Memento mori па-беларуску. Больш за дзесяць гадоў Ірына Сарокіна займаецца даследаваннем пахавальных абрадаў у беларускай народнай культуры

logo
Четверг, 13.12.2018 13:36 | Рубрика: Год народного единства
01708

Нядаўна малады навуковец выпусціла ў свет кнігу «Феномен адыходу з жыцця ў традыцыйнай культуры беларусаў XIX – пачатку XXI стагоддзяў», дзе на матэрыяле песняў, рытуалаў і звычаяў, сабраных падчас этнаграфічных экспедыцый, апісвае, як мяняліся адносіны беларусаў да смерці на працягу двух стагоддзяў. Хутка Ірына Сарокіна будзе абараняць дысертацыю на суісканне вучонай ступені кандыдата гістарычных навук. Сваю работу этнограф прысвяціла Году малой радзімы.

– Чаму менавіта гэтая тэма? Дзе і як збіралі матэрыял?

– Гэтай тэмай пачала займацца яшчэ студэнткай Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта. Цікава, што ніхто з сучасных маладых навукоўцаў, акрамя мяне, не рызыкнуў яе даследаваць. Каштоўныя матэрыялы па дадзенай тэме збіраліся і падчас спецыяльных штогадовых этнаграфічных экспедыцый, арганізаваных універсітэтам, і самастойнымі намаганням. За 10 гадоў я апытала некалькi соцен чалавек з розных рэгіёнаў Беларусі.

– Праўда, што нашы продкі маглі прадказваць смерць, хваробы?

– Сапраўды, гэта так. Нашы продкі вельмі пільна сачылі за прыроднымі з’явамі і навакольным светам, за нетрадыцыйнымі паводзінамі жывёл і птушак. Лічылася, што трагічным падзеям, няшчасцям і хваробам папярэднічалі адпаведныя адмоўныя прароцкія сны, прыкметы і павер’і. У выніку даследчай дзейнасці я вылучыла шэраг прыкмет і павер’яў. Сярод іх разбіванне люстэрка, страта нацельнага крыжа, падзенне абразоў з бажніцы (у сельскай мясцовасці), пранікненне птушкі праз акно ў хату, альбо неаднаразовы стук у шкло ці кут хаты, працяглае выццё сабакі ці незвычайныя яе паводзіны. Адзначу, што беларусы вельмі насцярожана ставяцца да сноў, у якіх з’яўляюцца памерлыя, што імкнуцца ўцягнуць жывых да сябе. Гэта звычайна прарочыла смерць таму, хто ішоў за памерлымі. Другі сюжэт сноў, найбольш распаўсюджаны і ўстойлівы, які паведамляе пра смерць, – выпадзенне зубоў з крывёй альбо без яе. Небяспечныя і трагічныя сны звязаныя з зямлёю: правальванне альбо знікненне ў яме, пасадка градак, выкопванне бульбы і іншае. Дрэнна бачыць у сне сваё вяселле і шлюбную вопратку, атрыманне альбо будаўніцтва новай хаты.

– Як адносіліся да трагічнай смерці ў маладым узросце?

– Несвоечасовасць пераломнай падзеі ў жыцці была непажаданай, адхіленнем ад нормы, асабліва, калі гэта тычылася моладзі дашлюбнага ўзросту. Нашы продкі лічылі, што кожны чалавек павінен прайсці наступныя этапы: нараджэнне – вяселле – смерць. Для кожнай падзеі вызначаны свой час, таму для незамужніх абавязкова праводзілася вяселле-пахаванне (як і зараз), каб яны ў замагільным свеце былі ў пары і змаглі існаваць у супакоі. Традыцыя пахавання моладзі ў шлюбным убранні практыкуецца ў ХХІ стагоддзі, акрамя самагубцаў, якія пазбаўляюцца сімвалічных дзеянняў.

– А што рабілі родныя хворага, які вось-вось адыйдзе ў іншы свет?

– Беларусы імкнуліся ў апошнія хвіліны быць разам з паміраючым, развітваліся і прасілі ў яго прабачэння. Для аблягчэння агоніі хвораму давалі ў руку грамнічную свечку альбо тройчы абносілі вакол яго, маглі абкурваць асвячонымі ў царкве зёлкамі, перакладвалі на падлогу. Калі хворы вельмі цяжка паміраў, было прынята адчыняць дзверы, вокны, юшку ў печы, а ў некаторых выпадках уздзіралі столь альбо вынімалі пару дошак у столі, каб душа лягчэй пакінула цела.

– Пэўна, вы сустракалі людзей, якія сцвярджаюць, што бачылі смерць… Як яе апісваюць?

– Большая частка міфалагічных апісанняў вобразу смерці датычыцца матэрыялаў ХІХ – першай паловы ХХ стагоддзяў. Смерць звычайна з’яўлялася ў жаночым выглядзе: альбо прыгожай маладухай у белай ці чорнай вопратцы, альбо, наадварот, пачварнай, страшэннай старой, крывой ці касой. Адзінае, што аб’ядноўвае гэтыя апісанні, наяўнасць сімвалічнай зброі – касы. У ХХІ стагоддзі вобраз смерці складваецца пад уплывам тэлеінфармацыі, Інтэрнэта, твораў мастацтва і рэлігійных уплываў. Па сучасных дадзеных, смерць беларусы ўспрымаюць як фізіялагічны працэс, смерць мозга альбо з рэлігійнай пазіцыі, як пакіданне душой матэрыяльнага цела.

– Якія спосабы выкарыстоўвалі нашы продкі, каб адагнаць смерць ад дома?

– Беларусы гаварылі, што ад гэтай з’явы не пазбавішся і не схаваешся, што наканавана, тое і будзе. А калі смерць прыходзіць за ахвярай, то яе і забярэ. Адзінае, што магчыма было выкарыстоўваць – рэчы-абярэгі (нож, серп, мятла), асвячоныя прадметы (свечка, вярба, абраз), каб адагнаць небяспеку альбо супрацьстаяць нячыстай сіле.

– Як успрымаецца гэта з’ява ў сучасным грамадстве?

– Адносіны да смерці ў прадстаўнікоў беларускага этнасу супярэчлівыя. Як і большасць даследчыкаў, я згодна з тым, што ў ХХІ стагоддзі актуальна ідэя “маўчання смерці”: большая частка людзей не жадае размаўляць аб смерці, а калі ўсё ж і падтрымлівае размову, то імкнецца хутчэй абыйсці яе. З іншага погляду, чалавек псіхалагічна прыстасоўваецца да смерці з кожным новым выпадкам страты роднага ці знаёмага ў сваім акружэнні. Аднак жах перад усім патаемным і невядомым накладае адбітак у лёсе кожнага без выключэння.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Ірына АЗЕВІЧ.