Новы дзіцячы садок расчыніў свае дзверы для 116 дзяцей і 43 работнікаў установы ў Паставах

logo
Четверг, 04.02.2021 09:54 | Рубрика: Общество
02423

У апошнія гады вядзецца актыўная забудова мікрараёна 6­-га гарадка райцэнтра. Шчаслівымі ўладальнікамі квадратных метраў тут, як правіла, становяцца мнагадзетныя сем’і. У прадуманай да дробязей інфраструктуры не хапала толькі ясля-ў­сада. Пытанне пра яго будаўніцтва неаднойчы ўзнімалася на розных узроўнях.

— Некалькі гадоў назад мы паставілі задачу ліквідаваць праблему недахопу дзіцячых садоў у вобласці ў цэлым, — падкрэсліў старшыня аблвыканкама Мікалай Шарснёў падчас адкрыцця сацыяльнага аб’екта. — Па нашай просьбе Белаграпрамбанк вырашыў выдзеліць крэдыты на будаўніцтва дашкольных устаноў пад гарантыю райвыканкамаў і аблвыканкама. На прапанаваную схему згадзіўся толькі кіраўнік Пастаўскага раёна Сяргей Чэпік. Сёння мы бачым, што ён рызыкнуў недарэмна, узяўшы на сябе адказнасць.

Гаворачы пра перспектыву, Мікалай Мікалаевіч паведаміў, што аблвыканкам ставіць задачу стварыць у рэгіёне сучасныя дзіцячыя садкі, школы будучыні ў кожным райцэнтры, спрыяльныя ўмовы для жыцця і працы. Гэта неабходна, каб маладыя людзі не імкнуліся ў вялікія гарады.

Такі падыход цалкам адпавядае асноўным палажэнням праекта Праграмы сацыяльна­-эканамічнага развіцця Беларусі на найбліжэйшую пяцігодку, акцэнт у якім зроблены на моцныя рэгіёны.

Працягнецца ў гэтым кірунку работа і на Пастаўшчыне. Адкрываючы дашкольную ўстанову, Сяргей Чэпік падзякаваў усім, хто мае дачыненне да яе ўзвядзення.

Незвычайнага дызайну будынак, які нагадвае казачны замак, за год узвялі работнікі будаўнічага прадпрыемства «Рассвет Поставский». Вынікам іх працы захапляюцца ўсе без выключэння, а найлепшыя прадстаўнікі калектыву адзначаны граматамі і падзякамі.

Усім сучасным патрабаванням адпавядае дашкольная ўстанова і ўнутры. Экскурсію для гасцей правяла загадчык ясляў­-сада № 6 Наталля Руткоўская. Тут абуладкавана 6 групавых пакояў для дзетак розных узростаў і кабінеты для спецыялістаў. Яны абсталяваны прадукцыяй мясцовага прадпрыемства ААТ «Поставымебель». Харчовы блок аснашчаны параканвектарамі, электрапатэльнямі, жарачнымі шафамі і іншым інвентаром з нержавеючай сталі. У медыцынскім блоку ёсць пакой для фізіятэрапеўтычных працэдур, у якім дзеткам нават будуць рабіць масаж. Для хворых прадугледжаны ізалятар. Трэнажоры і мяккія модулі ў зале ЛФК прызначаны для карэкцыі постаці і плоскаступнёвасці малых. Навыкі работы з сучаснымі гаджэтамі дзеці атрымаюць у камп’ютарным класе. У ім ёсць і мультыборд для інтэрактыўных развіваючых гульняў. Яшчэ адна разынка дашкольнай установы — басейн памерам 3х4 метры і глыбінёй 80 сантыметраў. Ён аснашчаны сістэмай рэцыркуляцыі вады.

На ўваходзе ва ўстанову дзяжурыць вахцёр, на дзвярах — кодавыя замкі для бяспекі. Ёсць пасажырскі і гаспадарчыя ліфты. Нават фрамугі на лесвічных пляцоўках адчыняюцца аўтаматычна. Не меншае захапленне выклікаюць гульнявыя пляцоўкі на тэрыторыі ўстановы.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Вераніка ФІЛАНОВІЧ, Паставы. Фота аўтара.