Натяжные потолки в Витебске. Заказать. Низкие цены

Лідар гурта «Этна-трыа «Троіца» Іван Кірчук правёў курс «Мова нанова-Віцебск» у арт-пабе «Торвальд»

Четверг, 31.01.2019 09:56 | Рубрика: Культура
0696

«Наша культура вельмі спеўная, маем 400 вясельных песень, 40 тамоў беларускай народнай творчасці, дзе пяць тамоў толькі пра вяселле — ні адзін народ гэтым не пахваліцца», — кажа Іван Кірчук, беларускі музыка, кампазітар, фалькларыст, пісьменнік, выкладчык, лідар гурта «Этна-трыа «Троіца»

Усіх студэнтаў курсаў «Мова нанова-Віцебск» у арт-пабе «Торвальд» нядаўна чакаў шыкоўны падарунак — выступ Івана Кірчука «Па старонках старадаўняга вяселля».

— Я ўдзячны лёсу за тое, што адной з першых рэканструкцый абрадаў святаў было менавіта віцебскае вяселле 1915 года, сцэнарый якога рыхтавалі ў Акадэміі навук, падбіралі тыя старадаўнія песні, што ўвашлі ў кампакт-дыск «Спадчына загінуўшых вёсак». Дарэчы, у гэтым годзе яму 20 гадоў, як і «Троіцы». Таму мне хацелася паказаць тыя песні, паразважаць трошкі пра абрады і святы, якія існуюць у нас, дзе нам навучыцца, ці можам мы так спяваць, як нашы бабулі, таму што на старадаўнім вяселлі гучала да 400 песень.

Якія песні мы спяваем разам з вамі? «Катюша», «Обручальное кольцо», а калі добра выпілі — «Подмосковные вечера». Мы не ведаем, на жаль, тых песень, якія былі абярэгам або музычнай малітвай, мантрай для нашых продкаў.

Іван Кірчук далей заспяваў песню пра тое, як калінка казала, што цвісці не будзе, ды вясной зацвіла, дзяўчына замуж не пойдзе, а як прыехаў хлопец, дык пайшла.

Цягам выступу Іван Іванавіч, чалавек цудоўнай энергетыкі, увесь час перасыпаў свае цікавыя аповеды шматлікімі песнямі — нібы пярлінамі з каштоўных пацерак.

УСЁ ПЕРАХОДЗІЦЬ ПРАЗ ПАКАЛЕННЕ

Іван Кірчук мае і акцёрскі талент. Уявіце: ён паказвае сцэнку, падрабляючыся пад кожнага персанажа — мімікай, інтанацыяй.

Сямейная рада, 1925 год, з тых матэрыялаў, якія дайшлі да нас.

Сядзяць бацька і маці.

— Ну што, баба, урэмя нам жаніць нашага сына? Дакуль ён будзе валачыцца? І ў хаце не памошнік, па начах цягаецца, а калі мы яго жэнім, глядзіш, двара будзе пільнаваць.

Баба:

Ну так, я таксама так думаю, ды ўсё гляджу на вас.

— Ну дык каго будзем сватаць? Можа, Рыгора дачку?

— Што ты! Паглядзі на яе матку — ласкатуха!..

І пачынаюць разбіраць матку, бо гэта ўсё прыйдзе ў сям’ю.

— Ну, давай тады там Зміцера дачку.

— Што ты, паглядзі на іх дзеда, той ідзець не дайдзець, можа, і на работу так...

Далей пачынаюць дзеда разбіраць, бо ўсё пераходзіць праз пакаленне, кажа Іван Кірчук. Мае дзяды рабілі музычныя інструменты — акардыёны, скрыпкі, пра што я даведаўся вельмі позна, таму ў маёй калекцыі, на жаль, няма ніводнага іхняга. Бацька — інжынер, бачыце, музыкі няма. Я хацеў быць мараком, ага! Ты будзеш рабіць тое, што патрэбна рабіць пасля дзядоў, — перакананы Іван Іванавіч. — Дзеці мае, колькі б я іх ні мучыў, ніколі не будуць музыкантамі, а ўнукі — будуць, як хочуць ці не. Таму што дзяды насілі борады, бацька — не, у мяне барада то доўгая, то кароткая, значыцца што? Ва ўнукаў зноў будзе барада.

І калі працягваць той расповед пра гэтую сямейную раду, то яны перабіралі ўсіх: бацькоў, дзядоў... Хваробы, таму што яны таксама пяройдуць. Потым бацька казаў так:

— Ну, ты ў сына там пыталася што?

— А што ён? Ён несмысль, нічога не ведае.

