Беларускi тэатр «Лялька» здзівіць гледачоў містычнай прэм’ерай

logo
Пятница, 13.09.2019 12:40 | Рубрика: Культура
04415

Сабака там круціць трайное сальта, Асёл жангліруе вялізнай гірай, Певень танцуе на дроце, а Чорны Кот паказвае свае дзівосныя фокусы. Беларускі тэатр «Лялька» 15 верасня адкрывае 34-ы тэатральны сезон музычнай казкай-фантазіяй па матывах твора братоў Грым «Брэменскія музыкі» і дыскатэкай (пачатак у 11.00).

У новым сезоне гледача чакаюць дзве прэм’еры, паведаміў на прэс-канферэнцыі мастацкі кіраўнік тэатра заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь Віктар Клімчук. Адна з іх – містычная, загадкавая пастаноўка Міхася Клімчука «Лялькі Ціма Тайлера, або Прададзены смех» – адбудзецца ў дзень адкрыцця сезона ў 17.00. Інсцэніроўку паводле фантастычнай аповесці Джэймса Круса, якая, дарэчы, уваходзіць у школьную праграму па літаратуры, зрабіла драматург, яна ж педагог-арганізатар тэатра Вольга Прусак. Гэта першая работа новага мастака тэатра Дзмітрыя Гаралевіча, дзе ён выступіў аўтарам сцэнаграфіі, лялек і касцюмаў. Перад паказам арганізатары запрашаюць на майстар-клас школы Tango Nuevo «Evolution».

Другі прэм’ерны спектакль «Мой вялікі маленькі дзядуля» пра чароўны свет дзяцінства будзе ставіць Віктар Клімчук. Гэта вынік супрацоўніцтва з Цэнтрам дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі ў Бараўлянах, маленькія пацыенты якога перадалі віцебскім лялечнікам свае малюнкі. Яны будуць выкарыстаны ў спектаклі. П’есу напісала Вольга Прусак паводле апавядання вядомага віцебскага пісьменніка, журналіста Сяргея Рублеўскага. Абодва новыя спектаклі звяртаюць увагу на важныя філасофскія і сацыяльныя пытанні і прызначаны для роздуму.

У пачатку верасня тэатр прыняў удзел у фестывалі «Кніжны шкап» у Брэсце з казкай «Жыў-быў Заяц», у канцы месяца павязе на «Чаепитие в Мытищах» спектакль «Казкі пра казку», гэтую ж пастаноўку пакажуць у Казані ў кастрычніку. А яшчэ віцебскія лялечнікі атрымалі запрашэнне ў Маскву на міжнародны славянскі форум мастацтваў «Золотой Витязь», які штогод прадстаўляе лепшыя спектаклі прафесійных драматычных, музычных і лялечных тэатраў. Прэзідэнтам форума з’яўляецца народны артыст Расіі Мікалай Бурляеў. Да ўдзелу намінаваная пастаноўка Віктара Клімчука «Мастак. Вяртанне ў Віцебск», прысвечаная Марку Шагалу. Галоўную ролю выконвае вядучы майстар сцэны Юрась Франкоў, які ў новым сезоне адзначыць свае 65-годдзе. Пастаноўка Віктара Клімчука ў Белгарадскім тэатры лялек «Грэшневая каша» – праніклівая гісторыя пра жыццё старых людзей – таксама намінавана да ўдзелу ў фестывалі. Праўда, невядома, ці адшукае “Лялька” да лістапада сродкі для паездкі на маскоўскі фестываль са спектаклем пра славутага віцебскага мастака.

Трупу тэатра ў гэтым годзе папоўнілі дзве новыя актрысы: Аляксандра Бурдзілоўская і Кацярына Абрамовіч – выпускніцы Віцебскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў. Абедзвюх чакаюць уводы ў рэпертуарныя спекталі.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Таццяна САЛАЎЁВА. Фота lialka.by