Больш за кіламетр у даўжыню мае вуліца 39-й Арміі ў заходняй частцы Віцебска (раён ДБК)

logo
Пятница, 01.07.2022 14:38 | Рубрика: Социум
01377

Каму абавязаны жыццём…

Вуліца, якая носіць імя гэтага вай-сковага фарміравання, нездарма ёсць на карце нашага горада. 39-я армія мела самае непасрэднае дачыненне да вызвалення Віцебска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Спачатку ў студзені 1944 года яна ўдзельнічала ў Віцебскай аперацыі, у час якой удалося адсунуць гітлераўцаў, але, на жаль, вельмі шмат байцоў пры гэтым загінулі.

У час Віцебска-Аршанскай наступальнай аперацыі спроба аказалася больш удалай. Войскі пад камандаваннем Героя Савецкага Саюза Івана Люднікава ў супольнасці з 43-й арміяй вызвалілі наш родны горад.

Цікава, што сярод вызваліцеляў 26 чэрвеня ў Віцебску быў і вядомы паэт, спецыяльны карэспандэнт газеты «Красная правда», друкаванага органа 3-га Беларускага фронту, Аляксандр Твардоўскі. Ён неаднаразова прыгадваў гэты факт і тое, што ўсё было ў руінах: «Воронка в воронку издолблена и исковеркана эта земля, вдоль и поперек изрыта, изрезана траншеями, захламлена ржавым, горелым и ломаным железом...»

У снежні 1973-га напярэдадні 30-годдзя вызвалення Віцебска ў гонар пераможцаў была перайменавана ко­лішняя вуліца 3-я Сацыялістычная.

Надзейны «Маналіт»

На вуліцы знаходзіцца і ААТ «Віцебскі завод радыёдэталей «Маналіт», які таксама можна назваць градаўтвара­ль­ным прадпрыемствам. Ён быў пабудаваны ля перакрыжавання з вуліцай Максіма Горкага ў 1958 годзе.

Тут паведамілі, што на сёння гэта буйнейшы на тэрыторыі СНД вытворца керамічных кандэнсатараў найвышэйшых катэгорый якасці. Прыкладна палова ўсіх зробленых у краінах Садружнасці сістэм выходзіць з цахоў «Маналіта». Сёння ён не такі «шматлюдны», якім быў у савецкія часы. Так, частку памяшканняў займаюць іншыя арганізацыі.

Чароўны свет кніг

Не адно дзесяцігоддзе на вуліцы размяшчалася дзіцячая бібліятэка імя Якуба Коласа. У мінулым годзе яна адзначыла свой 70-гадовы юбілей. Колькі гадоў таму бібліятэка пераехала ў культурна-дзелавы цэнтр «Першамайскі», які знаходзіцца побач.

Супрацоўніца бібліятэкі Таццяна Вінаградава паведаміла, што яе наведваюць шмат чытачоў сталага веку. Некаторым ужо цяжка самім дайсці, і тады ў ролі кніганошы выступае бібліятэкар. Усё ж такі сама жыхарка гэтага раёна і ўсіх у ім ведае.

Бібліятэка цесна супрацоўнічае з сярэднімі і дашкольнымі навучальнымі ўстановамі раёна. Зараз, у час летніх вакацый, школьнікі актыўна бяруць літаратуру, патрэбную для пазакласнага чытання.

Тут праводзяць тэматычныя вечарыны, а таксама сустрэчы з пісьменнікамі і паэтамі Віцебшчыны. Бібліятэка сумесна з ТЦСАНам Першамайскага раёна рэалізуе сумесны праект «Творца жыве ў кожным з нас» па рабоце з маладымі журналістамі.

Ёсць крыніца жывой вады

У даўнія часы ў раёне цяперашняй вуліцы 39-й Арміі была драўляная царк­ва Параскевы Пятніцы. Гэта святая лічылася захавальніцай сямейнага дабрабыту. Царква з'яўлялася падвор'ем Свята-Троіцкага Маркава манастыра. Яна была драўлянай. Неўзабаве пасля рэвалюцыі яе зачынілі, а на гэтым месцы праз пэўны час пабудавалі лазню. Потым будынак прыйшоў у заняпад.

З адраджэннем духоўнага жыцця ў 2001 годзе па гэтым адрасе быў зарэ­гістраваны прыход храма Святога Пакутніка Фаддзея архіепіскапа Цвярскога. Яму была перададзена частка святых парэшткаў, якія дагэтуль знаходзяцца ў царкве. Храм дзеючы, аднак працягвае дабудоўвацца.

Побач з царквой здаўна існавала крыніца. Першыя згадкі пра яе адносяцца да XVI стагоддзя. Была нават традыцыя наладжваць сюды хросныя хады. Яны збіралі мноства вернікаў.

