Якой памятаюць вёску Старое Сяло яе жыхары

Суббота, 08.02.2020 18:04 | Рубрика: Год малой родины
0654

Вёска Старое Сяло Віцебскага раёна мае сваю насычаную рознымі падзеямі гісторыю. Размясціўся населены пункт на выгодным месцы — пры ўпадзенні ракі Язвінкі ў Дзвіну. Зразумела, што людзі тут сяліліся задоўга да запісу з XVI стагоддзя, які засведчыў, што сяло набыў віцебскі ваявода і каралеўскі маршалак Іван Сапега.

«Пад прыгнётам панскім»

Гаспадары мястэчка часта змяняліся. Дакладна вядома, што з канца ХІХ стагоддзя маёнтак і населены пункт належалі генералу ад кавалерыі Івану Андрыянаву, удзельніку руска-турэцкай вайны і абароны Севастопаля. Памёр Іван Аляксеевіч у 1904 годзе ва ўзросце 74 гадоў. Ён быў пахаваны ў сямейным склепе на могілках каля царквы Раства Прасвятой Багародзіцы. Тут хавалі гаспадароў навакольных маёнткаў і іх сваякоў. Сёння кладоў, як і царквы, ужо няма, але на гэтым месцы ў наш час усталяваны памятны знак.

Да рэвалюцыі тут дзейнічалі крупа­дзёрня, вадзяны млын, карчма. Штогод у Старым Сяле адбываліся кірмашы.

Прыдзвінскі волат

Са Старасельскім краем цесна звязаны лёс аднаго з самых высокіх лю­дзей у гісторыі чалавецтва — Фёдара Махнова. Яго рост па некаторых звест­ках дасягаў 285 сантыметраў. Нара­дзіўся беларускі велікан у сялянскай сям'і на хутары непадалёку ад Старога Сяла. На мясцовых могілках і быў пахаваны пасля таго, як, набыўшы сусветную славу (сустракаўся з англійскай каралевай, амерыканскім прэзідэнтам і нават Папам Рымскім), вярнуўся на сваю радзіму.

У 1800-я гады ў Старым Сяле, дзе быў яго радавы маёнтак, з'явіўся на свет і яшчэ адзін вядомы чалавек — мас­так Уладзімір Лускін, які вучыўся ў Кракаве ў мастацкай школе славутага жывапісца Яна Матэйкі.

І нават свой іпадром…

Пасля рэвалюцыі вёска працягвала імкліва развівацца. Да вайны тут былі сельсавет, рамеснае вучылішча, пошта і іншыя ўстановы. Старажылы згадваюць, што ў 1930-я тут вучылі таксама і механікаў, і ткачоў. У тыя часы ў вёсцы была і лесапільня. Цяперашняя вуліца Полацкая каля чыгункі насіла тады неафіцыйную назву «рабочы пасёлак». Самае цікавае, што ў населеным пункце знаходзіўся і іпадром! Цяжка сказаць, ці знойдзецца зараз падобная азартная ўстанова для скачак хоць дзе-небудзь ў Беларусі?

Яшчэ ў 1924 годзе Старое Сяло стала цэнтрам сельсавета Лосвідскага раёна, затым Кузняцоўскага і, нарэшце, з 1927-га — Віцебскага, у які ўваходзіць і да сёння. Праўда, у 1960 годзе вёска страціла сваю «сталічную» ролю і ўвайшла ў склад Лятчанскага сельсавета.

Чорная памятка вайны

Усё тут нагадвае пра вайну, якая нарабіла шмат бед. Першая трагедыя здарылася 8 ліпеня 1941 года, калі на чыгуначную станцыю прыбыў таварны цягнік з маёмасцю прадпрыемстваў, крамаў, складоў і іншых устаноў з Шуміліна. Ён накіроўваўся на станцыю Віцебск для далейшай эвакуацыі. Але не атрымалася… Састаў разбамбіў нямецкі самалёт, а гітлераўцы, якія пад'ехалі на матацыклах, расстралялі чыгуначнікаў і вайскоўцаў, што выскоквалі з вагонаў. Усіх забітых вяскоўцы пахавалі ў брацкай магіле.

Ля чыгуначнай станцыі ўвагу прыцягвае помнік землякам, якія загінулі пры вызваленні Віцебска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Тысячы вызваліцеляў пахаваны на брацкіх могілках на Полацкай вуліцы. Акурат у Старым Сяле і наваколлі была адна з найбольш эшаланаваных ліній абароны гітлераўцаў, якія любой цаной імкнуліся не дапусціць узяцця савецкімі войскамі Віцебска. Тысячы байцоў знайшлі тут свой вечны прытулак.

Кузня кіруючых кадраў

Сёння ў Старым Сяле больш за 400 пастаянных жыхароў. Маім экскурсаводам выступіла старэйшына вёскі Валянціна Ляшко. Валянціна Кліменцьеўна жыве ў населеным пункце з 1974 года. Сюды была накіравана пасля заканчэння сельскагаспадарчага тэхнікума ў Лужасне. Сама нарадзілася непадалёку — у сяле Іванова ля Заронава. 20 гадоў адпрацавала ў аддзеле кадраў саўгаса «Краева», цэнтр якога і быў у Старым Сяле. Прыгадвае, як у часы росквіту гаспадаркі сюды адусюль з'язджаліся патэнцыяльныя працаўнікі. Была вельмі развіта жывёлагадоўля: толькі дойны статак складаў 1700 галоў. Багата было і цяпліц, дзе вырошчвалася гародніна. Цяпер тут палеткі ААТ «Адраджэнне». Ёсць і фермерскія гаспадаркі.