— Ну што, баба, палі свечку, пойдзем у сваты.

Зразумела, што ў старадаўнія часы ніякіх музычных інструментаў не было, працягвае Іван Іванавіч. Усё спявалася акапэла, без суправаджэння. Можа, таму сем’і былі такія моцныя, бо сёння, па афіцыйнай інфармацыі, на 100 шлюбаў — 60 скасаваных. Таму што не ведаем тыя традыцыі, па якіх нашы бабулі і дзядулі выходзілі замуж і жаніліся.

Але, як расказваюць бабулькі розныя ў экспедыцыях, на кожнае вясселейка ліхадзей знойдзецца, кожнае вяселлейка ліхадзей развесці можа. Што робіць? Бярэ волас удавы, волас удаўца, гуляшчай дзеўкі, звяжа ўсё ў месца, занясе ў балота і скажа: «Поп салучыў, а я разлучу. Поп з крастом, а я з хвастом» — і ўсё, няма вяселлейка. А то бывае яшчэ возьме гарохавы стручок, у якім дзевяць гарошын, і тайна падкладае яго ў воз і гаворыць: «Дзевяць гарошын, дзявятая — нявеста, не троньце, коні, ваза з месца». І коні стаяць, і аглоблі ламаюць. Праўда, колькі мы са студэнтамі ні шукалі, такі гарохавы стручок не знайшлі. Відаць, тут слова працуе.

Я адразу ўспамінаю другую бабулю, якая казала: «Унучок, не бойся, слухай, зараз навучу цябе замову, яна вельмі дапамагае. «Ой, варогі, варогі, да не пераходзьце дарогі, хай пяройдзе сам Госпадзь Бог, і з Юр’ем, і з Міколай, і з шчасцем, і з доляй. Ой, варогі, варогі, да не пераходзьце дарогі».

Ясна, што калі з’явіліся музычныя інструменты, то з імі пачалі выкарыстоўваць акампанемент тых песень, якія звязаны з абрадамі, напрыклад, з вяселлем. Звярталіся так: «О святы Кузьма-Дзям’ян, скуй нам свадзебку вечную, даўгавечную, ветры веюць не развеюць, дажджы мочуць не размочуць, сонца сушыць не рассушыць, а людзі судзяць не рассудзяць». Звярталіся і да бацькоў, і да Рода: «Ой, Родзе, Родзе, Родзе багаты, вы вярніце дзіцятка маё дахаты».

У свой час адна з першых маіх экспедыцый была ў Любанскі раён, вёску Сарачы, дзе Пелагея Міхайлаўна Шмялёва заспявала мне а дзясятай гадзіне раніцы і ў час ночы скончыла свае песні. Вельмі здзівіла мяне, калі сказала ў канцы, што гэта песні не яе, а яе маці. І мне адразу такі ком у горле, таму што я сваю маму запісаў за тры гады перад смерцю. І песні, якая яна памятала з дзяцінства, на жаль, не магла ўспомніць...

Быў я знаёмы з Генадзем Цітовічам, і я прыйшоў да яго папрасіць тых песень, якія ён запісваў. Адна з іх называлася «Ой, бору мой», потым мы яе зрабілі з «Троіцай». Гэта была адна тая песенька, якая знаходзілася ў зборніку Цітовіча, і зразумела, што можна было ўсе песні вывучыць, але на кожную патрэбен час, і чым складаней мелодыя, тым больш яго патрэбна. За мой час былі студэнты культасветвучылішча, там я працаваў 14 гадоў, 19 гадоў — у дзяржаўным педагагічным універсітэце, дзе выкладаў абрады і фальклор, і магу сказаць, што 3-4 гады хапае, каб трошкі пазнаёміцца са старадаўнімі спевамі. Каб вывучыць складаную палескую песню на галасы, трэба год аддаць. У 1988 годзе я запісаў гурт «Плытагоны» з Салігорскага раёна, і толькі праз 30 гадоў, у 2018-м, выйшаў дыск «Мужчынскія старадаўнія спевы». Увесь гэты час мы іх не чулі і не вывучалі. Таму мужчыны, якія спяваюць фальклорныя песні, бывае, што выконваюць іх у жаночай манеры, бо іншай не ведаюць. Раней, дарэчы, спевы былі выключна мужчынскія, але з цягам часу жанчыны нас з гэтай справы выперлі:)

ПАЯСКОМ СЯБЕ ЗАКРЫЛА...