Сёння традыцыя аднаўляецца. На свята Вадохрышча тут заўсёды багата людзей. І ўдзень, і ўночы яны ідуць сюды за святой вадой. У гэты дзень гараджане могуць акунуцца ў купелі.

Аднак і ў іншыя дні пастаянна прыязджаюць па ваду людзі з розных ваколіц. А ўжо некаторыя «абарыгены» што­дзённа яе спажываюць.

Плавалі, як дэльфіны

Папулярнасцю ў гараджан карыстаўся адкрыты басейн «Дэльфін», які належаў Віцебскдрэву. Людзі прыяз­джалі з розных куткоў Віцебска, каб у любое надвор'е паплаваць у сваё задавальненне. Тут нават былі трыбуны, на якіх у час правядзення спаборніцтваў збіраліся гледачы, бо праходзілі турніры па плаванні і водным пола рознага ўзроўню.

Праўда, многія адзначалі, што ў летні перыяд вакол стаяў спецыфічны пах хлоркі. Потым басейн зачынілі.

«Армейскія» людзі

Вуліца пераважна забудавана 2–5-павярховымі дамамі «ў гадах». Зразумела, што аўтар гэтых радкоў не мог не паразмаўляць з іх жыхарамі, ад якіх пачуў шмат цікавага пра тутэйшыя мясціны.

Так, Алена Мікалаеўна прыехала сюда каля трыццаці гадоў таму па накіраванні з Гродзенскай вобласці працаваць у сістэме жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Спачатку меркавала, што ненадоўга. Аднак атрымала кватэру, ды і мясцовая прырода спадабалася. Так і засталася тут. Памятае, як да прахадной «Маналіта» на змену шыбавалі многія сотні працоўных.

А вось дзядзька Уладзімір, так ён мне прадставіўся, ужо колькі дзесяцігоддзяў як прыехаў з Вілейкі і ведае вуліцу не горш за старажылаў. Ад яго я даведаўся, што раён на перасячэнні з вуліцай Максіма Горкага называецца ў народзе «крыж».

Распавялі мне і пра невялікія Загорскія могілкі, якія знаходзяцца побач: тут існавала вёска Загор'е. Захавалася вельмі падобная на казку легенда. Калісьці на гэтым месцы ваўкі загрызлі гусара. У памяць аб ім тут жа пабудавалі капліцу. А пасля побач сталі хаваць нябожчыкаў.

Усяго багата

Адна з адметнасцей раёна — Палац культуры домабудаўнічага камбіната. Толькі цяпер ён культурна-дзелавы цэнтр «Першамайскі». У ім функцыянуе шмат гурткоў творчай накіраванасці, праводзяцца разнастайныя мерапрыемствы. Так, у рамках Міжнароднага дня бацькі прайшла конкурсная праграма «Тата можа». Да слова, пераможцам стаў вадзіцель абласнога ўпраўлення МНС Сяргей Заўгародні, які выхоўвае траіх дзяцей.

Акрамя ўсяго іншага, дзясяткі хлопчыкаў і дзяўчынак з усяго горада займаюцца тут усходнімі адзінаборствамі. У летні час заняткі часта праводзяць на свежым паветры.

Хапае на вуліцы і гандлёвых кропак. Напрыклад, цэнтр «Марка», «Евроопт», «Веста», «Витебский Хозторг» ды іншыя крамы. Прыгожы будынак сталовай ААТ «Віцебскдрэў» таксама знаходзіцца тут, праз дарогу ад царквы.


Варта адзначыць, што вуліца пачынаецца ад Дзвіны, якая нясе свае вечныя воды ў Балтыйскае мора. Так прыемна спыніцца на беразе нашай славутай ракі ды паразважаць над таямніцай нашага існавання на гэтым свеце.

Як добра мець свой дом

На вуліцы 39-й Арміі доўгі час знахо­дзіўся завод буйнапанэльнага домабудавання ДБК.

Першы панэльны дом з прадукцыі завода быў пабудаваны ў 1960 годзе на праспекце Фрунзе. У 1966-м на цяперашняй плошчы Перамогі ўзведзены ўнікальны ў Беларусі 9-павярховы панэльны дом з убудаваным магазінам на першым паверсе. Усіх поспехаў, навацый і дасягненняў за гэтыя дзесяцігоддзі не злічыць. Iмі было значна зменена аблічча горада, якое стала больш сучасным. Многія тысячы віцябчан усяліліся ў кватэры панэльных дамоў. Вялікім плюсам была хуткасць, з якой іх узводзілі.

Завод ужо даўно пера­ехаў у новыя карпусы, аднак цэлы раён горада ў народнай тапаніміцы дагэтуль мае імя «ДСК».

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Алесь БЫНЬКОЎ. Фота аўтара.
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Обновить Защита от автоматических сообщений