«Мастак. Вяртанне ў Віцебск». Першыя гледачы ўбачылі новы спектакль Беларускага тэатра «Лялька», прысвечаны Марку Шагалу

logo
Суббота, 06.04.2019 20:14 | Рубрика: Культура
03546

«Мастак. Вяртанне ў Віцебск». Такую назву мае гэта пастаноўка для дарослых мастацкага кіраўніка Беларускага тэат­ра «Лялька» Віктара Клімчука, які з’яўляецца і аўтарам ін­сцэніроўкі. Па сюжэце спектакля (як гэта і было ў рэальнас­ці) Шагал вяртаецца ў родны горад першых рэвалюцыйных гадоў… каб быць незразуметым, непрызнаным і пакінуць яго ўжо назаўжды. «Вяртанне ў Віцебск» у рэжысёра мае, зразумела, больш глыбокі сэнс.

Тэатральных пастановак пра Мастака наогул няшмат, што, напэўна, лёгка растлума­чыць. Але зрабіць гэта Віцебску, радзіме вялікага мастака, сам бог загадаў. Усе мы ведаем выдатны спектакль Віталя Баркоўскага «Шагал… Шагал…» — пастаноўка па­ранейшаму з’яўляецца жамчужынай рэпертуару Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа. І вось цяпер тэму працягнуў Віктар Клімчук. Можна смела сказаць: з гэтага часу ў Віцебску два тэатральныя «Шагалы», вельмі розныя, але аднолькава вартыя.

Чатыры гады ішоў да гэтай прэм’еры Віктар Клімчук. Перачытваў аўтабіяграфічную кнігу Марка Шагала «Маё жыццё», спасцігаў карціны мастака. Сапраўды, справа адказная, бо ў Віцебску дастаткова мастацтвазнаўцаў, якія добра ведаюць біяграфію Шагала і разумеюць яго творчасць. Тым больш прыемны канчатковы вынік: «вяртанне ў Віцебск» мастака адбылося!

У спектаклі паказаны пачатковы этап творчасці Шагала — з юных яго гадоў, калі занадта прыземлены побыт роднага горада і практычныя свая­кі павінны былі, па ўсіх законах рэальнасці, перабіць яшчэ не моцныя крылы Творцы. Але гэтага не адбылося — дзякуючы Богу, шагалаўскаму генію і… Музе.

Ролю мастака выконвае прызнаны майстар лялечнага тэатра Юрый Франкоў. Не трэба шукаць падабенства з рэальнасцю, гэта справа дзясятая. Мяккасць, інтэлігентнасць, сціп­ласць і разам з тым здольнасць устойліва служыць свайму прызначэнню — такія рысы перадае Юрый Франкоў, ствараючы свайго непаўторнага Шагала.

Ролю Музы, або каханай, а затым жонкі мастака, выконвае маладая актрыса Марына Марозава. Яе талент і выдатныя знешнія дадзеныя, яе бліскуча выкананая партыя ў дуэце з Юрыем Франковым падахвочваюць выклікнуць: «Вось яна — сапраўдная Бэла Розенфельд!»

Каларытны віцебскі, габрэйска­мес­тачковы свет, як, зрэшты, і мастацкі свет Санкт­Пецярбурга і Парыжа, ствараюць Вольга Маханькова (Цётка Муся, а таксама Мама — кранальны вобраз), Алег Рыхтэр (Бацька, Дзядзь­ка Нэх і Бакст), Сяргей Талкач (яшчэ адзін дзядзька Шагала — Зюся, а таксама Пэн), Вольга Лазебная (Цётка Шая), Наталля Гайдук (Цётка Гуця).

Кожная карцінка на сцэне ў Віктара Клімчука ператвараецца ў твор, шматслаёвы, з глыбокім падтэкстам. Заслуга ў тым і Соф’і Шахноўскай (сцэнаграфія, лялькі і касцюмы), і Дзiяны Юрчанкі, чыя харэаграфія ператварае спектакль у пластычнае, жывое дзейства, і кіраўніка літаратурна­драматычнай часткі тэатра «Лялька» Людмілы Сіманёнак, якая зрабiла пераклад на беларускую мову.

«Вяртанне ў Віцебск» можна раскласці на цэлы шэраг тэм, і пра кожную гаварыць асобна. Ну, напрыклад, горкая іронія ў дачыненні да рэвалюцыйнай ашалеласці, якая пагражае падмяць пад сябе Майстра. Або асаб­ліва меркантыльны маленькі свет, так зразумелы многім з нас. Але галоўнае — вечны палёт у цёплым небе над Віцебскам. Хіба не гэтым адметны наш горад у вачах усяго свету? Ці разумеем мы гэта? Ці здольныя прыняць Мастака, які імкнецца да нас вярнуцца?

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Віталій СЯНЬКОЎ. Фота Вячаслава ШАЙНУРАВА.