Даведаліся, чым здзівяць аматараў кніг у сталіцы Дня пісьменства

logo
Вторник, 29.08.2023 10:53 | Рубрика: Культура
01686

Беларускія кнігавыдаўцы расказалі пра падрыхтоўку да ХХХ Дня беларускага пісьменства на прэс­-канферэнцыі, якая адбылася ў Доме прэсы ў Мінску. За яе прамой трансляцыяй мы з цікавасцю назіралі на YouTube­-канале. 

Дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура» Алесь Бадак адзначыў, што ў час святкавання Дня беларускага пісьменства добрай традыцыяй стала прэзентаваць кнігі класікаў­юбіляраў. Так, у 2021 годзе «Мастацкая літаратура» прадставіла новыя выданні кніг Івана Шамякіна, летась — Янкі Брыля і Максіма Танка. Сёлета спаўняецца 140 гадоў з дня нараджэння Янкі Маўра, яго выдатныя творы ў новым выданні чытачы таксама змогуць убачыць на Дні беларускага пісьменства. Побач з Янкам Маўрам часта ставяць імя народнага пісьменніка Беларусі Якуба Коласа: вядома, што дачка Маўра і сын Коласа пабраліся шлюбам. Іх нашчадкаў — унукаў і праўнукаў — чакаюць у Гарадку на Дзень беларускага пісьменства. У гэтым годзе, дарэчы, спаўняецца 90 гадоў з даты завяршэння Якубам Коласам паэмы «Новая зямля» — шэдэўра беларускай літаратуры. Гэтае выданне таксама цікава будзе пабачыць пад новай вокладкай.

Дырэктар выдавецтва «Беларусь» Вікторыя Філіпкова расказала, што да Дня беларускага пісьменства заўсёды рыхтуюць выданні кніг, звязанных з мясцовасцю, дзе праводзіцца нацыянальнае свята. Выдавецтва «Беларусь» падрыхтавала яркі каляровы фотаальбом «Гарадоцкі край» пра маляўнічыя мясціны Гарадоччыны з іх апісаннем на беларускай, рускай і англійскай мовах. Прэзентацыя фотаальбома адбудзецца 2 верасня. У іншых выдавецтвах таксама пабачылі свет прысвечаныя гарадоцкай зямлі кнігі. Якія — чытачы змогуць даведацца на Дні беларускага пісьменства.

Генеральны дырэктар выдавецтва «Белкніга» Уладзімір Матусевіч адзначыў, што на кніжнай выставе ў сталіцы Дня беларускага пісьменства можна будзе знайсці кнігі на любы густ: гістарычныя, краязнаўчыя, дзіцячыя, вучэбна­метадычныя, навуковыя, сучасных аўтараў і класікаў літаратуры. А таксама публіцыстычную літаратуру ў рамках новага праекта «Бацькаўшчына. У пошуках страчанага», які рэалізуе Міністэрства інфармацыі, Саюз пісьменнікаў Беларусі, «Белкніга» і выдавецкі дом «Звязда».

У Гарадку адбудзецца ўзнагароджанне пераможцаў дзіцячага конкурсу «Жывая класіка». Гэты конкурс дае моладзі кірунак творчага развіцця: не толькі яго пераможцы, але і многія ўдзельнікі становяцца потым студэнтамі Акадэміі мастацтваў, паступаюць на факультэт журналістыкі, так ці інакш звязваюць сваё жыццё з беларускім словам.

Вялікай дэлегацыяй (не толькі пісьменнікі і паэты) прыбудуць у Гарадок прадстаўнікі Брэсцкай вобласці, і нездарма: у наступным годзе сталіцай Дня беларускага пісьменства стануць Івацэвічы — горад на Брэстчыне.  

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Кацярына ПУЧКОВА.