У куфрах бацькоў, бабуль і дзядуль супрацоўнікаў Шумілінскай цэнтральнай раённай бальніцы знайшліся ўнікальныя рэтрацацкі 50–60-х гадоў мінулага стагогддзя

logo
Среда, 08.01.2020 15:52 | Рубрика: Год народного единства
01973

У гэты раз да святкавання Новага года ў Шумілінскай ЦРБ падышлі з размахам. На ўваходзе ў паліклініку аформілі фотазону з ёлкай, Снегавіком і сімвалам надыходзячага года — абаяльнай Мышшу. На тэрапію ўсмешкай і добрым настроем рэцэпт не патрэбны, а вынік заўжды выдатны. Ва ўсялякім разе, пацыенты паліклінікі ацанілі такі падарунак ад медыкаў.

— Невядома, ці парадуе сёлетняя зіма маразамі, — разважае шумілінец Андрэй. — А тут табе і бялюткі снег, і сані з падарункамі, і ёлка іскрыстая — адчуваецца атмасфера навагодняга свята. Хварэць зусім не хочацца.

А яшчэ галоўны ўрач ЦРБ Вольга Скарабагатая прапанавала калегам правесці конкурс «Новы год майго дзяцінства». Для гэтага кожнае аддзяленне аформіла навагоднюю ёлку ў стылі рэтра. Спачатку, праўда, медыкі разгубіліся. Маўляў, ёлачныя цацкі з маленства засталіся ў куфрах бацькоў, бабуль і дзядуляў.

— А чаму б, святкуючы Новы год, не ўспомніць, што і Год малой радзімы працягваецца, — кажа Вольга Яўгенаўна. — Наш конкурс аказаўся выдатнай нагодай для медыкаў наведаць бацькоў, з'ездзіць у вёску свайго дзяцінства.

А выстава, аформленая ў актавай зале ЦРБ, сапраўды вяртае ў маленства. Кожную ёлачную цацку хочацца разглядаць асобна, з многімі ў гаспадароў звязаны трапяткія гісторыі. Медыкі расказалі, што некаторыя экспанаты літаральна рассыпаліся ў руках — не дзіва, маючы на ўвазе іх узрост.

— Мы захоўваем навагоднія ўпрыгожанні як сямейныя рэліквіі, — расказвае медсяст­ра фізіятэрапеўтычнага аддзялення Людміла Ганчарова. — Да прыкладу, вось гэтая зорка са шкляных трубачак з'явілася ў сям'і маіх бабулі і дзядулі адразу пасля вайны.

Навагоднюю кампазіцыю фізіятэрапеўтычнага аддзялення дапаўняе прайгравальнік з 70-х гадоў з наборам грампластынак. Людміла апускае іголку на чорны кругляк — і залу напаўняе вядомая кожнаму «Завіруха» ў выкананні ВІА «Верасы».

Героі пушкінскіх казак, шкляныя пацеркі, птушкі, розныя жывёлы, шышкі і ледзяшы, домікі са снегам і шары размясціліся на ёлках-канкурсант­ках. Ёсць тут і фігуркі ў нацыянальных касцюмах з серыі «15 рэспублік — 15 сясцёр», некалькі «гадзіннікаў», што паказваюць без пяці хвілін 12. Дарэчы, папулярнымі апошнія сталі пасля выхаду камедыі Эльдара Разанава «Карнавальная ноч». Некалі такая цацка была літаральна на кожнай навагодняй ёлцы вялікага СССР.

— Галавой адказваеце за гэтую цацку, папярэдзіў нас дзядуля, літаральна адрываючы ад сэрца рарытэт, — расказала фельчар хуткай дапамогі Марына Скакунова.

Вядома, не абышлося без «касманаўта» — камплімента Юрыю Гагарыну.

— А гэты Дзед Мароз майго года нараджэння — 1964-га, — прызналася галоўны ўрач Вольга Скарабагатая. — Па­глядзіце, як выдатна захаваўся.

Карацей, пераможцамі ў навагоднім конкурсе аказаліся ўсе ўдзельнікі.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Наталля ЧАРНІЧЭНКА. Фота аўтара.