Мая бабуля Кацярына, якая пражыла 96 гадоў, з-пад Гародні, працягвае І.Кірчук. Яна пакінула два вясельныя паясы, мужчынскі і жаночы. Распавядала мне, што кожная дзяўчына, якая збіралася замуж, павінна была мець такіх паясоў пад 50. Я думаў, нашто іх 50 — сабе і мужыку, дый хопіць. А яна казала так: прыехаў ты, напрыклад, у чужую вёсачку, пайшоў да калодзежа, завязаў паясочак на ім, пайшоў даіць кароўку — завязаў ёй на рог, прыйшоў у хату, свякрухі няма — за печку закінуў, таксама тут гаспадыняй буду. Яна расказвала, што кожнай сяброўцы зноў-такі даеш паясок. Калі хто ёсць замужам, адкрыйце фотаальбомы і паглядзіце на крывыя ўсмешкі сваіх сябровак, бо ў кожнай ёсць зайздрасць: ты выходзіш замуж, у цябе хлопец, ён прыгожы, а бацькі падаравалі машыну, хату… Дык вось, маладая ўсім раздавала паяскі, каб зноў-такі сяброўкі выйшлі замуж, а сама сябе гэтымі паяскамі закрыла — вось вам і той абярэг, пра які мы з вамі амаль нічога не ведаем.

Зусім нядаўна ў мяне была група студэнтаў з Мінскай вобласці, дык яны сказалі, што ў іх захаваўся такі звычай: калі загароджваюць маладых лаўкай, то не гарэлку ставяць, а адбіваюцца вясельнымі паясамі.

Грае песню «Ехалі сватове паўз гай зялёны, паўз сад вішнёвы…».

Сваты былі галоўныя персанажы на вяселлі, таму што яны даглядалі, як маладыя сядзяць, як хто п’е і есць, каб былі ўсё вясёлыя, смутку не месца было на вяселлі. Даведаўся ў экспедыцыях, што па аднаму ніхто ў сваты не хадзіў, гэта было непрыгожа.

…КАРАВАЙ РАШЧЫНІЛА

Абавязкова хочацца нагадаць пра вясельны хлеб. Гэта звычай, які пакуль застаўся ў нас, і тут ёсць шмат памылак, на якія варта зрабіць увагу.

Каравай павінна была рашчыняць хросная маці, яна павінна быць замужам і з дзеткамі. Хворая жанчына не павінна была і падыходзіць да каравая. Цёткі, якія дапамагалі старшай каравайніцы, павінны зноў жа быць замужнія, з дзецьмі. Лічылася, што толькі так перадаецца родавая сіла. Мясілі па сонцы, таму што калі мы ідзем па сонцы, то раздаем шчасце і дабро. Гэта ўжо ведзьміна кола ў іншы бок ідзе. Бывае, студэны жартуюць пасля лекцыі: «Ты гарбатку мяшаеш у які бок — як ведзьма ці як добры чалавек?»

Мясілі далонямі, каб нашы маладыя не біліся, адзін аднаго кахалі. Мала сыпалі солі: лічылася, што будуць плакаць. Больш дадавалі мёду ці цукру, каб ім салодкае жыццё было. Калі каравай вырастаў больш печкі, ламалі печку. Ён павінен быў быць цэлы, як і жыццё маладых. Дзялілі каравай цікава: падэшва аддавалася музыкантам, сярэдзіна — гасцям, а верх — маладым. І зусім нядаўна, калі мы размаўлялі са студэнтамі пра сімволіку каравая, адна дзяўчына сказала: «А мае бацькі не вельмі палюбілі майго хлопца, будучага мужа, і вырашылі зрабіць мяне галавой сям’і, на каравай паставілі аднаго вялікага лебедзя. У 30 год я ўдава». Паставілі б маленькага пеўнічка, глядзіш бы сямейка і дольш пражыла.

Дарэчы, раней за музыканта, млынара, пастуха і каваля не аддавалі замуж, лічылася, што не вельмі добры шлюб, бо, па-першае, увесь час занятыя сваёй справай, а па-другое, звязаныя з нячыстай сілай. Пра млынара не ведаю: мой дзед меў 14 дзяцей і млын.

«ЖАНІЦЬБА ГАРЭЛКІ», АБО ЧЫЯ КАРОЎКА МАЛОЧНЕЙ

Зараз пра гарэлку раскажу. Бабулі распавядалі мне, што ў старадаўнія часы маладыя нічога не елі і не пілі за сталом, сядзелі вочкі долу, а перад імі заўсёды ляжаў або адзін відэлец, або адна лыжачка, каб яны кожны са сваім не адышлі ў іншы бок. Кармілі маладых у клеці, каб ніхто не бачыў. Лічылася, што менавіта гэты час вельмі адказны. Вось былі хлопчык і дзяўчынка, кожны ў сваёй сям’і, якая іх аберагала, потым яны выраслі і робяць сваю сям’ю: тут яшчэ не адарваліся і тут карэньчыкі не пусцілі.

