Новый 40-квартирный жилой дом сдан в эксплуатацию в Ушачах накануне Нового года

logo
Вторник, 03.01.2017 23:15 | Рубрика: Общество
01897

Нягледзячы на ўсе складанасці, дзяржава аказвала і працягвае аказваць дапамогу рэгіёнам у гэтай важнай справе. І кожны год ва Ушацкім раёне азнаменаваны ўводам у эксплуатацыю новабудоўляў, якія маюць вялікую сацыяльную значнасць. Сёлета такімі сталі рэкан­струкцыя з рэстаўрацыяй мемарыяльнага комплексу «Прарыў», асвячэнне пасля завяршэння работ храма святых пакут­ніц Мінадоры, Мітрадоры і Німфадоры і 40-кватэрны жылы дом на вуліцы Віцебскай, у адкрыцці якога напярэдадні Новага года прыняў удзел старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў.

Жыллё, дзе саграваюцца цяплом

Перад гэтым кіраўнік заканадаўчай улады Віцебшчыны наведаў яшчэ адзін сацыяльны аб’ект — дом сямейнага тыпу ў аграгарадку Арэхаўна, які за бюджэтныя сродкі быў пабудаваны ў маі 2013 года. Цішыня тут пануе рэдка, сямёра дзяцей — двое сваіх і пяцёра прыёмных — ні на хвіліну не даюць засумаваць Анастасіі і Вячаславу Залатым. А 30 снежня бацькі і дзеці толькі паспявалі прымаць гасцей з навагоднімі падарункамі і сюрпрызамі.

— Рэспубліканская дабрачынная акцыя «Нашы дзеці» стала добрай беларускай традыцыяй і абавязвае дарослых дарыць хлопчыкам і дзяўчынкам святочны настрой, клопат і ўвагу, — адзначыў У.Цярэнцьеў, які разам са старшынёй райвыканкама Віктарам Родзічам і старшынёй раённага Савета дэпутатаў Вольгай Захарэнка ўручыў падарункі як для сям’і — у адным з пакояў пра гэта мерапрыемства будзе нагадваць вялікая карціна, — так і кожнаму з сямі дзяцей. Напрыклад, Ваня шчыра ўзрадаваўся санкам, а самы меншы Сярожа адразу ж прыняўся апрабоўваць уласцівасці новай машынкі. Але гэта было не ўсё! Са­праўдны навагодні цуд чакаў сям’ю на вуліцы, і ўжо праз хвіліну бацькі і малыя радаваліся сямі новым веласіпедам — для кожнага па ўзросце. «Цяпер усім разам можна будзе ў велапаход адпраўляцца!» — адзначыла гаспадыня і шчыра падзякавала прадстаўнікам улады.

Павіншаваць з навагоднімі святамі сям’ю ў гэты дзень завіталі прадстаўнікі ўшацкіх прадпрыемстваў і арганізацый. Сімвалічнай была прысутнасць прадстаўнікоў «НікСілБуда» — менавіта гэта прыватнае прадпрыемства, якое пабудавала дом сямейнага тыпу, першым і паклала пакет салодкіх ласункаў пад ёлачку. З падарункам наведаў сям’ю Сяргей Ільюшэвіч, ляснічы Сарочынскага лясніцтва, дзе працуе галава сямейства, свае прэзенты ўручылі прадстаўнікі разлікова-касавага цэнтра №37 Белаграпрамбанка і старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Мікалай Бухалка. Акрамя салодкіх падарункаў былі і неабходныя ў гаспадарцы, карысныя для здароўя: ААТ «Дземенец» перадала сям’і мяшок грэчкі, а ТАА «Лес» — упакоўку журавіннага прыпасу. Начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Іна Сыроўчанка ўручыла патрэбныя ў быце рэчы: падстаўку для абутку, сушылку для бялізны, рамкі для сямейных фатаграфій, насценны гадзіннік.

Здаецца, яшчэ нядаўна на гэтым месцы побач з царквой было пуста, а зараз у прасторным доме саграваюцца дзіцячыя сэрцы, пануе дабрыня і ўтульнасць, а пад Новы год тут сустракалі гасцей, час­тавалі смачным тортам і разам вадзілі карагоды.

