Як у Шумілінскім раёне рыхтуюць кадры для сельскай гаспадаркі з дапамогай камп’ютарызаванай тэхнікі

logo
Среда, 03.03.2021 10:52 | Рубрика: Экономика
02818

Магутная сучасная камп’ютарызаваная тэхніка з’явілася ў апошнія гады ў гаспадарках Шумілінскага раёна.

Даверыць яе могуць толькі граматным і кваліфікаваным механізатарам. Але ж некаторыя атрымалі механізатарскія правы многа гадоў таму, калі яшчэ не вывучалі сучасныя КВК і зернеўборачныя камбайны. Павысіць кваліфікацыю дапамагаюць спецыялісты цэнтра перападрыхтоўкі, падрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі ўпраўлення па сельскай гаспадарцы райвыканкама.

– Наш цэнтр для таго і створаны, каб дапамагаць сельгаспрадпрыемствам павышаць кваліфікацыю іх работнікаў, – кажа яго дырэктар Аляксандр Гусакоў. – У прыватнасці, у мінулым годзе па папярэдняй дамоўленасці мы аб’ехалі фермы УП «Шумілінскі райаграсэрвіс», ААТ «Прыазёрны мір» і «Ляжні» і правялі бясплатныя заняткі па павышэнні кваліфікацыі сярод аператараў машыннага даення. Ветурач райветстанцыі Ірына Нікіценка расказала пра тэхналогіі даення, кармлення, догляду і лячэння буйной рагатай жывёлы. Пра новыя тэхналогіі ў рабоце жывёлаводы даведаліся з відэафільмаў. Пасля некалькіх тэарэтычных заняткаў аператары машыннага даення здавалі экзамены. Такім чынам сваю кваліфікацыю павысілі 57 чалавек.
У цэнтры на платнай аснове можна вывучыцца на механізатара. Напрыклад, летась правы катэгорыі «А» на калёсныя трактары атрымалі 20 чалавек. Некаторыя з іх уладкаваліся на работу на прадпрыемствы раёна.

Месяц таму ў цэнтры пачаліся заняткі па павышэнні кваліфікацыі механізатараў для атрымання імі катэгорыі «ВД» (энерганасычаныя трактары, зернеўборачныя і кормаўборачныя камбайны). Сабралася група з 15 чалавек.
– Раней атрымаў катэгорыю «А», працаваў на трактары МТЗ, – расказаў механізатар сельгаспрадпрыемства «Лаўжанскае» Дзмітрый Касьянаў. – А цяпер хачу працаваць на камбайне, таму і атрымліваю катэгорыю «ВД».

– А чаму б і не павучыцца два месяцы? – разважае механізатара УП «Шумілінскі райаграсэрвіс» Ігар Рудоў. – Узімку на палетках зацішша, і часу хапае. Тым больш, заняткі ладзяцца тры разы на тыдзень, ды і то не цэлы дзень. Ведаю, што ў іншых раёнах выкладваюць немалыя грошы, каб атрымаць катэгорыю «ВД». А ў нас абсалютна бясплатна – дык трэба карыстацца такой льготай. Пасля тэарэтычнай часткі мы будзем праходзіць практыку ў сваіх гаспадарках, за намі замацуюць вопытных настаўнікаў. Ну, а потым вернемся ў цэнтр, каб здаваць экзамены.

У канцы сакавіка сельгаспрадпрыемствы раёна пабагацеюць на кваліфікаваных механізатараў, якія падчас пасяўной сядуць за руль энерганасычаных трактароў. А будучы ўраджай, як вядома, у многім залежыць ад прафесіяналізму тых, хто абслугоўвае сучасную тэхніку.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Ларыса ЗАЙЦАВА, Шуміліна. Фота аўтара.