Навагоднім спектаклем парадаваў сваіх прыхільнікаў Беларускі тэатр «Лялька»

logo
Пятница, 13.01.2023 12:18 | Рубрика: Культура
02952

Як заўсёды, парадаваў сваіх прыхільнікаў навагоднім спектаклем Беларускі тэатр «Лялька». Гэта даўняя традыцыя віцебскіх лялечнікаў — рыхтаваць для дзяцей і дарослых цікавую святочную праграму, якую можна паглядзець напрыканцы адыходзячага і ў пачатку новага года.

У гэты раз была «Зімовая казка» на 1 дзею. Класічная гісторыя пра Дзеда Мароза, дзяўчынку добрую, працавітую і дзяўчынку лянівую і злую ў вобразе выключна лялек-марыянетак і маляўнічых дэкарацый набывае сваё асаблівае зачараванне. Вось ужо сапраўды ўтульны зімовы свет, дзе перамагае справядлівасць, пануе на сцэне «Лялькі».

А потым усе спусціліся ў фае і сталі сведкамі... клаўнады вышэйшага парадку. Што яшчэ можа абуджаць добрыя пачуцці з такой сілай, як няўдачлівы блазан са свістком? Брава, Вольга Лазебная! Брава, Сяргей Талкач! Вашы Мік і Шык былі непараўнальнымі. Вось хто галоўныя героі танцавальна-забаўляльнай праграмы «Распакоўка цудаў», падрыхтаванай Вольгай Маханьковай. З усёй павагай ставімся да Дзеда Мароза (Алег Рыхтэр) і Снягуркі (Аляксандра Бурдзілоўская): з гэтымі казачнымі персанажамі дзеткам было весела. Але Шык і Мік з іх свісткамі!.. Сапраўды акцёр-лялечнік — «універсальны салдат».




Віцябчанін Аляксандр Аляксееў не першы год у навагоднюю пару прыводзіць у тэатр унучку Лізу, якая пражывае разам з бацькамі ў Ленінградскай вобласці і прыязджае да дзядулі ў госці. Гэта ўжо стала сямейнай традыцыяй — хадзіць пад Новы год у Беларускі тэатр «Лялька».


© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Віталій СЯНЬКОЎ. Фота аўтара.