На працягу тыдня праходзілі мерапрыемствы, прысвечаныя Дню бібліятэк Беларусі. Найбольшую цікавасць чытачоў выклікала чарговая «Бібліяноч», якая прайшла ў цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя Максіма Горкага. Насычанае падзеямі мерапрыемства сабрала шмат аматараў кнігі. У залах бібліятэкі чытачоў чакалі незвычайныя прадстаўленні, кніжныя перфомансы, міні-канцэрты, выставы, інсталяцыі і іншае.
Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі гарвыканкама Наталля Шыянок перад пачаткам мерапрыемства павіншавала прысутных са святам і ўручыла кветкі ў знак павагі да прафесіі бібліятэкара дырэктару цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Віцебска Галіне Данілавай.
— У першую чаргу выказваю словы падзякі ўсім, хто спрычыніўся да арганізацыі гэтага свята. Увогуле хачу сказаць, што бібліятэка без вас, чытачоў, і кніг — гэта мёртвая ўстанова, проста сховішча кніг. Ужо чацвёрты год запар у дзень нашага прафесійнага свята мы сустракаемся з вамі і спадзяёмся, што гэты вечар падорыць вам шмат прыемных і незабыўных уражанняў, музыкальных, літаратурных сюрпрызаў і добры настрой, — адзначыла Галіна Георгіеўна і запрасіла ўсіх, хто сабраўся перад уваходам у бібліятэку, адзначыць свята разам.
Стала бібліятэчнай традыцыяй адкрываць якую-небудзь выставу. У гэтым годзе сваю экспазіцыю фларыстыкі, вышыўкі, выпадковай графікі прадставіла сямейная пара Анатоля і Людмілы Швед. У канферэнц-зале педагог дзіцячай школы мастацтваў №4 Аляксандр Аўчыннікаў парадаваў блюзам на саксафоне.
Цікавай была праграма і ў зале абанемента. Навучэнцы Віцебскага дзяржаўнага індустрыяльна-тэхналагічнага каледжа паказалі дэфіле ў калекцыі гістарычных касцюмаў «Тэатр моды»: спачатку яны прайшлі ў строях беларускай шляхты, а потым прадставілі касцюмы, на якіх былі адлюстраваны славутасці нашага горада.
Паміж паказамі стваралі музычную паўзу, іграючы на скрыпцы, саксафоне і флейце, удзельнікі вакальнай студыі «Крэда» пад кіраўніцтвам Яўгена Волкава. Тэатральны праект «Думкі. Маякоўскі» з імправізаванай сцэны ад студэнтаў Віцебскага каледжа культуры і мастацтваў настроіў чытачоў на роздум пра жыццёвы шлях і лёс Уладзіміра Маякоўскага.
Падчас свята прысутныя мелі магчымасць наведаць кнігасховішча, якое ў звычайныя дні для чытачоў недаступнае. Там былі арганізаваны цікавыя акцыі: можна было змераць свой рост у кнігах, вылечыцца ад жартоўных дыягназаў «захворванне бестселерам», «казачная ангіна» ў фітабары, які знаходзіўся побач.
У рамках бібліятэчнага праекта «Кнігі майго жыцця» адбылася сустрэча з гісторыкам, краязнаўцам Людмілай Хмяльніцкай. Яна расказала пра сваю любоў да кнігі, якую ёй з дзяцінства прывівала маці, і адзначыла, што менавіта бібліятэкі дапамаглі ёй атрымаць патрэбныя веды.
Скончылася мерапрыемства флэшмобам, дзе прысутныя запалілі бенгальскія агні, уключылі экраны гаджэтаў, якія сімвалізавалі сваю «зорку» ў «бібліягалактыцы».
© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.