Мясцовыя жыхары адзначаюць, што былы саўгас смела можна назваць кузняй кіраўнічых кадраў для аграрнага сектара. У іх ліку Васіль Байкоў, які ў свой час кіраваў Віцебскім райвыканкамам, а сёння, ужо на пенсіі, узначальвае фермерскую гаспадарку. Таксама праз «Краева» прайшоў аграномам Пётр Каранковіч: цяперашні начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванню — першы намеснік старшыні райвыканкама. Можна адзначыць, што ў Старым Сяле нарадзіўся дацэнт кафедры патанатоміі і гісталогіі Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны Аляксандр Жукаў.

Крыніца ведаў

Яшчэ ў 1865 годзе ў вёсцы адкрылі народнае вучылішча. Затым гэта ўжо была царкоўна-прыходская школа. І пасля рэвалюцыі ўстанова захавала сваё першаснае пры­значэнне, зразумела, што не з рэлігійным, а рэвалюцыйным накірункам.

Старасельская сярэдняя школа раней знаходзілася ў іншым месцы: на беразе ракі Язвінкі. Былыя вучні ўзгадваюць, як пасля ўрокаў каталіся ўзімку з мясцовых горак на чым заўгодна, у тым ліку і на школьных ранцах. А якая была радасць, калі на Дзвіне была паводка і заняткі адмяняліся! Сёння школьныя будынкі перароблены пад жыллё сялян, а адзіны цагляны будынак спартыўнай залы па­крысе разбураецца.

Цяперашняя школа месціцца ўжо ў сучасным будынку. Пра яе цікавага дырэктара — «Прыдзвінскага Дзеда Мароза» Вадзіма Сакратарова — мы нядаўна распавядалі. Вадзім Аляксандравіч кажа, што ў школе на сёння 112 вучняў. Навучальны працэс наладжаны на добрым узроўні. Прадметам асаблівага клопату калектыву з'яўляецца не толькі добраўпарадкаванне і азеляненне тэрыторыі ўстановы адукацыі, але і навядзенне парадку на зямлі ў населеным пункце, на вайсковым пахаванні, над якім шмат гадоў таму школьнікі ўзялі шэфства.

Ёсць у Старым Сяле і дзіцячы сад. Яго загадчык Марыя Трамбіцкая адзначае, што на пачатак года ўстанову наведвалі 39 дзетак. Ёсць усё, што трэба для іх паўнавартаснага выхавання. У Марыі Мікалаеўны і дзіцячага сада летась быў своеасаблівы юбілей: вось ужо 30 гадоў, як яна прыйшла працаваць ва ўстанову адукацыі, якая толькі пераехала ў новы будынак. Тут займаюцца не толькі мясцовыя дзеткі, але і прывозяць малых з дзіцячага прытулку ў Вялікіх Лётцах.

Медыцына і культура — на ўзроўні

У Старым Сяле сёння ёсць і бальніца сястрынскага догляду, якая структурна ўваходзіць у Віцебскую гарадскую паліклініку № 7. Яна размешчана ў засені прыгожых хвойных дрэў.

А ў закінуты будынак былой канторы саўгаса колькі гадоў таму пасля рамонту пераехалі бібліятэка і Старасель­ская дзіцячая школа мастацтваў — важныя аб'екты культуры для замацавання людзей на вёсцы і паляпшэння дэма­графічнай сітуацыі. Калектыў і выхаванцы школы прымаюць актыўны ўдзел і ў розных мерапрыемствах. Педагогі распрацоўваюць і ўкараняюць у жыццё разнастайныя творчыя праекты.

Цікавасць выклікае школьны музей, дзе па-ранейшаму шчыруе Маргарыта Юшкевіч, яго заснавальніца і захавальніца скарбаў. Нягледзячы на тое, што ўжо даўно перайшла на дзявяты дзясятак, па-ранейшаму актыўна займаецца вывучэннем гісторыі роднага краю.

Адпачываем на радзіме

А яшчэ Старое Сяло — найцудоўнейшае месца для адпачынку. Нездарма ў свой час адзін масквіч нават набыў сабе тут участак для арганізацыі гулянак. Добра адпачыць на беразе Дзвіны прыязджалі шматлікія госці з Расіі. Гэтыя мясціны ўпадабалі і гарадскія дачнікі. Не дзіва, да Віцебска, як кажуць, блізкі свет: усяго каля дваццаці кіламетраў. Побач знаходзіцца з дзяцінства знаёмы многім гараджанам дзіцячы аздараўленчы лагер «Лясная паляна».

З «Віцьбічамі» — па жыцці!

Шмат хто з жыхароў вёскі сярод іншых перыядычных выданняў выбірае нашу газету. Самай «легендарнай» падпісчыцай, безумоўна, з'яўляецца Валянціна Філіпенка. Суседзі па-добраму зайздросцяць: маўляў, Валянціна Сцяпанаўна нарадзілася пад шчаслівай зоркай, бо ёй пастаянна шанцуе. Не, да азартных гульняў кабета цікавасці не мае. А вось у розыгрышы прызоў сярод чытачоў нашай газеты, якія выпісваюць яе на паўгоддзе, удзельнічае рэгулярна. І з зайздроснай рэгулярнасцю выйграе патрэбныя ў гаспадарцы рэчы. Вось і сёлета аформіла падпіску на 6 месяцаў — і зноў ёй усміхнулася ўдача. Камплект пасцельнай бялізны, хоць і не мікрахвалеўка, як бывала раней, але патрэбны. Таму выпісвайце «Віцьбічы» — і разам з разнастайнай цікавай і карыснай інфармацыяй атрымлівайце свой шанц на ўдачу!

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Алесь БЫНЬКОЎ. Фота аўтара.
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Обновить Защита от автоматических сообщений