У Лепельскім раёне адкрылі станцыю абезжалезвання, абнавiлi спартыўную залу сярэдняй школы і помнік партызанам і падпольшчыкам

logo
Вторник, 11.08.2020 16:41 | Рубрика: Общество
02711

Чарговыя падарункі для жыхароў Лепельскага раёна былі падрыхтаваны на мінулым тыдні.

Станцыя абезжалезвання

Новым аб’ектам стала станцыя абезжалезвання ў аграгарадку Горкі. У сельскім населеным пункце, дзе пражывае больш за 200 чалавек, у тым ліку шмат маладых сем’яў, узнікла праблема якасці пітной вады. Пытанне было ўзята на кантроль райвыканкамам, і пачаліся неабходныя работы па будаўніцтве станцыі. Як жа было прыемна мясцовым жыхарам убачыць новы будынак станцыі, які з’явіўся тут менш як за два месяцы!

На ўрачыстым адкрыцці станцыі абезжалезвання ў аграгарадку сабралася шмат гасцей. Цёпла прывітаў усіх гасцей старшыня райвыканкама Міхаіл Кісялевіч:

-- Вядома, што адной з неад’емных частак жыццядзейнасці чалавека з’яўляецца спажыванне вады. Асабліва важна, калі яна мае належную якасць. Мы робім усё магчымае дзеля таго, каб жыхары Лепельшчыны маглі карыстацца чыстай пітной вадой. Усяго ў раёне дзейнічае шэсць станцый абезжалезвання, яшчэ дзве будуць адкрыты ў бліжэйшы час. У мінулым годзе такі аб’ект быў адкрыты ў вёсцы Заслонава. І вось сёлета нам удалося ажыццявіць чарговую задуму -- пабудаваць станцыю абезжалезвання ў аграгарадку Горкі. Вядома, што зараз якасць пітной вады стала значна лепшай. На будаўніцтва станцыі было затрачана 208 тысяч рублёў, -- адзначыў Міхаіл Леанідавіч.

Ад душы падзякавала прадстаўнікам мясцовай улады за клопат пра людзей і кіраўнік справамі Горскага сельвыканкама Ларыса Віткоўская.

Для таго, каб ацаніць якасць пітной вады, у будынак станцыі былі запрошаны ганаровыя госці. Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Іван Гардзейчык, старшыня райвыканкама Міхаіл Кісялевіч, старшыня раённага Савета дэпутатаў Ігар Урбан і дырэктар філіяла “Лепельводаканал” УП “Віцебскаблводканал” Юрый Шыпкін пакаштавалі чыстай вады, выпрацаванай станцыяй.

Сучасная спартыўная зала

Адбылося адкрыццё і яшчэ аднаго важнага аб’екта -- абноўленай спартыўнай залы дзяржаўнай установы адукацыі “Сярэдняя школа № 1 горада Лепеля”.

Для таго, каб спартыўная зала набыла сучасны добраўпарадкаваны выгляд, была праведзена значная работа. Заменены аконныя блокі, зроблены рамонт столі, даху, пафарбаваны сцены, заменена падлога, а таксама набыты спартыўны рыштунак -- баскетбольныя шчыты, шведскія сценкі, брусы і лаўкі. Акрамя таго, праведзена добраўпарадкаванне тэрыторыі: зроблены рамонт ганку, пандус і наладжана сучаснае асвятленне. На правядзенне неабходных рамонтных работ было затрачана 105 тысяч рублёў. Дырэктар школы Аксана Харлёнак выказала шчырую падзяку прадстаўнікам мясцовай улады і аддзела па адукацыі райвыканкама за ўсебаковую падтрымку пры правядзенні работ.

Госці з задавальненнем наведалі абноўленую спартыўную залу і пераканаліся ў тым, што для вучняў сярэдняй школы № 1 створаны належныя ўмовы для заняткаў фізкультурай.

Утульны куток ля бібліятэкі

Тэрыторыя, што прылягае да дзяржаўнай установы культуры “Лепельская цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма” зараз нагадвае цудоўны зялёны куток. Кожны з прахожых мае магчымасць не толькі ўзяць у бібліятэцы любімае выданне, а і пачытаць яго, седзячы на лавачцы сярод зеляніны маладых дрэўцаў і падыхаць свежым паветрам. Незвычайную прыгажосць сваімі рукамі стварылі самі работнікі бібліятэкі пад кіраўніцтвам яе дырэктара Алены Мазго.

Ёй і яе намесніку Іне Юшко Міхаіл Кісялевіч уручыў Ганаровыя граматы райвыканкама за значную работу па добраўпарадкаванні тэрыторыі і актыўны ўдзел у грамадска-палітычных мерапрыемствах. Старшыня раённага Савета дэпутатаў Ігар Урбан уручыў Ганаровую грамату раённага Савета дэпутатаў начальніку ўпраўлення цэнтралізаванага гаспадарчага абслугоўвання Вользе Шарстук за добрасумленную плённую работу, высокі прафесіяналізм і эфектыўную работу па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў Лепельскага раённага Савета дэпутатаў.

Абноўлены помнік партызанам і падпольшчыкам

Значнай падзеяй стала таксама адкрыццё абноўленага помніка партызанам і падпольшчыкам ля райваенкамата. Юныя артысты дзяржаўнай установы адукацыі “Гімназія імя І.Ерашова” выступілі перад гасцямі з пранікнёнай кампазіцыяй, прысвечанай тэме вайны.

Назіраючы за інсцэніроўкай, многія прысутныя не маглі стрымаць слёз. Пад пранікнёныя гукі музыкі прадстаўнікі мясцовай улады, пачэсныя госці ўсклалі вянкі і кветкі да помніка.

Адкрыццё новых аб’ектаў на Лепельшчыне стала яскравым доказам таго, што клопату і ўвазе да патрэб людзей, вырашэнню іх надзённых пытанняў надаецца асаблівае значэнне.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Святлана ВАЗНЯК, горад Лепель.