Дапамагчы ўладкавацца буслам, якiя хутка прыляцяць у Вiцебскую вобласць, можна на ўласным дачным участку

logo
Четверг, 28.03.2019 11:22 | Рубрика: Общество
01706

З лёгкай рукі нашага земляка Уладзіміра Караткевіча Беларусь сталі называць зямлёй пад белымі крыламі. Сваімі крыламі-ветразямі захінае нашу краіну птушка, якая стала яе сімвалам, – белы бусел.

Гэты птах стаў першай птушкай года, якую з 2000 года штогод абвяшчае грамадская арганізацыя “Ахова птушак Бацькаўшчыны”. У свеце налічваецца больш за 230 тысяч гняздуючых пар белага бусла, з якіх больш за 50 тысяч – у Польшчы, 30 тысяч – ва Украіне і каля 21,5 тысячы – у Беларусі. Буслы амаль поўнасцю зніклі ў Чарнобыльскай зоне, таму што яны кормяцца на ўчастках з невысокай травой. Зона ж адсялення зарасла, і хаця там поўна насякомых і жаб, бацяны дастаць іх не могуць.

Па той жа прычыне – няма дзе пад’есці – буслы не селяцца ў вялікіх гарадах. А вось у маленькіх гарадках, пасёлках, вёсках – вельмі ахвотна. Адметна, што гэтыя птушкі вітаюць суседства з чалавекам, ахвотна складаюць яму кампанію.

На Віцебшчыну бацяны прылятаюць з выраю, а зімуюць ажно ў афрыканскіх саванах, прыкладна ў сярэдзіне красавіка. Бусел вяртаецца на некалькі дзён раней за бусліху. Пары з года ў год засяляюцца ў сваё ж гняздо, кожны раз папярэдне рамантуючы і дабудоўваючы яго. Новыя пары бацяны ствараюць на 3-4-м годзе свайго жыцця, адпаведна, будуюць першае гняздо і выводзяць птушанят. Сёння чвэрць беларускіх буслоў, а ў некаторых раёнах і значна болей, гняздуецца на слупах, воданапорных вежах. Гадоў 50 таму такія выпадкі былі адзінкавымі, бо людзі цясней сябравалі з прыгожымі птушкамі і клапаціліся пра іх, дапамагаючы ім ладзіць гнёзды.

Выбіралі адзінокае дрэва, спільвалі яго вяршыню на адлегласці не меней за 4 метры ад зямлі і ўсцягвалі наверх старое кола, лёгкую барану – аснову кубла. Часам людзі прыстасоўвалі для буслінага гнязда дахі сваіх дамоў. Такі звычай нарадзіўся ў перакананні, што бацян сябруе з Перуном, і той ніколі не запаліць яго жытла маланкаю. Людзі назіралі і тое, што птахі жывуць параю, як бы ў шлюбе, бацькі падзяляюць клопаты аб птушанятах. Адсюль перакананне, што буслы – сімвал вернасці, адданасці і бацькоўскай любві. Дапамагчы ўладкаваць буслянку рэкамендавалася бяздзетным сямейным парам.

Традыцыя прыцягнення людзьмі птушак на гнездаванне паступова згасае. Але яе можна ўзнавіць. Паспець трэба да пачатку ці хаця б у першай дэкадзе красавіка. Калі паблізу ёсць буслава кубло, новае варта рабіць на адлегласці не менш за 300 метраў ад яго, каб птушыныя сем’і не пасварыліся. Апора для гнязда павінна быць трывалай: ёй належыць вытрымаць і надбудову, і птушак, і іх вывадак, а гэта значыць, значную вагу. Як пашанцуе – на вашай буслянцы хутка заклякочуць прыгожыя птахі, абвяшчаюцы шчасце і радасць вашаму дому.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Святлана ЯКАЎЛЕВА. Фота Алега КЛIМОВIЧА.