Натяжные потолки в Витебске. Жаркие цены!

Не кувай ты, шэрая зязюля...

Среда, 06.02.2019 21:20 | Рубрика: Мнения
02079

Любы тутэйшы арнітолаг скажа вам, што зязюля, канешне, цікавы від птушак. Напрыклад, толькі яна знішчае вялікага шкодніка хваёвых дрэваў — паходнага шаўкапрада.

Наўрад ці знойдзецца хоць адзін чалавек, які б у дзяцінстве ці падлеткавым узросце не загадваў таемнае «колькі мне жыць засталося?» пад шлюбны спеў самца «ку-ку» ды радаваўся, калі лік гэтых кукаванняў сягаў на многія дзясяткі. (Паводле арніталагічных даследаванняў колькасць іх можа даходзіць да 300 і болей!) Але, на жаль, такой жа звыклай, «зязюльчынай», стала і жыццёвая пазіцыя пэўнай катэгорыі нашых суайчыннікаў і суайчынніц, якія вызначаюцца зусім не запамінальнымі спевамі, а другой яе прыкметай: звычкай падкідваць свае «яйкі» ў чужыя «гнёзды». Толькі ў беларускім грамадстве ролю такіх «гнёздаў» часцей выконваюць дзіцячыя дамы, сацыяльныя прытулкі, школы-інтэрнаты…

Так, апошнім часам такія прытулкі для сірот пры жывых бацьках становяцца больш прывабнымі дзякуючы дапамозе айчынных і замежных фундатараў. Ды ўсё адно не вельмі радуе чамусьці гэты факт. Мала ў каго не сціснецца сэрца пры наведванні такіх устаноў. Многія гараджане ведаюць, напрыклад, Дом дзіцяці ля абласной бальніцы ў Нікраполлі. Да гэтага часу не магу дараваць сабе, што гадоў дзесяць таму вырашыў спраміць свой шлях праз установу для самых маленькіх адказнікоў, калі ў дзетак быў час прагулкі на свежым паветры. Шматгалосае са спадзяваннем «тата, тата!» у мой бок да гэтага часу стаіць у вушах.

Пасля наведвання аналагічнай установы (яе ўжо даўно няма) у Езярышчы Гарадоцкага раёна на гады засталіся цёплыя адносіны з дзяўчынкай Машай, якую на нейкім мерапрыемстве вучыў упраўляцца з фотаапаратам. Прыемна, калі яна тэлефанавала і раілася, як з блізкім, ці абраць прафесію рабочую або звязаную з культурнай сферай, ці нават… за каго выйсці замуж.

У свой час уразіла шчырасць, з якой выхаванцы Ветрынскай школы-інтэрната Полацкага раёна прымалі нашу алімпійскую прызёрку Марыну Шкерманкову. Мінімум вызначаных загадзя пытанняў да спартыўнай зоркі, а максімум сваіх, што рэдка сустрэнеш у вучняў звычайных школ. Сама цяжкаатлетка ўпадабала наіўнае: «А ці зможаце вы ўзняць нашу шафу?»

Калі бываю ў Сянне, амаль кожны раз наведваю школу-інтэрнат для сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. Дзякуючы педагагічнаму калектыву на чале з дырэктарам Леанідам Казловым тут створаны камфортныя ўмовы для выхаванцаў, якіх стараюцца выпусціць у дарослае жыццё з багажом неабходных ведаў і навыкаў. Ветлівыя дзеткі заўсёды з павагай вітаюць гасцей. Але ўсё адно штосьці балючае адчуваецца ў глыбіні вачэй гэтых пакрыўджаных лёсам хлопчыкаў і дзяўчынак.

Заўсёды з павагай стаўлюся да таго, як адносяцца да дзяцей у закаўказскіх народаў. Жорсткая чачэнская вайна: столькі дзетак засталіся сіротамі, але ўсе яны знайшлі прытулак у блізкіх і далёкіх сваякоў, нават чужых людзей. Чаму ж нашы дзеці больш патрэбныя ў сем'ях італьянцаў ды іншых замежнікаў?! Зразумела, што за год псіхалогію народа не выправіш: на гэта патрабуецца змена пакаленняў, але тое, што на розных узроўнях робяцца захады па рэформе выхавання дзяцей-сірот на карысць сямейных дзіцячых дамоў ці апякунскіх сем'яў, лічу цалкам апраўданым. Любая, нават самая прыгожая, залатая клетка ніколі не заменіць птушаняці ўласнага гняздзечка, хай і з няроднай па крыві мамай.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Алесь БЫНЬКОЎ
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Обновить Защита от автоматических сообщений