Натяжные потолки в Витебске. Жаркие цены!

Пяць прычын наведаць Віцебскі раён

Четверг, 18.04.2019 16:41 | Рубрика: Год малой родины
0299

Віцебскі раён унікальны ўжо тым, што мяжуе адразу з Гарадоцкім, Сенненскім, Шумі­лінскім, Бешанковіцкім і Лёзненскім, а таксама з Пскоўскай і Смаленскай абласцямі Расіі. Ён асабліва славіцца ўнікальнымі помнікамі прыроды, сярод якіх арніталагічны заказнік «Дымаўшчына», шматлікія геалагічныя, батанічныя і журавінавыя заказнікі. На тэрыторыі раёна больш за 60 маляўнічых азёр, на берагах якіх адкрыты санаторыі і аграсядзібы.

ГЭС на Заходняй Дзвіне

Нельга не ўзгадаць пра новабудоўлю на ўскрайку пасёлка Лужасна — буйнейшую ў Беларусі гідра­электрастанцыю на рацэ Заходняя Дзвіна. ГЭС уключае ў сябе бетонную плаціну з вадаскідам, грунтовую насыпную плаціну, сам будынак гідраэлектрастанцыі і аднакамерны суднаходны шлюз. Праектная магутнасць ГЭС — 40 МВт, сярэднегадавая выпрацоўка электраэнергіі — 138 мільёнаў кВт/гадзін. На электрастанцыі ўсталяваны два гідрагенератары. Плаціна ГЭС утварыла вадасховішча плошчай 8,8 квад­ратнага кіламетра і глыбінёй да 14 метраў. Будаўніцтва і праектаванне вялі кітайскія кампаніі за кошт крэдыту Дзяржаўнага банка развіцця Кітая. У ліпені 2017 го­да станцыя ўведзена ў пастаянную эксплуатацыю.

Тут жыў Рэпін

Бадай, самае папулярнае сярод турыстаў месца — музей-сядзіба Іллі Рэпіна «Здраўнёва». Сядзібу мастак набыў у 1892 годзе і правёў там восем летніх сезонаў. Менавіта тут з'явіліся такія карціны Рэпіна, як «Асенні букет», «Паляўнічы», «Беларус» і іншыя. Комплекс уяўляе сабой галоўны сядзібны дом, у якім працуе мемарыяльная экспазіцыя, дом кіраўніка, дзе размясціліся адміністрацыя і выставачная зала, а таксама склеп, сажалку і частку ліпавай алеі. Наведаўшы «Здраўнёва», вы шмат даведаецеся пра творчы і жыццёвы шлях Іллі Рэпіна. У адной з залаў адноўлены інтэр'ер гасціннай, экспазіцыя, размешчаная ў майстэрні, адлюстроўвае здраўнёўскі перыяд творчасці мастака. У музеі прадстаўлены копіі фотаздымкаў, дакументаў, твораў І. Рэпіна, кнігі, прадметы побыту XIX-XX стагоддзяў, экспанаты, знойдзеныя тут у час раскопак.

Музей у Заронаве

Больш за 20 тысяч экспанатаў змяшчае народны гісторыка-этнаграфічны музей «Гісторыя Заронаўскага краю». Музей з'явіўся, дзякуючы энтузіязму настаўніцы мясцовай школы Людмілы Нікіцінай і дзейнічае ўжо больш за трыццаць год. Тут можна ўбачыць прылады працы нашых продкаў, прадметы побыту, навагоднія цацкі, вышыванкі, гадзіннікі, фотаапараты, самавары. А таксама там ёсць міфалагічная зала, у якой «жывуць» беларускія нячысцікі.

У стылі мадэрн

Будынак земляробскай школы ў Лужасне — помнік архітэктуры другой паловы XIX стагоддзя. Ён быў пабудаваны з цэглы ў стылі мадэрн. Гэта двухпавярховы будынак Г-падобнай формы. Выступы ўтвараюць невялікі ўнутраны дворык. У аб'ёмна-прасторавай кампазіцыі вылучаецца трохпавярховая кутняя частка з уваходам, сіметрычнай групоўкай праёмаў, складанымі шчытамі. Паміж імі размяшчаецца высокі спічасты шацёр, што надае выразнасць сілуэту будынка. Захаваліся печкі, выкладзеныя кафлямі. Фасады вырашаны ў двух колерах — жоўтым і чырвоным. Рэканструкцыя будынка была праведзена ў 1905-1909 гадах. Зараз там размяшчаецца аграрны каледж ветэрынарнай акадэміі.

Сураж і яго багатая гісторыя

Пасёлак Сураж размешчаны на ўсходзе раёна ля месца ўпадзення ракі Касплі ў Заходнюю Дзвіну. На рагу дзвюх рэк месціцца старажытнае замчышча. Населены пункт вядомы з XI-XIII стагоддзяў. У 1563 годзе Жыгімонт II надаў Суражскаму замку статус горада. Паселішча было цэнтрам воласці ў Вялікім Княстве Літоўскім, павета — у Расійскай імперыі, з 1924 па 1957 гады — гэта цэнтр Суражскага раёна. У 1941 годзе быў захоплены немцамі, якія стварылі ў Суражы яўрэйскае гета. Яго жыхароў знішчылі ў жніўні 1941 года. На магіле ахвяр Халакосту ўсталяваны помнік. У двары Суражскай школы стаіць помнік дзецям Бацькі Міная (Міная Шмырова), якіх трымалі ў заложніках некалькі месяцаў і расстралялі ў лютым 1942 года. За 19 кіламетраў на паўночны ўсход ад Суража ўстаноўлены помнік «Віцебскія (Суражскія) вароты», праз якія ажыццяўлялася сувязь партызан з «Вялікай зямлёй» у гады вайны.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Падрыхтавала Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Обновить Защита от автоматических сообщений