Калі я рабіў вяселле віцебскае, адзін з тых момантаў, які быў вельмі цікавы, — гэта абразанне касы. Лічылася, чым даўжэйшыя валасы, тым лепшая сувязь з родам, таму да нявесты да стала прыходзіў брат, браў драўляны нож і казаў жаніху: «Плаці за касу, або зараз абрэжу».

У старадаўнія часы не пілі ніякай гарэлкі. І адзін з момантаў ваш, віцебскі, можаце ганарыцца, называецца «Жаніцьба гарэлкі». Гэта калі з двух вёсак у начоўкі злівалі гарэлку з боку жаніха і нявесты, каб паглядзець, чыя кароўка малочней. Жарт жартам, але была на старадаўнім вяселлі адна драўляная лыжачка. І калі дзве лыжачкі даставалася за вяселле, лічылася, што яно самае багатае. А зараз па колькі бутэлек мы бярэм на брата, каб вяселле атрымалася? Яшчэ і маладым даем. Чаму? Ёсць такі артыкул «Кірчук кажа, што беларусы п’юць на вяселлі шмат гарэлкі, таму што не ведаюць, якія песні спяваць». Можа, і так. Ёсць адна з песень, вельмі жартоўная, у «Троіцы» «Ой, дайце мне, дайце сем чарак гарэлкі». Мне здаецца, што гэта жарт, але глядзіце: адну чарку дайце, каб я пасмялеў, павесялеў, пахмялеў, пап’янеў, п’яным стаў, паспяваў і паскакаў. На кожную чарачку была праца. А бабулькі больш смяяліся з тых п’яніц. Адна мне нават праспявала песню, можа, яна сучасная, але вельмі прыгожая: «Мікіта, не бі ты свіней, бо свінні не хужэ людзей, бо свінні гарэлкі ня п’юць, друг друг ніколі ня б’юць. Свіння навядзе парасят, яна іх гадуе сама, а бацька народзіць дзяцей і кідае іх на людзей. Мікіта, не бі ты свіней, бо свінні не хужэ людзей, ёсць бацькі пахужэ свіней, пад старасць шукаюць дзяцей».

Шкада людзей, таму што святы даўно скончыліся, тыя ж Каляды, а людзі ўсё яшчэ ў чарзе стаяць у краме па віно, піва, гарэлку. Гэта наша бяда. Мы не такія, як грузіны, армяне, малдаване. Дарэчы, мы былі на некалькіх фестывалях, калі прыносілі каністры па 60 літраў віна, за вечар яны могуць яго выпіць колькі глыткоў, разумеюць, што не трэба цэлую каністру піць, а беларусы кажуць: «Як? Яна ж тут стаіць…» Я чытаў, у Японіі дзве гадзіны вяселле доўжыцца, відаць, каб не напіліся.

Наша культура вельмі спеўная, маем 400 вясельных песень, 40 тамоў беларускай народнай творчасці, дзе пяць тамоў толькі пра вяселле — ні адзін народ гэтым не пахваліцца, наш фальклор прабірае і, мне здаецца, лечыць, калі слухаць уважліва. Дарэчы, у Маскве ў адным інстытуце нават за грошы лекуюць людзей, якія слухаюць нашы палескія песні і пішуць водгукі, як гэта ўсё добра.

Адказаў Іван Іванавіч і на некалькі пытанняў.

— Якія музычныя інструменты вы выкарыстоўвалі зараз і як іх набывалі? Які самы незвычайны?

— Я маю два музеі. Адзін этнаграфічны, улічваючы тры батлейкі, ёсць музей музыкальных інструментаў уласны, які знаходзіцца ў Мінску, у Інстытуце культуры. Адна акарына зроблена Любамірам Ёргам, выдатным майстрам, які, напрыклад, проста выносіў на сцэну вялікую рыбу, і ўсе думалі, што ж ён будзе рабіць, а ён зрываў маленькую лускавінку і на ёй граў цэлую мелодыю.

Ёсць адна дудка, зробленая з ножкі стала, Аляксандрам Блахіным з Ліды. Першая дудка, што з’явілася ў мяне, копыльская. Маю і варганы — музычныя інструменты, якія не толькі ў чукчаў, завецца па-беларуску дрымба, іх знаходзілі ў курганах XVI стагоддзя. Нядаўна ў мяне былі супрацоўнікі музея, сказалі, што ў іх ёсць дрымбы і XI стагоддзя.

