«Марыў пра сына, а нараджаліся дзяўчаты...» Валянціна і Віктар Сініцкія з Шумілінскага раёна сталі прыёмнымі бацькамі для пяці хлопцаў

logo
Среда, 07.07.2021 10:52 | Рубрика: Общество
01872
Валянціна і Віктар Сініцкія выгадавалі пяць дачок. У старэйшых дзяўчат ужо даўно свае сем'і, самая малодшая, 18-гадовая Даша, вучыцца зараз у акадэміі ветэрынарнай медыцыны. А яшчэ ўвагу і клопат у гэтай сям'і знайшлі пяцёра хлопцаў, якім Сініцкія замянілі бацькоў. 

DSC_0339 (1).JPG

— У нас жа адны дзяўчаты нараджаліся, а я так марыў пра сына, — прызнаўся Віктар Мікалаевіч. — А аднойчы ў раённай газеце прачытаў, што ў Обальскім прытулку жыве хлопчык, якому патрэбна сям'я. Мы параіліся з жонкай і вырашылі, што паспрабуем калі і не замяніць яму бацькоў, то ва ўсялякім разе зробім усё магчымае, каб хлопчык адчуваў увагу і клопат аб сабе. 

Так 10 год таму ў сям'і Сініцкіх з'явіўся прыёмны сын Юра. Потым яшчэ адзін, і яшчэ. За гэты час сямейны прытулак тут знайшлі пяцёра хлопцаў. Трое ўжо выраслі, узбіліся на свой хлеб. Але дарогу да прыёмных бацькоў не забываюць. Прыязджаюць сюды як дадому, дапамагаюць па гаспадарцы. Як і родным дзецям, Сініцкія абавязкова даюць ім з сабой гасцінцаў у дарогу, перажываюць за іх лёс, дапамагаюць чым могуць.
Зараз Валянціна і Віктар выхоўваюць двух братоў — 14-гадовага Уладзіка і Валеру, якому споўнілася 11. 

— Мы ўжо не бацькі для іх, а баба з дзедам, — усміхаецца Валянціна Віктараўна. — У нас жа і сваіх унукаў ужо восем.
Прыёмныя бацькі робяць усё магчымае, каб хлопцы падтрымлівалі сувязь з бацькамі біялагічнымі. Улад і Валера пастаянна тэлефануюць роднай маці, а ў дзень яе нараджэння Сініцкія завезлі хлопцаў у госці з падарункамі. 

Валянціна Віктараўна зараз на пенсіі. Шмат гадоў рупілася на ферме, потым працавала паштальёнам. Яна першай з раёна стала лаўрэатам абласной прэміі імя Героя Савецкага Саюза З. М. Тусналобавай-Марчанка, мае ордэн Маці. 

Віктар Мікалаевіч, да таго як стаў прыёмным бацькам, працаваў у мясцовым сельгаспрадпрыемстве механізатарам. Сям'я заўжды мела вялікую гаспадарку. Адных кароў трымаюць 20! Ёсць на падворку свінні, птушкі ўсіх відаў — ад цацарак да гусей. Іх, праўда, ніхто не лічыў. Вясковым людзям не трэба тлумачыць, якіх сіл каштуе весці такую гаспадарку. Але Сініцкія прывыклі — усё жыццё ў працы. Кароў, вядома, дояць з дапамогай даільных апаратаў, ёсць трактар, іншая неабходная тэхніка для апрацоўкі зямлі. Адной бульбы саджаюць два гектары — уручную не справішся. 
— Пад'ём у мяне а чацвёртай гадзіне. Бывае і цяжка ўстаць, думаю: вось падаю кароў ды прылягу, — прызнаецца гаспадыня. — Але дзе ж там? Адно, другое — і сну ўжо няма. 

Затое на стале ўсё сваё: малако, яйкі, бульба, гародніна. Натуральнае і карыснае. І магазін не трэба. Яго тут і няма. За пакупкамі ездзяць у суседняе Мікалаева. 

А ў Макраках толькі Сініцкія і засталіся — вёска зусім апусцела. Але адрэзанымі ад свету яны сябе не адчуваюць. Хлопцаў на вучобу ў аграгарадок Кардон возіць школьны аўтобус. Калі трэба куды паехаць, ёсць уласны аўтамабіль. 

У Макраках заўжды збіраецца ўся сям'я — дочкі, зяці, унукі ды прыёмныя дзеці. Тут іх радавое гняздо, месца сілы. Сініцкія ўмеюць працаваць, умеюць любіць, дзяліцца сардэчным цяплом. Можна не сумнявацца, што дзеці, якія знайшлі прытулак пад дахам іх дома, напітаўшыся гэтай сілы, вырастуць годнымі, шчаслівымі людзьмі.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Наталля ЧАРНІЧЭНКА. Фота аўтара.