17 марта 1597 года король и великий князь Жигимонт Ваза наделил Витебск Магдебургским правом

logo
Пятница, 18.03.2016 16:21 | Рубрика: Культура
05060
IMG_060417 сакавіка 1597 года кароль і вялікі князь Жыгімонт Ваза надзяліў Віцебск Магдэбургскім правам, і горад набыў афіцыйны герб.

Упершыню вызначальная  падзея  атрымала шырокае святкаванне праз шэраг асветніцка-забаўляльных мерапрыемстваў, накіраваных на папулярызацыю гістарычнай спадчыны. Арганізатарамі арыгінальнага праекта «Магдэбургскі Віцебск» выступілі аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі гарвыканкама, Цэнтр культуры «Віцебск» і абласны краязнаўчы музей.

— Ініцыятарам святкавання гістарычнай даты стаў кіраўнік народнага клуба гістарычнай рэканструкцыі «Варгенторн» Сяргей Бабенка, — паведаміў адзін з удзельнікаў праекта, гісторык і краязнаўца Уладзімір Булаўскі — Улада падтрымала ідэю. Спадзяёмся, што «Магдэбургскі Віцебск» стане традыцыйным мерапрыемствам у культурна-асветніцкай прасторы горада. У яго рамках плануецца правядзенне ўлетку адкрытых лекцый па тэме гарадскога самакіравання мінулых часоў, «круглыя сталы» з удзелам навукоўцаў, а таксама конкурс сярод дызайнераў на самую крэатыўную адаптацыю сімволікі Віцебска для стварэння сувенірнай прадукцыі.

Святкаванне пачалося з адкрытай лекцыі «Магдэбургскае права ў Беларусі» ў абласным краязнаўчым музеі. Затым віцебскі краязнаўца Мікалай Півавар прапанаваў гасцям ажыццявіць экскурсію па цэнтры горада, падчас якой госці даведаліся пра цікавыя факты.

DSCF6261— Віцебск атрымаў Магдэбургскае права толькі ў 1597 годзе, калі большасць буйных гарадоў Вялікага Княства Літоўскага працяглы час карысталася яго нормамі, — распавёў краязнаўца. — І гэты факт у многіх выклікае здзіўленне. Аднак вядома, што ў ХVI cтагоддзі ў Віцебску склалася і функцыянавала ўласная арыгінальная мадэль мейскага права. Галоўная мэта — уніфікаваць сістэму кіравання ў гарадах і тым самым згладзіць канфлікт паміж мяшчанамі коннымі і паспалітымі. Мела свой інтарэс і дзяржава: па-першае, прасцей ажыццяўляць збор падаткаў, па-другое, фартыфікацыі павінны былі ўтрымлівацца за кошт гараджан, а не казны. У Віцебску было чатыры замкі, на рамонт якіх патрэбна было выдаткоўваць значныя сродкі. Безумоўна, прывілея садзейнічала эканамічнаму развіццю горада, даючы мажлівасць кемлівым гараджанам праявіць дзелавую жылку, бо горад атрымліваў права на кірмаш, а купцы маглі не плаціць мыта ад продажу тавара.

З наданнем Магдэбургскага права ў горадзе з’явіўся герб з пагруднай выявай Ісуса Хрыста ў блакітным полі, пад якой — чырвоны меч.

DSCF6294— Чаму менавіта Хрыстос Збавіцель стаў цэнтральнай фігурай сімволікі горада? — прагучала пытанне з аўдыторыі.

— Гэта распаўсюджаны, старажытны сімвал на той час, вядомы яшчэ да надання Магдэбургскага права, — адказаў Мікалай Півавар. — Яго мела і Віцебская харугва. Але з’явіўся ён пазней. Раней яе сімвалам быў белы вершнік на зялёным полі. Менавіта пад ім віцебскія ваяры прымалі ўдзел у вызначальнай для ўсёй Еўропы бітве з крыжакамі пад Грунвальдам.

Прэцэдэнтным у гісторыі горада і краіны стаў факт, калі Віцебск быў пазбаўлены Магдэбургскага права ў 1623 годзе за ўдзел гараджан у паўстанні, пад час якога быў забіты ўніяцкі архіепіскап Іязафат Кунцэвіч. Аднак у 1644 годзе кароль Уладзіслаў IV вярнуў прывілею гараджанам за мужнасць, праяўленую ў баях з Масковіяй. Пра гэтыя і іншыя факты даведаліся ўдзельнікі мерапрыемства.

DSCF6257Шэраг цікавых культурных імпрэз у рамках праекта былі прадстаўлены 18 сакавіка ў канцэртнай зале «Віцебск». Акунуцца ў атмасферу культуры і быта ХVI стагоддзя гараджанам дапамагла прэзентацыя праекта «Віцебская харугва» народнага клуба гістарычнай рэканструкцыі «Варгенторн», пасля якой аўтэнтычны гурт «Стары Ольса» запрасіў гасцей на сярэдневяковую дыскатэку.

Андрэй ЗАХАРАЎ. Фото аўтара.

 

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.