20 і 24 красавіка ў Коласаўскім тэатры прэм’ера – камедыя Лопэ дэ Вега «Дурнічка» ў пастаноўцы Міхася Краснабаева

logo
Пятница, 13.04.2018 10:34 | Рубрика: Культура
02577

І зноў у Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Якуба Коласа прадбачыцца прэм’ера, якая не можа не заінтрыгаваць. У апошні час поспех новых пастановак коласаўцаў пачынаўся са смелага, часам рызыкоўнага выбару драматургічнага матэрыялу. Што і як будзе ў гэты раз?

Заслужаныя артысты Рэспублікі Беларусь Віктар Дашкевіч (у ролі Місэна) і Рыгор Шацько (у ролі Актаўё).

А ў гэты раз мастацкі кіраўнік Коласаўскага тэатра Міхась Краснабаеў ставіць камедыю Лопэ дэ Вега “Дурнічка”. На працягу аднаго сезона гэта ўжо другі зварот рэжысёра, пасля сямейнай драмы Максіма Горкага “Апошнія”, да сусветнай класікі. Той спектакль меў поспех. А як будзе ўспрымаць глядач стылізацыю пад эпоху позняга Рэнесансу ў Іспаніі?

Уладзіслаў Жураўлёў (Студэнт), Цімур Жусупаў (Лісэа).

Міхась Краснабаеў з’яўляецца прыхільнікам псіхалагічнага тэатра. Вось і жанр яго новай пастаноўкі пазначаны як лірычная камедыя: гледачу прапануюцца не проста вясёлыя карцінкі, а гісторыя, якая раскрывае вялікую сілу ўсепераможнага кахання. Такую п’есу сам рэжысёр называе камедыяй сапраўднай – яна дазваляе заняць акцёраў трох пакаленняў, і гэта таксама прыкмета Коласаўскага тэатра за апошні час: таленавітая моладзь, прыгожая знешне і ўнутрана, працуе на сцэне побач с майстрамі сярэдняга і старэйшага ўзросту.

Святлана Сухадолава (Фінэя).

У 1968 годзе коласаўцы ўжо ставілі “Дурнічку”. Галоўныя ролі выконвалі Тамара Шашкіна і Ніна Левашова (Фінея), Галіна Каралькова (Ніса), Уладзімір Куляшоў (Лаўрэнсьё). Праз паўстагоддзя гэта будзе, безумоўна, другая пастаноўка, для сучаснага гледача. Галоўныя партыі павядуць Юлія Крашэўская (Ніса) і Святлана Сухадолава (Фінэя), Цімур Жусупаў (Лісэа) і Арцём Герак (Лаўрэнсьё). Разам з імі на сцэну выйдуць заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Рыгор Шацько (Актаўё), Раман Салаўёў (Дуарда), Дзмітрый Каваленка (Феніса), заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Віктар Дашкевіч (Місэна), Святлана Жукоўская (Сэлья, служанка Нісы), Наталля Аладка (Клара, служанка Фінэі), Генадзь Гайдук (Турын, слуга Лісэа), Юрась Цвірка (Педра, слуга Лаўрэнсьё), Уладзіслаў Жураўлёў (Студэнт), заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Вячаслаў Грушоў (Настаўнік пісьменнасці), Георгій Лойка (Настаўнік танцаў), Ульяна Ацясава (Вулічная спявачка), Аляксандр Базук, Яўген Бераснеў, Арцём Блахін, Яўген Лук’янаў і Аляксей Стома (кабальера).

Юлія Крашэўская (Ніса), Цімур Жусупаў (Лісэа).

Міхась Краснабаеў застаецца верным свайму прынцыпу – падбіраць такі матэрыял, які дазваляе раскрыцца немалому патэнцыялу трупы. Нам абяцаюць касцюміраваную феерыю, насычаную гарачымі танцамі, эмацыйнымі песнямі, экспрэсіўным фламенка (мастак-пастаноўшчык – Святлана Макаранка, кампазітар – Руслан Стаброўскі, аўтар тэкстаў песень – Алесь Замкоўскі, харэаграфія Дзіяны Юрчанка).

Прэм’ера адбудзецца 20 і 24 красавіка. А затым віцябчане змогуць убачыць “Дурнічку” толькі падчас “Славянскага базару ў Віцебску”.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Віталій СЯНЬКОЎ. Фота Андрэя ЖЫГУРА.