Народны майстар Васіль Сіманковіч валодае ўнікальнай тэхналогіяй спіральнага пляцення

logo
Четверг, 13.02.2020 08:47 | Рубрика: Год народного единства
03175

Народны майстар Рэспублікі Беларусь, лаўрэат шматлікіх конкурсаў, член Беларускага саюза майстроў Васіль Сіманковіч валодае ўнікальнай тэхналогіяй спіральнага пляцення, якая вядома з эпохі неаліту і знаходзіцца ў Дзяржаўным спісе нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі.

Майстэрства Васіля Паўлавіча вырасла да ўзроў ню мастацтва і глыбіннага разумення народнага характару — цярплівага, руплівага, працавітага.

— Спіральным пляценнем нашы продкі займаліся не для забавы, усе вырабы — ад капелюша да сявалкі — яны выкарыстоўвалі ў побыце, бо купіць гэтыя рэчы з-за беднасці не мелі магчымасці, — распавядае Васіль Паўлавіч. — З лазовай стужкі і саламяных пукоў па спіралі плялі нават дзіцячыя люлькі. І гэта сімвалічна: жыццё наша таксама рухаецца па спіралі. Кожны яго віток выводзіць чалавека на новы ўзровень. Падрастае немаўля, бяжыць час, а спіраль у руках майстра-творцы працягвае звівацца ў новыя рэчы. Вось з'яўляецца кузуб, ці саламянчык, або кубель — гэта ўсе адна і тая ж назва прыстасавання для захоўвання збожжа да новай вясны. А ў збожжы — працяг жыцця, ў зернях — яго моц і сіла.

У саламяным капелюшы, вышыванай кашулі сярод сваіх вырабаў Васіль Паўлавіч падобны на дасціпнага Несцерку і нават на вераніцынскага палясоўшчыка — галоўнага героя паэмы «Тарас на Парнасе», аўтар якой Канстанцін Вера­ніцын родам з Гарадоччыны. Нават у міміцы Васіля Сіманковіча праглядвае штосьці па-сялянску шчырае, адкрытае.

— Трэба і знешне адпавядаць каларытнаму вобразу беларускага селяніна, калі займаешся старадаўнім рамяст­вом, — гаворыць майстар.

У Гарадоцкім Доме рамёстваў і фальклору, дзе ён працуе, зроблена міні-выстава вырабаў творцы. Ад іх цёплага «ззяння» нават майстэрня мае насычаны залацісты колер. У кутку стаяць карычневыя лазовыя пруты з водарам вільгаці і лесу, якія пойдуць на стужку. Перад гэтым кожны прут трэба раскалоць надвая і аддзяліць сарцавіну. Лазу, па словах майстра, можна нарыхтоўваць амаль цэлы год, акрамя тыдня ад Троіцы да Ільі, бо ў гэтыя святы яна яшчэ хрусткая.

— Калі займаюся падрыхтоўчай працай, думаю, колькі ж цярпення патрэбна было селяніну, для якога яна была жыццёва неабходнай. Як паспяваў ён, дзе браў час на ўсе гаспадарчыя справы, як захоўваў у душы агеньчык для творчасці? — пытаецца, нібы звяртаецца да продкаў, Васіль Паўлавіч.

— Стужку, акрамя як з лазы, раблю яшчэ з сасновага ці яловага кораня, здабываць яго не так цяжка, як здаецца на першы погляд. Бяру тыя карані, што самі выпаўзаюць на паверхню, гэта не шкодзіць дрэву. Знаходжу выпуклы корань, што змяіцца па зямлі, і цягну яго, а ў тоўстым месцы перарубаю. Стужка з кораня насычаная, больш цёмная, чым лазовая, і калі абвівае залацістыя саламяныя пукі, выраб атрымліваецца адразу некалькіх адценняў, што надае яму прыгажосці, — зазначае народны майстар Беларусі.

Перад тым, як зрабіць сваю першую рэч ў тэхніцы спіральнага пляцення, Васіль Паўлавіч доўга вывучаў вырабы ў фондах Гарадоцкага краязнаўчага музея, ездзіў у экспедыцыі па раёне.

Ад пажылых людзей, калі право­дзіць майстар­класы, ён часта чуе:

— Вашы вырабы, як з бацькоўскай хаты, памятаем: і ў маці, і ў бабулі стаялі такія кубелі, кошыкі, гас­падыні нешта клалі туды, захоўвалі. Якія прыемныя ўспаміны!

І гэтыя словы майстар лічыць найвышэйшай пахвалой. Людзі са здзіўленнем і захапленнем любуюцца рэчамі, зробленымі ў тэхніцы спіральнага пляцення, і на развітанне дзякуюць аўтару за тое, што прадэманстраваў тэхналогію іх вырабу.

— Спіральным пляценнем нашы продкі займаліся ў зімовыя вечары — гэтая хатняя справа была адпачынкам ад цяжкай працы на зямлі, пераносіла творцаў у іншы свет. Такое рамяство засцерагае ад дрэнных думак, суму, вызваляе свядомасць ад паўсядзённай мітусні, пераключае на філасофскі лад. І таму яно мне вельмі падабаецца, — гаворыць Васіль Паўлавіч. — Варта толькі дакрануцца да лазовай стужкі, як адыхо­дзіць бяда, а прастора напаўняецца спакоем і гармоніяй.

Крыху падумаўшы, ён дадае:

— Цяпер модна паказваць сябе ў Інстаграме, а ў даўніну праяўлялі сваё «я» ў тых рэчах, якія стваралi ўласнымі рукамі, гаспадар ганарыўся тым, што мог збудаваць дом, зрабiць мэблю, нешта змайстраваць. Кожны селянін дасканала валодаў адразу некалькімі рамёствамі, гэтаму яго вучыла само жыццё. Нават такая простая рэч, як лапці, — колькі пар трэба было наплесці на сям’ю, калі пры хадзе па гразкiх дарогах адной пары хапала ўсяго на тыдзень!

Акрамя тэхналогіі спіральнага пляцення Васіль Паўлавіч як сап­раўдны майстар валодае шматлікімі рамёствамі. Напрыклад, тэхнікай саломапляцення, у аснове якой
ляжыць… крыжык.

— Усё пачынаецца з крыжа — гэта дакладна ведалі нашы продкі, якія перад пачаткам любой справы стваралі крыж рукой і нават закладвалi яго ў свае вырабы, — гаворыць Васіль Сіманковіч. — Прыгледзьцеся да ваконных рам у вёсцы: у адрозненне ад сучасных вокнаў, у іх праёме драўляныя рэйкі ўтвараюць крыж…

Рукі Васіля Паўлавіча не ведаюць стомы, а сакрэты свайго майстэрства ён не хавае, а дзеліцца імі з усімі, хто пажадае вывучаць старадаўнія тэхнікі, якія набліжаюць нас да разумення светапогляду продкаў і да сваіх каранёў.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Кацярына ПУЧКОВА. Фота аўтара.