Статус гісторыка-культурнай каштоўнасці нададзены нематэрыяльнаму праяўленню творчасці чалавека “Інсітнае (наіўнае) мастацтва Віцебшчыны”

logo
Четверг, 13.02.2020 14:34 | Рубрика: Год народного единства
03305

12 лютага, у Мінску адбылося пасяджэнне Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны, па выніках якой быў нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці нематэрыяльнаму праяўленню творчасці чалавека “Інсітнае (наіўнае) мастацтва Віцебшчыны”. У пасяджэнні прыняла ўдзел і творчая дэлегацыя Віцебскай вобласці.

Як паведаміла вядучы метадыст абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці, кандыдат мастацтвазнаўства Людміла Вакар, дадзены элемент з’яўляецца вызначальным складальнікам мастацкай культуры рэгіёна, мае глыбокія народныя карані і ўвасабляе гістарычнае і паўсядзённае жыццё народа праз жывапісна-пластычную форму выказвання.

Узнікненню інсітнага (наіўнага) мастацтва ў Віцебскай вобласці спрыялі багатыя традыцыі цэхавага рамяства, якое паспяхова развівалася на працягу XVII – пачатку XX стагоддзяў і ў першай палове ХХ стагоддзя набыла формы індывідуальнай творчасці. Навыкі былых маляроў былі скарыстаны Маркам Шагалам у афармленні горада падчас рэвалюцыйных святаў. Далей народныя творцы развіваліся ў межах мастацкай самадзейнасці савецкага часу і народнай вясковай культуры. У сусветнай мастацкай практыцы ўпершыню тэрмін “insita” (дадзены ад прыроды) у дачыненні да творчасці непрафесійных мастакоў быў ужыты славацкім даследчыкам Штэфанам Ткачом у 1966 годзе. У 1991-ым адбылася першая абласная выстава “Талент шчырага сэрца. Мастацтва Insitus”, а ў 1994, 2000, 2008, 2012 і 2016-ым – Нацыянальныя выставы “Insita” (чатыры апошнія адбыліся ў Віцебску). Дарэчы, у бягучым годзе VI Нацыянальная выстава інсітнага (наіўнага) мастацтва “Insita-2020”, прысвечаная 380-годдзю стваральніка народнай Бібліі ў малюнках Васіля Кораня, адбудзецца ў кастрычніку-лістападзе.

Трэба адзначць, што сусветную вядомасць маюць нацыянальныя традыцыі наіўнага мастацтва Балканскіх славянскіх краін. У Харватыі вылучаюць Хлебінскую школу, у Сербіі – Кавачынскую і Ягодзінскую школы. У суседняй Польшчы агульнацыянальныя выставы наіўнага мастацтва праводзяцца з 1950-х гадоў, а ў Расіі, пачынаючы з 2004 года ладзяцца міжнародныя фестывалі наіўнага мастацтва і творчасці аўтсайдараў “Фэстнаіў”.

У Рэспубліцы Беларусь інсітнае (наіўнае) мастацтва апроч Віцебскай вобласці плённа развіваецца ў Брэсцкай, Гродзенскай і Мінскай абласцях.

Што датычыцца творчасці майстроў у дадзеным накірунку, то інсітны творца працуе ў розных жанрах і з рознымі матэрыяламі, але пераважаюць графіка, жывапіс, дэкаратыўнае маляванне (дываны), пластыка (разьба па дрэве, мармуры, лепка з гліны, гіпсу, пластыліну), брыкалаж (аб’екты з падручных матэрыялаў). У сучасным культурным жыцці вобласці інсітная творчасць мастакоў і разьбяроў займае значнае месца – сістэмна ладзяцца выставы ва ўстановах культуры і адукацыі. Інсітныя мастакі Віцебшчыны ўваходзяць у склад народных клубаў майстроў народных мастацкіх рамёстваў і мастакоў-аматараў.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Андрэй Струнчанка, намеснік дырэктара Віцебскага АМЦНТ.