У Коласаўскім тэатры з нагоды адкрыцця 92-га сезона міністр культуры Барыс Святлоў уручыў узнагароды творчым работнікам калектыву

logo
Вторник, 19.09.2017 11:53 | Рубрика: Культура
02088

На ўрачыстым сходзе з нагоды адкрыцця новага, 92-га тэатральнага сезона ў прысутнасці ўсяго калектыву з рук міністра культуры Рэспублікі Беларусь Барыса Святлова атрымалі заслужаныя ўзнагароды наступныя творчыя работнікі Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа.

Нагрудны знак Міністэрства культуры «За ўклад у развіццё культуры Беларусі» быў уручаны заслужанай артыстцы Рэспублікі Беларусь Таццяне Ліхачовай. Двойчы прыемна было атрымаць узнагароду напярэдадні юбілейнай даты, якую актрыса адзначыць 24 верасня.

Ганаровай граматай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь былі ўзнагароджаны памочнік рэжысёра Святлана Дашкевіч і заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Рыгор Шацько. Гэтыя людзі добра вядомыя не толькі ў тэатры, але і ва ўсім горадзе. Святлана Мікалаеўна значную частку свайго жыцця прысвяціла самаадданай працы ў літаратурнай частцы. Яна вядомая як стваральніца гарадскога фестывалю «Школьны тэатр», арганізатар юбілейных вечароў, перакладчык на беларускую мову многіх п’ес, якія ў розныя гады упрыгожвалі афішу Коласаўскага тэатра. Рыгор Іванавіч вядомы не толькі як цудоўны артыст, за яго плячыма яшчэ шматгадовая праца на пасадзе дырэктара Коласаўскага тэатра.

Граматамі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь былі ўзнагароджаны вядучы майстар сцэны Юрась Цвірка, які таксама хутка адзначыць свой юбілей, і яго больш малады калега артыст Цімур Жусупаў.

Падзякі міністра культуры былі аб’яўлены артыстам тэатра Ульяне Ацясавай і Вікторыі Шамардзіной. Гэта маладыя і вельмі перспектыўныя актрысы, будучыня і надзея коласаўскай сцэны.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Юрый ІВАНОЎСКІ, літаратурны рэдактар тэатра імя Якуба Коласа, тэатразнаўца.