Пяць прычын наведаць Дубровенскі раён

logo
Пятница, 18.01.2019 19:29 | Рубрика: Год народного единства
02276

На беразе Дняпра ля беларуска-расійскай мяжы размясціўся маляўнічы гарадок Дуброўна. Там пануе асаблівая атмасфера, якую падтрымліваюць непаўторныя пейзажы, помнікі прыроды і архітэктуры і людзі, улюбёныя ў сваю родную старонку.

Мемарыял

Мемарыяльны комплекс «Рыленкі» быў узведзены на брацкіх могілках у 1973 годзе. Там пахавана 10 тысяч савецкіх воінаў 11-й гвардзейскай і 31-й армій, якія загінулі ў жорсткіх баях з кастрычніка 1943-га па чэрвень 1944 года. Ля ўвахода на тэрыторыю мемарыяла — брама з рэльефнымі вы­явамі твараў змагароў. Асноўную кампазіцыю складаюць 317 пліт з імёнамі пахаваных тут воінаў.

Зверым гадзіннікі

У гонар 625-годдзя горада на 13-метровай вежы ў гарадскім скверы за кошт мецэнатаў быў устаноўлены вулічны гадзіннік. У свой час у Дуброўне князь Рыгор Пацёмкін пабудаваў адну з першых у Расіі гадзіннікавую фабрыку, якая паспяхова канкурыравала нават са швейцарскімі вытворцамі. Прадукцыя дубровенскай фабрыкі прызначалася для царскага двара, і толькі невялікая яе частка трапляла на рынак. Дарэчы, як упэўнены некаторыя даследчыкі, унікальныя механізмы для гадзіннікаў экспартаваліся ў Швейцарыю. Нават у Эрмітажы ёсць срэбныя кішэнныя гадзіннікі, вырабленыя ў Дуброўне.

Манастыр бернардынцаў

Ён быў заснаваны ў 1630 годзе Мікалаем Глебавічам. Аднак усе яго драўляныя збудаванні былі знішчаны пажарам у канцы XVIII стагоддзя. Сёння ад манастыра захаваўся толькі двухпавярховы жылы корпус, пабудаваны ў 1809 годзе.

Свята-Троіцкая царква

Гэты аднакупальны храм падоўжна-восевай кампазіцыі, які ўключае галоўны аб'ём, апсіду і бабінец са званіцай на галоўным фасадзе, быў ўзве­дзены з цэглы ў 1809 годзе. Двух'ярусная званіца завершана шатровым дахам. Храм з'яўляецца пом­нікам архітэктуры, у якім своеасабліва спалучы­ліся прыёмы мясцовага дойлідства з класіцызмам. У царкве захаваліся абразы першай паловы XIX стагоддзя «Святая радзіма» і «Таемная вячэра».

Мануфактура

У будынку былога фарбавальнага цэха «Дняпроўскай мануфактуры» (пасля гэта быў Дубровенскі льнозавод) працуе музей. У свой час пры фабрыцы былі пажарная часць, бібліятэкі, лазні, прафесійнае вучылішча-інтэрнат, лагер адпачынку, крама. На тэрыторыі музейнага комплексу шмат экспанатаў, якія выкарыстоўваліся ў ільняной вы­творчасці, і па іх можна прасачыць увесь працэс: ад вырошчвання беларускага шоўку да пашыву адзення.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Наталля ЧАРНІЧЭНКА.