«Доўгая дарога ад дома Янкі Маўра да дома Якуба Коласа» Праўнучка класікаў беларускай літаратуры расказала, як яны парадніліся

logo
Пятница, 09.06.2023 15:06 | Рубрика: Культура
02849
Класікі беларускай літаратуры Якуб Колас і Янка Маўр былі амаль равеснікамі. Летась Беларусь адзначала 140-годдзе з дня нараджэння Коласа, а сёлета, у маі, — Маўра. У творчасці пісьменнікі ішлі рознымі шляхамі, кожны з іх сказаў сваё слова ў літаратуры. А вось жыццёвыя сцежкі класікаў перапляліся, яны нават парадніліся.

Скрыжаванне лёсаў двух магутных постацей літаратуры стала тым падмуркам, на якім вырасла вялікая сям’я беларускіх інтэлігентаў. У кожным яе пакаленні шмат таленавітых людзей, выдатных прафесіяналаў у розных сферах. Але для многіх захаванне памяці сваіх вялікіх дзядоў і іх багатай спадчыны стала важнай справай у жыцці. Як для праўнучкі Якуба Коласа і Янкі Маўра Васіліны Міцкевіч, галоўнага захавальніка фондаў Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа ў Мінску.


З Васілінай Валер’еўнай мы сустрэліся ў Віцебску на выставе, прысвечанай 140-годдзю з дня нараджэння Янкі Маўра. На ёй экспанаваліся матэрыялы з фондаў Коласаўскага музея.
На фоне гэтых экспанатаў і адбылася наша размова, яна дазволіла ўбачыць людзей, якія стваралі беларускую культуру, без хрэстаматыйнага глянцу.

— Васіліна, як усё ж парадніліся два такія розныя пісьменнікi — аўтары «Новай зямлі» і «Палескіх рабінзонаў»?
— Гэта цікавая гісторыя, пра яе напісала мая бабуля Наталля Іванаўна Міцкевіч, малодшая дачка Янкі Маўра. Напісаць успаміны, якія выйшлі ў кнізе «Доўгая дарога ад дома Янкі Маўра да дома Якуба Коласа», маю бабулю заахвочваў мой дзед Міхась, малодшы сын Якуба Коласа. Працавалі над выданнем кнігі амаль усёй нашай сям’ёй. Пісьменнікі сустрэліся маладымі людзьмі ў 1906 годзе на нелегальным настаўніцкім з’ездзе ў Мікалаеўшчыне.

За ўдзел у ім абодва пацярпелі, былі пазбаўлены права працаваць настаўнікамі ў школе. Колас (Канстанцін Міцкевіч) і Маўр (Іван Фёдараў) падтрымлівалі сяброўскія адносіны і далей. Аднойчы, яшчэ да вайны, на навагоднім свяце ў Саюзе пісьменнікаў Янка Маўр паказаў сваёй дачцэ Наташы хлопчыка каля ялінкі і сказаў: «Бачыш, гэта Міхась, Коласаў сын. Мы з табой чыталі пра яго кніжку «Міхасёвы прыгоды». Тады маім бабулі і дзядулі было па шэсць гадоў.

Але ж пазнаёміліся яны пазней, ужо студэнтамі Маскоўскага авіяцыйнага інстытута. Гэта быў рэжымны аб’ект, а Наталля забыла пропуск дома, у Мінску. Маўр, ведаючы, што Міхась Міцкевіч толькі збіраецца ў Маскву, папрасіў перадаць пропуск дачцэ. Міхась знайшоў групу, дзе вучылася Наталля, і спытаў, хто Фёдарава. Насустрач выйшла дзяўчынка. Міхась нялоўка пажартаваў: «А на фота вы прыгажэйшая» — чым вельмі зачапіў яе. Потым яны пачалі сустракацца часцей, разам рыхтаваліся да іспытаў.

У 1946 годзе вырашылі ажаніцца. Але як сказаць бацькам? Дзед любіў розыгрышы, жарты і прапанаваў Наталлі: «Ты патэлефануеш свайму бацьку і скажаш, што сын Коласа жаніўся, а я свайму скажу, што дачка Маўра выйшла замуж». Так і зрабілі. Колас вельмі спакойна ўспрыняў вестку, а Маўр праявіў цікаўнасць, стаў дапытвацца, што ды як. Ну Наталля і прызналася, што выйшла за Міхася. Маўр і Колас павіншавалі адзін аднаго, але на пытанне Маўра, што будзем рабіць з дзецьмі, здзіўлены Колас адказаў: «Твая дачка, ты і думай». Маўр пакрыўдзіўся. Потым усё стала на сваё месца. Калі Колас зразумеў, як разыграў яго сын, адкрылі яны з Маўрам бутэльку, адзначылі падзею. Вось так і сталі родзічамі. Праз дзяцей.

Дачка «жартаўнікоў» — мая маці Марыя Міхайлаўна Міцкевіч. Дарэчы, у нашай сям’і захоўваецца традыцыя: жанчыны бяруць прозвішча Міцкевіч.

