Больш за 700 чалавек напісалі «Купалаўскую дыктоўку» у віцебскай гімназіі № 1 імя Ж. І. Алфёрава

«Купалаўскую дыктоўку» ў Міжнародны дзень роднай мовы ў віцебскай гімназіі № 1 імя Ж. І. Алфёрава пісалі Больш за 700 чалавек – вучні і настаўнікі.




Традыцыя менавіта так адзначаць свята жыве ў гімназіі з 2011 года. На дыктоўку запрашаюць пісьменнікаў, журналістаў, выкладчыкаў ВНУ – усіх тых, хто добра валодае родным словам і сваім прыкладам можа заахвоціць дзяцей адкрываць для сябе беларускую літаратуру, цікавіцца гісторыяй і традыцыямі сваёй краіны. У 11«А» класе дыктоўку з задавальненнем правяла карэспандэнт «Віцьбічаў» Наталля Чарнічэнка.

У гэты раз дыктоўка была прымеркавана да 140-годдзя з дня нараджэння славутага беларускага песняра, класіка нашай літаратуры Янкі Купалы. Як і заўжды, настаўнікі хваляваліся больш за вучняў, шчыра прызнаваліся, што задумваліся над напісаннем некаторых слоў. Але тут галоўнае нават не адзнака (толькі дзецям гэтага не кажыце), а смеласць праверыць сябе, паспрабаваць, на што ты здатны.




Свята роднай мовы ў гімназіі адзначаюць цэлы тыдзень. Стартаваў ён з адкрыцця выставы «Імёны зямлі беларускай», у планах шматлікія перформансы, інтэлектуальныя спаборніцтвы і акцыі.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Наталля ЯГОРАВА.