Працоўны дзень калектыву сталовай фiлiяла «Цяплiчны» РУП «Вiцебскэнерга» пачынаецца ў шэсць гадзiн ранiцы. Кухары Алена Арлоўская i Маргарыта Сякацкая — галоўныя асобы на кухнi. Алена Леанiдаўна — вопытны спецыялiст з вялiкiм стажам. Яна гатуе смачныя абеды: наварыстыя супы, апетытныя катлеты, гуляшы i гэтак далей, а Маргарыта Мiхайлаўна адказная за выпечку. У яе атрымлiваюцца такiя духмяныя булачкi, пiражкi i беляшы, што як iх не паспрабаваць!
Загадчык гандлёвага аб’екта «Арэхаўск» Алена Каржыцкая добра разумее: уборачная кампанiя — асаблiвы перыяд для аграрыяў, таму разам з калектывам усе свае намаганнi, здольнасцi i сiлы аддае на забеспячэнне паўнацэнным, каларыйным, па-дамашняму смачным харчаваннем.
Абеды — адразу ў поле.
— Для нас прынцып у рабоце адзiн, — гаворыць Алена Аляксандраўна. — Калi хлебароб падсiлкаваўся — справа пойдзе па-iншаму: i добры настрой з’яўляецца, i на паказчыках гэта адбiваецца з лепшага боку. Кожны дзень мы гатуем амаль па 50 порцый абедаў i столькi ж фармiруем падвячоркаў. Трэба зазначыць, што адмiнiстрацыя фiлiяла забяспечвае харчаванне занятых на ўборцы ўраджаю на бясплатнай аснове.
Кухары М. Сякацкая і А. Арлоўская.
Меню для занятых на жнiве разнастайнае i дастаткова вiтамiнiзаванае. Абавязкова ёсць свежыя салаты, гароднiна ўласнай вытворчасцi, натуральныя сокi. Па словах буфетчыцы Вольгi Бабей, якая занятая на развозцы абедаў, камбайнерам з першых страў вельмi падабаюцца халаднiк, гарохавы суп, боршч, а на другое — бульбяныя аладкi з мясам, шнiцаль, тэфтэлi, падсмажаныя каўбаскi.
На падвячорак хлебаробам у фiлiяле «Цяплiчны» РУП «Вiцебскэнерга» абавязкова даюць мясную тушонку, выпечку ўласнай вытворчасцi, морсы або мiнеральную ваду.
© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.