе выдавецтва “Мастацкая літаратура”. Гэта набытак для кожнай нашай бібліятэкі, — зазначыла Алена Леанідаўна.

А загадчыца гарадской бібліятэкі імя Уладзіміра Караткевіча Галіна Ражноўская на пытанне, які самы папулярны твор сёння ў чытачоў, адказала: “Здаецца, што карыстаюцца попытам усе творы – і дэтэктыўныя, і філасофскія. Раней часцей попыт быў на кнігі “Чорны замак Альшанскі”, “Дзікае паляванне караля Стаха”. Цяпер больш чытаюць “Каласы пад сярпом тваім”.

У гэтай бібліятэцы кожны год напярэдадні дня нараджэння пісьменніка праходзяць Дні літаратуры, прысвечаныя яго жыццю і творчасці. У праграме традыцыйна — літаратурна-музычныя вечарыны, краязнаўчыя гадзіны, агляды літаратуры, выставы, прызначаныя розным катэгорыям чытачоў. Шмат мерапрыемстваў тут адбылося і сёлета.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Наталля МАРТАВА. Фота аўтара.