У гарадскім пасёлку Копысь Аршанскага раёна на базе Цэнтра народнай творчасці і раместваў адбыўся III Міжнародны пленэр народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.
Майстры з усіх рэгіёнаў Беларусі і Смаленскай вобласці прымалі ўдзел у творчым праекце, мэта якога – захаваць і папулярызаваць адзін з найбольш старажытных традыцыйных відаў рамёстваў – ганчарства.
Конкурс ”Гліна спявае“, які правадзіўся падчас пленэра, выявіў 15 пераможцаў у пяці намінацыях. Сярод тых, хто прадставіў лепшыя ўзоры з хатняй калекцыі ганчарных вырабаў, посуду, дэкаратыўнай пластыкі, цацак, а таксама плённа развівае ганчарныя традыцыі, – нашы землякі. Гэта Анатоль Сімановіч (Лепель), Валерый Зінкевіч (Браслаў), Арцём Фамін (Глыбокае) – 1 месца, Уладзімір Квашко (Сянно) – 2 месца, Алена Сухаварава (Копысь), Рыгор Станкевіч (Талочын), Алена Батарчук (Міёры) – 3 месца.
У межах пленэра праведзены семінар-практыкум ”Гісторыя і развіццё Віцебскай кафлі“, на якім выступіла дацэнт кафедры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і тэхнічнай графікі ВДУ імя П.М.Машэрава, член Беларускага саюза майстроў народнай творчасці Ірына Кавалёк, а таксама майстар-клас з прэзентацыяй праекта ”Віцебская маёліка. Роспіс па сырой эмалі“ члена Беларускага саюза мастакоў, майстра народных мастацкіх рамёстваў культурна-гістарычнага комплекса ”Залатое кола горада Віцебска ”Дзвіна“ Людмілы Кавальчук.
Яшчэ адзін унікальны майстар-клас ”Тэхналогія аплятання ганчарнага посуду берасцянымі стужкамі“ правёў мастак Браслаўскага раённага аб’яднання музеяў Валерый Зінкевіч.
На працягу чатырох дзён у Копысі адбывалася сапраўднае свята гліны і агню, майстры ўзялі для сябе шмат новага і цікавага па тэхналогіі апрацоўкі гліны. Пленэр стаў яшчэ адной прыступкай на шляху пазнання, захавання і развіцця ганчарства.
Пленэр і конкурс “Гліна спявае” былі арганізаваны Міністэрствам культуры Беларусі, упраўленнем культуры Віцебскага аблвыканкама, Аршанскім раённым выканаўчым камітэтам, Рэспубліканскім цэнтрам нацыянальных культур, Беларускім саюзам майстроў народнай творчасці і Віцебскім абласным метадычным цэнтрам народнай творчасці.
© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.