На Міёршчыне выяўлены адзін з самых «валуністых» валуноў у краіне

logo
Четверг, 29.11.2018 08:31 | Рубрика: Год народного единства
01641

Гэты камень да апошняга часу хаваўся ў зямлі. Але з будаўніцтвам Міёрскага металапракатнага завода на гэтым месцы ўтварыўся кар’ер пясчана-жвіравых матэрыялаў, і валун «з’явіўся свету» ва ўсёй сваёй велічы

Міёршчына багатая на каменне, не абдзелена і валунамі. Пад апошнімі разумеюць вялікія кавалкі горных парод, якія прынеслі да нас ледавікі. Гэта ўжо помнікі прыроды. Менавіта ў такой якасці рашэннем Міёрскага райвыканкама №803 ад 23 верасня 2011 года зарэгістраваны Талеркавы ў Язне, Вялікія Бяртоўшчынскі, Беразоўскі, Лупаўшчынскі, Мазылёўскі, Янопальскі, Гір’яцкі, Ражнёўскі і Сімкаў Кладавы. Які з іх самы вялікі?

Звычайна прыроднае каменне мае няправільную форму, значная частка яго хаваецца ў зямлі, таму па большасці вымярэнні прыблізныя. Інтэрнэт паведаміў: Ражнёўскі, што на беразе возера Абстэрна, мае даўжыню 2,6 метра, шырыню 2 м і вышыню 1,9 м, перыметр у 7 м, можа заважыць 13,9 тоны. Паблізу Новага Пагоста хаваецца ўдвая большы па вазе (29,6 т) з памерамі 3,3 метра на 2,9 м і на 2,2 м пры абводзе 7 м. Аднак лічылася, што самы буйны ў нашых мясцінах знаходзіцца ў Язне, таму яго суправаджаюць легенды пра Напалеона і Кацярыну Вялікую.

Вялікі Гір’яцкі да апошняга часу быў вядомы толькі грыбнікам і ягаднікам, бо хаваўся ў зямлі. Але з будаўніцтвам Міёрскага металапракатнага завода на гэтым месцы ўтварыўся кар’ер пясчана-жвіравых матэрыялаў, і валун “з’явіўся свету” ва ўсёй сваёй велічы. Ён аказаўся прадаўгаватым кавалкам горнай пароды няправільнай формы з наступнымі прыкладнымі памерамі: даўжыня не менш за 9,2 метра, вышыня пасярэдзіне — 4 м, шырыня — да 5 м. Дакладней вымераць не ўдалося, бо ляжыць стромка.


Такім чынам, валун “Гір’яцкі Вялікі камень” бясспрэчна самы буйны на Міёршчыне. А як ён “глядзіцца” на Беларусі? Вельмі нават салідна. Раней лічылася, што самы вялікі камень нашай краіны Мазырскі з памерамі 5 на 3 метры. Але ў выданні 2011 года “Культавыя і гістарычныя валуны Беларусі” самым-самым названы маналіт ля вёскі Горкі ў Шумілінскім раёне. Яго даўжыня 11 метраў, шырыня — 5,6 м, бачная вышыня 2,8-3 м. Мяркуецца, што і ў зямлі ён хаваецца не менш чым на тры метры. Тады яго вага больш за 800 тон.


На Міёршчыне выяўлены калі і не самы “валуністы” валун у краіне, то камень, які павінен стаць прадметам нашай гордасці, бо ва ўсялякім разе напрошваецца ў тройку лідараў.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Леанід МАТЭЛЕНАК, «Міёрскія навіны».