— А што яшчэ ў сямейных традыцыях?
— Амаль у кожным пакаленні ёсць настаўнік. Гэта ідзе ад Маўра і Коласа, бо першы выкладаў гісторыю і геаграфію, а другі — беларускую мову. Мая бабуля Наталля таксама была педагогам, шмат гадоў выкладала ў Беларускім політэхнічным інстытуце. Яе сын, мой дзядзька, Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч (дарэчы, поўны цёзка Якуба Коласа) выкладае беларускую мову ў БНТУ. Мая маці Марыя Міхайлаўна выкладала вышэйшую матэматыку ў розных навучальных установах. Я таксама не парушыла гэтай традыцыі, некаторы час выкладала сацыялогію ў БДУ.

— Пытанне сацыёлагу. Ці даводзілася вам праводзіць даследаванні наконт актуальнасці і папулярнасці твораў Коласа і Маўра сёння?
— Не. Але добра ведаю, наколькі папулярныя творы Якуба Коласа, яго вершы, паэмы, апавяданні, казкі жыцця. У гэтым годзе святкуем 100-годдзе выхаду ў друку знакавай для гісторыі беларускай літаратуры кнігі — паэмы «Новая зямля». Гэта дата не застаецца без увагі, у Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа запланавана некалькі выставачных праектаў.

Што тычыцца Янкі Маўра, дык падчас нядаўняга «круглага стала», што адбыўся ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры, я даведалася, што, паводле апытанняў сярод школьнікаў, пачынальнік беларускай літаратуры для дзяцей і юнакоў уваходзіць у чацвёрку самых папулярных дзіцячых пісьменнікаў.

Сама бачу рэакцыю дачок, якім 9 і 6 гадоў, на яго кнігі. З задавальненнем чытаем творы Янкі Маўра «Багіра», «Бунт звяроў», «Слёзы Тубі» і іншыя. Разам плакалі над горкім лёсам Тубі, захапляліся здольнасцямі чорнай коткі Багіры…

— Васіліна, а вашай першай была кніжка якога з прадзедаў?
— Гэта былі «Міхасёвы прыгоды» Якуба Коласа. Чытала з цікавасцю, бо кніжка распавядала пра дзіцячыя гады майго дзядулі. Міхась Канстанцінавіч быў доктарам тэхнічных навук, больш за 50 гадоў працаваў у фізіка-тэхнічным інстытуце Акадэміі навук Беларусі, але ў душы заставаўся вясёлым хлопчыкам-жартаўніком, такім, як трапна апісаў яго бацька.

Я вельмі рада, што мой дзед пакінуў кнігу ўспамінаў «Пад бацькоўскім дахам», напісаў шмат артыкулаў пра Якуба Коласа і Янку Маўра. У сталым узросце пачынаеш разумець, наколькі важна ведаць гісторыю свайго роду, спадчына дзеда мне вельмі ў гэтым дапамагае.

— Старэйшы сын Якуба Коласа Данііл Міцкевіч быў першым дырэктарам Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея, у ім навуковым кансультантам таксама працаваў ваш дзед Міхась, сюды прыйшлі і вы… Атрымліваецца, што захаванне спадчыны вялікіх пісьменнікаў — сямейная справа?
— Ніколі не думала, што звяжу сваё жыццё з музейнай справай. А калі прапанавалі папрацаваць экскурсаводам у музеі Коласа, падумала, чаму б і не? Гэта добрая магчымасць больш даведацца пра жыццё майго прадзеда. З цягам часу прызначылі на пасаду галоўнага захавальніка фондаў. Працаваць у фондах музея неверагодна цікава, кожны дакумент, рукапіс, фотаздымак мае сваю гісторыю, распавядае пра далёкія старонкі мінулага.

У рукапісным фондзе сталічнага музея песняра захоўваецца перапіска Якуба Коласа і Янкі Маўра часоў Вялікай Айчыннай вайны. Складана перадаць, што адчувала, калі трымала гэтыя лісты. Чытаеш пра іх мары і перажыванні — нібыта размаўляеш праз час з прадзедамі. З ліставання можна даведацца пра жыццё Якуба Коласа і Янкі Маўра ў гады ваеннага ліхалецця.

Колас знаходзіўся ў эвакуацыі ў Ташкенце, Маўр — у Алма-Аце. Складанасцей было шмат. Так, Маўр не мог уладкавацца на працу, у свае 58 гадоў ён падзарабляў у масоўках у кіно, каб атрымаць хоць якія грошы. Маўр пісаў Коласу, што дачку Наталлю выключаюць са школы, таму што няма чым плаціць за навучанне. І Колас даслаў сябру-пісьменніку грошы.

Дарэчы, некаторыя лісты ваеннага часу экспанаваліся на выставе ў Віцебску, і гэта быў першы іх паказ за межамі Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа.

Фонды музея Якуба Коласа дазваляюць рабіць шмат цікавых праектаў, дзякуючы якім можна ўбачыць Якуба Коласа і Янку Маўра не толькі як славутых пісьменнікаў-творцаў, але і як простых людзей, якія любілі сваю краіну, яе прыроду, былі клапатлівымі бацькамі…

З працай у музеі прыйшло разуменне, што захоўваю не толькі гісторыка-культурныя каштоўнасці, але і сваю, сямейную спадчыну.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Гутарыла Наталія КРУПІЦА. Фота аўтара.