Новая пастаноўка Міхася Краснабаева ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Якуба Коласа стала знамянальнай падзеяй у тэатральным жыцці Віцебска

logo
Среда, 29.11.2017 11:19 | Рубрика: Культура
04513

Амаль дзве гадзіны глядач з заміраннем сэрца ў незвычайнай цішыні сачыў за разгортваннем драматычных падзей на сцэне: напружана лавіў кожнае слова і кожны момант пастаноўкі. Нарэшце дачакаліся – спектакль “Апошнія” Максіма Горкага ў перакладзе Кузьмы Чорнага і пастаноўцы мастацкага кіраўніка Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра Міхася Краснабаева – выдатная неўміручая класіка. Тая, што ўжо сёння гучыць як выбух супярэчлівай рэчаіснасці, класіка, якую можна разбіраць на цытаты і падаваць як павучальны прыклад, спектакль, як моцная заява – перасцярога, прадказанне на будучыню. Менавіта такой пастаноўкі не хапала ў рэпертуары коласаўцаў, і яны яе рэалізавалі з поспехам і ўсёй энергіяй свайго невычарпальнага таленту.

Адметна, што прэм’ерны паказ адбыўся менавіта ў дзень нараджэння тэатра, 21 лістапада: сёлета нашаму Нацыянальнаму драматычнаму споўнілася 91 год. Гэта першая пастаноўка Міхася Краснабаева ў якасці мастацкага кіраўніка. Такім чынам коласаўцы ў чарговы раз заявілі пра сябе як тэатр, які моцна стаіць на фундаменце вечных каштоўнасцяў культуры і непахісна прытрымліваецца традыцый класічнай сістэмы тэатральнага мастацтва. Ужо гэтым самым новы спектакль “асуджаны” на поспех, бо глядач на самой справе стаміўся ад сучасных трэндаў “пераабліцоўкі” вядомых класічных твораў. Краснабаеў вельмі правільна зрабіў, выбраўшы п’есу “Апошнія” ў якасці класікі высокай пробы. Здаецца, рэжысёр разам з акцёрамі паспрабаалі прачытаць п’есу так, як бы яе прачытаў сам аўтар.

Так, Горкі – вялікі драматург. І важна, што акцёры вельмі ашчадна аднесліся да кожнага маналога, напісанага класікам. Яны захавалі дух, атмасферу твора, які быў створаны на пачатку ХХ стагоддзя. Падчас спектакля асабіста мне нават падавалася, што ў гэтай п’есе аўтар істотна наблізіўся да чэхаўскай драматургіі. Прыгадалася даўняя пастаноўка коласаўцаў “Вішнёвы сад”.

Дык пра што спектакль? Чаму ён вучыць і ці вучыць навогул? Сямейная драма – вельмі рэалістычная для любога часу. Бацькі і дзеці – даволі знаёмае супрацьстаянне. Любоў, здрада, адказнасць, распуста, дабро і зло – усё перамешана, усё мае месца ў сям’і – маленькай дзяржаве Івана Каламійцава (ролю бліскуча выконвае Георгій Лойка). Драматург Горкі, а следам і рэжысёр Краснабаеў выразна выпісваюць вобразы кожна з пяцёрых дзяцей Каламійцавых. Ганарлівыя і здольныя на падман і хабар Аляксандр (Уладзіслаў Жураўлёў) і Надзея (Вікторыя Шамардзіна), добрая, але пакутлівая з-за фізічнага недахопу Люба (Святлана Сухадолава), юныя праўдалюбы і шукальнікі справядлівасці Пётр (Раман Салаўёў) і Вера (Анастасія Рэўчанка). Малодшае пакаленне задае пытанне бацьку, ці добрасумленны ён чалавек? Чаму памылкі дарослых адлюстроўваюцца на лёсах дзяцей?

Спектакль праходзіць дынамічна і захоўвае інтрыгу да апошняй сцэны. Глядач с задавальненнем сочыць за цікавай гульнёй маладых акцёраў. Дарэчы, Яўген Лук’янаў нечакана паўстаў у вобразе Якава, сталага ўзросту хворага брата Івана Каламійцава і добра справіўся з даручанай роллю. Якаў – цэльная натура, адзіны з сям’і, хто змог за жыццё сабраць нейкі грашовы капітал. Але яму няма куды яго ўкладаць, дні Якава палічаныя, ён смяротна хворы. Затое і брат, і яго дзеці не саромяцца бясконца займаць грошы ў дзядзькі і, вядома ж, робяць гэта незваротна. Соф’я, жонка Івана і маці пецярых дзяцей у пачатку спектакля заўважае: іх (мае на ўвазе сваё акружэнне) нічога не хвалюе, акрамя грошаў. І як тут не правесці паралелі з сёняшнім днём!

Соф’я (Алена Шарэпчанка) – адзін з цэнтральных персанажаў. Яна паўстае як галоўны стрыжань, на якім трымаецца сумленне дамачадцаў. Роля Софьі, безумоўна, адна з найскладанейшых і прыцягальных адначасова. Мы бачым Софью не проста як заложніцу драматычных абставін, але і як чалавека, які павінен на сябе ўзяць усю адказнасць за грахі дзяцей, мужа, уласныя. Таму кульмінацыя драмы – апошнія словы гераіні, словы прабачэння, якія яна скіроўвае да сваіх дзяцей…

Пастаноўка, сапраўды, павучальная і пазнавальная для сучаснікаў. Яна дазваляе чалавеку паразважаць на тэму маральных каштоўнасцяў у жыцці і лёсе, праецыруе сітуацыю паводзін, калі чалавек спыняецца перад асабістым выбарам – зрабіць высакародны ўчынак, ісці супраць абставін ці ім паддацца. Таму смела можна адзначаць, што на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа з’явілася не проста новая сямейная драма, а драма сацыяльнага гучання. Словы, якія гучаць са сцэны, маюць жыватворчую моц, бездакорныя словы класічнай драматургіі ўмеюць патрапіць у самае сэрца.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Святлана ДЗЯДЗІНКІНА. Фота Наталлі Ярмолавай.