У рамках Года культуры ў Віцебскім абласным краязнаўчым музеі прайшло адкрыццё выставы «Узнагароды краін свету» з фондаў Тракайскага гістарычнага музея (Літва). У экспазіцыі прадстаўлена больш за 120 ордэнаў і медалёў розных краін свету, якія адлюстроўваюць традыцыі стварэння сімвалаў за заслугі перад Айчынай і народам.
Наведвальнікі выставы змогуць убачыць нямецкія і савецкія ўзнагароды часоў Другой Сусветнай вайны, рэдкія медалі і ордэны Рэчы Паспалітай, Расійскай імперыі і ЗША. Напрыклад, ваенны медаль «Пурпурнае сэрца», адну з самых дарагіх узнагарод свету дацкі ордэн Слана і іншае. Асноўную частку выставы складаюць старыя і новыя дзяржаўныя ўзнагароды Літвы.
Дырэктар Тракайскага гістарычнага музея Віргіліюс Павілюнас адзначыў, што калекцыя знаёміць з узнагародамі шматлікіх дзяржаў з XIX па XXI стагоддзе, большасць якіх набылі ў калекцыянераў.
Начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама Генадзь Ягораў на вернісажы адзначыў:
– Адметна тое, што выстава праходзіць у Год культуры і з’яўляецца чарговай з прыбалтыйскай краіны: нядаўна адкрывалі экспазіцыю графікі эстонскіх мастакоў. Гэта несумненна спрыяе наладжванню добрасуседскіх адносін і лішні раз падкрэслівае, што мастацтва і культура не маюць межаў.
Перасовачная выстава арганізавана пры падтрымцы пасольства Літоўскай Рэспублікі ў Беларусі і міністэрства культуры дзяржавы-суседкі. Віцебск стаў пятым горадам нашай краіны, у якой яна экспануецца. Выстава будзе працаваць да 26 кастрычніка.© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.