На дапамогу хлебаробам Сенненшчыны, якія вядуць жніўныя работы, прыйшлі ваенныя

logo
Пятница, 07.08.2020 17:42 | Рубрика: Экономика
01985

Сяброўскую руку працягнуў звод­ны атрад 377-­га гвардзейскага зенітнага ракетнага палка, што базіруецца ў Полацкім раёне. У скла­дзе ўзвода не толькі тэхніка і ваеннаслужачыя ваеннай часці 55719. Яго камп­лектавалі ўсе 15 вайсковых часцей Ваенна­паветраных сіл і супрацьпавет­ранай абароны краіны.

— Ва ўзводзе — 19 адзінак тэхнікі, у тым ліку 13 аўтамабіляў (пераважна МАЗ-аў­самазвалаў грузападымальнас­цю 10, 20 тон), якія будуць непасрэдна заняты на перавозцы збожжа, саломы, іншай сельгаспрадукцыі ў перыяд масавых уборачных работ, — расказаў камандзір часовага армейскага фарміравання падпалкоўнік Сяргей Пашкоў. — У нас ёсць свае палівазапраўшчык, рамонтная майстэрня на колах, іншая неабходная тэхніка (яна, дарэчы, не старэй за пяць гадоў).

Асабовы склад узвода — 28 ваеннаслужачых, у тым ліку два афіцэры і два прапаршчыкі. Большасць салдат служыць у арміі на кантрактнай аснове, таму ўдзел у сельгасработах прымаюць не першы раз. Яфрэйтар Міхаіл Гаўрушын па кантракце служыць другі год. Летась, напрыклад, працаваў у Мсціслаўскім раёне Магілёўскай вобласці. Чаму сёлета камандаванне зноў накіравала яго на дапамогу вяскоўцам? Можа, таму, што за яго плячыма не толькі тэрміновая служба. Міхаіл добра ведае тэхніку: паспеў скончыць Бабруйскі аўтатранспартны каледж. Ды і ў час жніва­-2019 праявіў сябе з лепшага боку.

Асобна ад асноўнай групы знахо­дзяцца хлебаробы ў ваеннай форме, што дапамагаюць убіраць хлеб у ААТ «Бяленева». У сельгасарганізацыі самыя значныя на Сенненшчыне ўборачныя плошчы, таму туды накіравана 4 МАЗы, 2 «Уралы», палівазапраўшчык і 9 чалавек асабовага складу на чале з афіцэрам. Яны размясціліся ў Янове, у спортзале мясцовай школы. У іх трохразовае харчаванне за кошт гаспадаркі. У астатнім распарадак дня і рэжым такі ж, як і ў казарме. Як і ў байцоў, якія працуюць у ААТ «Белая Ліпа» і «Студзёнка». Праўда, пасля завяршэння працоўнага дня, такога ж, як і ва ўсіх удзельнікаў жніва, яны вяртаюцца ў Сянно, дзе на тэрыторыі дзіцячага сада № 3 размяшчаецца галоўная штаб­-кватэра ўзвода.

Санітарна­бытавымі ўмовамі, створанымі тут мясцовай уладай, ваенныя задаволены. Ёсць нават тэлевізар. У суботу байцы наведваюць лазню. Ежу атрымоўваюць тры разы на суткі ў «Закусачнай» аблспажыўтаварыства. Тыя байцы, што прыкамандзіраваны да сельгасарганізацый, як і іншыя ўдзельнікі ўборачных работ, абедаюць, вячэраюць па месцы працы: у полі, на таку.

Яшчэ адна група тэхнікі (тры аўтамабілі) і некалькі байцоў на чале з афіцэрам працуюць у Гарадоцкім раёне. Ваенныя дапамагаюць убіраць хлеб не толькі на Віцебшчыне. Яшчэ адзін звод­ны ўзвод Міністэрства абароны ў гэтыя дні працуе ў Гродненскай вобласці. Мяркуецца, што ваенныя будуць дапамагаць АПК краіны да канца жніўня.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Аляксандр ЛАЗЮК, Сянно. Фото vayar.mil.by