Таленавіты жывапісец, майстар фарбаў і пэндзля Алег Кірушкін прадставіў у Мастацкім музеі ў Віцебску жывапісныя і графічныя творы, прысвечаныя малой радзіме.
Малая радзіма – нам Богам дадзены рай і душа, а краіна – сэрца, падкрэсліў аўтар. Зыходзячы з гэтай думкі, мастак і пачынае ствараць свае палотны, перадаючы не толькі фактуру, фарбы, але і тое, што кранае, будзь то каханне, дзіцячыя сны, ці асалода ад працы.
– Люблю сваю краіну, блакітнавокую Беларусь, і людзей, якія працуюць на гэтай зямлі. Пяшчотна кахаю сваю жанчыну, – адзначыў аўтар. – Усё гэта можна ўбачыць у маіх творчых працах.
І гэта, безумоўна, чыстая праўда, бо, калі глядзіш на палотны, у памяці ўсплываюць любыя сэрцу моманты з дзяцінства.
Безліч рознажанравых карцін аб’яднаны выключным бачаннем дэталяў вобразаў, якія знойдуць водгук у душы кожнага з нас. Мастак шчыра падзяліўся сваім самым патаемным, адзначыў загадчык музея Аляксандр Багацёнак.
Алега Кірушкіна можна з упэўненасцю назваць Беларусам з вялікай літары, бо яго любоў да свайго роднага краю выяўляецца не толькі творча, але і рэчыўна. Доказам гэтага з’яўляецца яго дабрачынны праект «З верай у будучыню» па пасадцы парка каля ракі Лучоса ў Віцебску.
На адкрыцці выставы прысутнічалі дарагія творцу людзі, сярод якіх былі яго родныя і блізкія сябры, а таксама сапраўдныя аматары мастацтва, анднадумцы майстра.
Сваю любоў да мастацтва Алег Кірушкін перадаў сыну Цімуру. На выставе былі прадстаўлены і яго работы ў стылях сюрэалізму, са зліццём жанраў.
© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.