У рамках патрыятычнай акцыі «Памяць», прымеркаванай да Дня памяці Хатынскай трагедыі, у Докшыцкім раёне прайшлі жалобныя мерапрыемствы

logo
Понедельник, 22.03.2021 18:26 | Рубрика: Официально
04270

Тры вёскі тут былі спалены разам з людзьмі, як і Хатынь, і не адрадзіліся пасля заканчэння вайны. Гэта Шунёўка, Залатухі і Азарцы.

Мітынг у Азарцах і даў старт акцыі памяці. Прадстаўнікі мясцовай улады, школь­нікі, грамадскасць ушанавалі памяць тых, хто загінуў лютай смерцю, не дажыў да светлага Дня Перамогі. Да вайны ў Азарцах налічвалася 17 двароў. 12 жніўня 1943 года акупанты ўварваліся ў вёску і сталі выганяць лю­дзей з хат. Некаторым удалося ўцячы ў бліжэйшае балота, а 27 чалавек — жанчыны, старыя, дзеці — былі расстраляны, чацвёра спалены жывымі. У вёсцы таксама згарэлі ўсе пабудовы. Людзі так і не вярнуліся на папялішча, і Азарцы зніклі з карты Докшыцкага раёна, але за­сталіся ў памяці людской. У 1989 годзе тут быў пастаўлены помнік — жаноцкая постаць увасабляе бязмежнае гора і разам з тым мужнасць людзей, якія здолелі перамагчы ворага.

Старшыня Параф'янаўскага сельскага Савета Валерый Навумчык падкрэсліў, што мы сённяшнія павінны памятаць пра бязвінныя ахвяры фашызму і пра тых, хто загінуў, каб над намі было мірнае неба.

Завяршыўся мітынг хвілінай маўчання, а падножжа помніка расквецілі чырвоныя гваздзікі.

На жалобны мітынг на мемарыяльным комплексе ў Шунёўцы 20 сакавіка прыехалі намеснік старшыні аблвыканкама Уладзімір Пенін, начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама Генадзь Ягораў, а таксама кіраўніцтва раё­на, прадстаўнікі грамадскасці, духавенства. Завіталі ўдзельнікі аўтапрабегу «Памяць жывая», які праходзіў па маршруце Наваполацк—Ушачы—Лепель—Докшыцы, разам з яго кіраўніком членам Савета Нацыянальнага сходу Рэспублікі Бе­ларусь, старшынёй Нава­полацкага гарвыканкама Дзмітрыем Дзямідавым.

Усяго ў Докшыцкім раёне нямецка-фашысцкія захопнікі спалілі і разбурылі больш за сто населеных пунктаў, некаторыя разам з жыхарамі. Сімвалам мужнасці і стойкасці назваў мемарыяльны комплекс у Шунёўцы Уладзімір Пенін.

— Мы знаходзімся на зямлі, якая стогне ад слёз і болю. Шунёўка сёння — гэта памяць аб тысячах загінуўшых у Вялікую Айчынную вайну сыноў і дачок докшыцкай зямлі. Мы павінны помніць яе ўрокі, данесці іх да сённяшняй моладзі, каб маладыя ведалі, якой цаной дасталася перамога. У час, калі знаходзяцца людзі, якія жадаюць перапісаць гісторыю, гэта вельмі важна, — сказаў Уладзімір Пятровіч.

Былы партызан, салдат-вызваліцель, настаўнік з вялікім стажам Валянцін Іванавіч Якушэўскі — адзін з тых, хто можа расказаць, як кавалася перамога, як амаль нанова будаваліся гарады і вёскі. Вось таму ўспаміны заслужанага ветэрана слухалі з непадробным інтарэсам. Быць уважлівым да сябе, да сваёй душы, не прымаць удзел у справах цемры заклікаў у сваім выступленні настаяцель храма Па­крова Прасвятой Багародзіцы ў Докшыцах протаіерэй Георгій Мялешка.

Завяршыўся мітынг-рэквіем цырымоніяй ускладання кветак да пом­ніка-сімвала «Праклён фа­шызму».

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ. Фота Аляксандра ВАРАНКОВІЧА.