Музей папаўняецца. Маюцца і экзатычныя рэчы: афрыканская джамба, з Малайзіі прывезлі нядаўна бамбукавы ксілафон. Ёсць у калекцыі і музычны інструмент, на якім я амаль ніколі не граю. Гэта костка воўка. І майстар, што зрабіў, казаў: «Калі зайграеш, прыйдуць ваўкі».

— Наконт песні «Ой, ехалі сватове…» — чаму сваты ў ёй паказаны нейкімі вандаламі, якія нешта ламаюць і б’юць?

— Ёсць інфармацыя, што ў нас, як і ў грузінаў, армянаў, дзяўчат таксама выкрадалі. Таму лічылася, што сваты, як цэлае войска, нападаюць і забіраюць роднае дзіцятка з хаты. Успамінаю адзін фрагмент з вяселля «Цыганы», што я бачыў, калі ў адзін з дзён у жаніха перапраналася жанчына, а ў нявесту — мужчына: яны сядалі за стол да маладых, бралі палена ці ляльку і казалі, што ў іх за ноч нарадзілася дзіця, а ў маладых няма. Ішоў торг за месца. Сам бачыў, як кралі курэй, посуд, адзін раз цяля піхалі ў аўтобус. Усё ім дазвалялася: прыехалі цыганы! Таму і ў песні, відаць, пакуль адзін ламаў чашачкі, другі адводзіў маладую замест цяля ў аўтобус.

— Як ставіцеся да так званага грамадзянскага шлюбу?

— Я з сям’і каталікоў, таму калі вырашыў жаніцца, бацькі сказалі, каб быў шлюб. Па-другое, мае адносіны такія, як старыя людзі гаварылі: «Давіся адным куском». Але ў нашых дзядоў былі іншыя традыцыі, час, і ён — галоўны суддзя. Можа, людзям, якія кахаюць, не патрэбны штамп у пашпарце, але малыя дзеткі павінны ведаць, ад каго яны, каб не пісалі, як у Галандыі, «яно», каб былі тата і мама — гэта вельмі важна.

— Вы ў інтэрв’ю расказвалі, што ваша сям’я была музычная…

— Так, цёткі і дзядзькі вельмі любілі спяваць, але паціху адыходзілі, і калі я пачаў запісваць, засталіся маці і хросная. Я іх запісваю, а яны плачуць, бо помняць, як разам, а іх было 14, спявалі…

Таму кожнаму трэба паехаць у сваю сям’ю, зрабіць экспедыцыю, даведацца пра дзядоў і бабуль — чым займаліся, хварэлі. Што да мяне: дзве бабуліных сястры былі манашкамі, адна памерла ў Амерыцы, дваюродны брат бацькі быў ксяндзом у Іерусаліме, зараз працуе ў Гданьску, яму 97 гадоў. Стрыечная сястра бабулі была кухаркай у пана, думаў, што посуд мыла, аж не — яна выпякала ёлку на Новы год у рост чалавека, там было дупло, а ўнутры марожанае, яго разразалі, вылятаў голуб. Ну тое якія яны цёмныя былі?

Я заўсёды кажу: «Мы з вамі будзем продкамі. Толькі якімі?» Калі можам пахваліцца, што яны нам пакінулі, трэба падумаць, што ж мы пакінем сваім дзецям і ўнукам.

Да слова. Сёлета Іван Кірчук не толькі адкрыў курсы «Мова нанова-Віцебск», але і распачаў новую традыцыю: сваім фотаздымкам адзначыў на мапе Беларусі месца, якое рэкамендуе наведаць усім.

— Узгадваючы Год малой радзімы, хачу сказаць, што музей мой, які вандраваў 19 гадоў ад Галандыі праз Германію, Польшчу, нарэшце даехаў да Радзімы, — падзяліўся Іван Іванавіч. — На жаль, ён не ў Лідзе, дзе я нарадзіўся, але за 20 кіламетраў ад Ліды ёсць вёска Дворышча. Там млын трохпавярховы, вельмі прыгожыя мясціны. На першым паверсе я паказваю монаспектакль «Дарожка мая», там жа ў этнаграфічным музеі знаходзяцца мае экспанаты, на другім — рыцарскія даспехі, кальчугі і мячы, а трэці будуецца пад канцэртную залу на 300 асоб — усё разам называецца «Вольны мельнік». Займаецца гэтым Генадзь Конан. Некаторыя там шлюбы ладзяць, можаце і вы.

Автор: Віталь ШЫЁНАК. Фота Наталлі ХАНДОБКІНАЙ і з архіва Івана КІРЧУКА.
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Обновить Защита от автоматических сообщений