Сумеснымі намаганнямі

З ужо абжытага дома ў Арэхаўне У.Цярэнцьеў разам з раённым кіраўніцтвам накіраваліся на вуліцу Віцебскую гарпасёлка. Новы дом, які менш чым за год вырас у самым маладым мікрараёне Ушач, так і хочацца па аналогіі з папярэднікамі назваць «кааператывам». Але гэта будзе ня­правільна, бо няма ў пяціпавярхоўкі таварыства ўласнікаў, старшыні і бухгалтара, як, напрыклад, у суседнім доме, які з 2012 года насіў зараз страчаны статус «новага» — з таго часу ў гарпасёлку будаўніцтва шматкватэрных дамоў прыпынілася. Сотні ж грамадзян стаялі ў чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў. Хтосьці наогул не меў уласнага кутка, іншыя былі вымушаны гадаваць дзяцей у цеснаце ў бацькоў, здымаць жыллё. Таму будаўніцтву першага долевага 40-кватэрнага дома грамадзяне, якія трапілі ў канчатковыя спісы яго будучых жыльцоў, былі рады.

Яшчэ на пачатку будоўлі даводзілася чуць: «Чаму аддалі аб’ект шумілінцам?» Справа ў тым, што магутнасці мясцовай асноўнай будаўнічай арганізацыі на той момант не дазвалялі ў поўным аб’ёме выконваць усе работы, у адрозненне ад Шумілінскай ПМК-70, якая і стала генпадрадчыкам. Пры гэтым ушацкія будаўнікі таксама не засталіся без працы: менавіта ПМК-66 была задзейнічана на субпадрадных работах, працавала на нулявым цыкле, падводзе камунікацый і інжынерных сетак, добраўпарадкаванні, на ўзвядзенні аднаго з двух пад’ездаў.

І такая своеасаблівая кааперацыя да­зволіла скончыць асноўныя работы ў сціслыя тэрміны. Магчымым гэта стала толькі пры падтрымцы дзяржавы, а аператыўнасці правядзення інжынерна-транспартнай інфраструктуры спрыяла выдзяленне сродкаў з абласнога бюджэту. Уладзімір Цярэнцьеў, які быў на ўрачыстым адкрыцці ў ліку ганаровых гасцей, павіншаваў ушачан з гэтай значнай падзеяй, адзначыў увагу і намаганні, якія прыклалі для завяршэння аб’екта раённая ўлада і будаўнікі, а В.Родзіч у сваю чаргу падзякаваў за падтрымку кіраў­ніцтву дзяржавы і вобласці.

Усе 40 дагавораў заключаны з доль­шчыкамі, якія мелі патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў: 20 кватэр прызначаны для мнагадзетных сямей, і сямі з іх дзяржава пакрые кошт будоўлі цалкам. Агульны кошт будаўніцтва аб’екта склаў больш 20 мільярдаў недэнамінаваных рублёў, з якіх уласныя сродкі дольшчыкаў — звыш 1 мільярда. Астатнія — крэдытныя рэсурсы, якія, улічваючы сацыяльную значнасць аб’екта, былі выдзелены ў неабходных памерах.

Дом лічыцца ўведзеным у эксплуатацыю, але не ўсе работы яшчэ скончаны, зіма не спрыяе знешняй аддзелцы і добраўпарадкаванню, яны перанесены на больш спрыяльны перыяд. Таму і быў уручаны толькі адзін сімвалічны ключ — галоўны інжынер Шумілінскай ПМК-70 Аляксандр Багданаў перадаў яго Аляксандру Лосеву, дырэктару Ушацкага ўпраўлення капітальнага будаўніцтва, якое выступала заказчыкам аб’екта. А.Лосеў звярнуўся са словамі ўдзячнасці да кіраўніцтва раёна, будаўнікоў і будучых навасёлаў, якім паабяцаў у хуткім часе адліць з сімвалічнага камплекты сапраўдных ключоў.

Грамадзяне таксама ўнеслі важкі ўклад у паспяховасць завяршэння свайго будучага жылля. Некаторым давялося адшукаць і ўнесці значныя сродкі. Напрыклад, супрацоўніку Ушацкага райаддзела міліцыі Аляксандру Бандарэнку, які прысутнічаў на адкрыцці дома ўсёй сям’ёй і ад імя жыльцоў дзякаваў уладзе і будаўнікам, для гэтага прыйшлося прадаць аўтамабіль. Затое ў новым годзе яго чакаюць хоць і стратныя, але прыемныя клопаты па рамонце і абсталяванні новай кватэры, дзе будзе месца для гульні дваім дзеткам — планіроўкай, выкананай спецыялістамі «Віцебсксельбудпраект», дольшчыкі задаволены.

Ацаніць яе хутка змаглі ўсе, хто прысутнічаў на ўрачыстасці — пасля таго, як благачынны раёна айцец Вячаслаў правёў малебен, а У.Цярэнцьеў, В.Родзіч і А.Багданаў перарэзалі сімвалічную чырвоную стужку. Лесвічныя пляцоўкі адразу напоўніліся гулкім тупатам дзіцячых ног — у сарака кватэрах будзе пражываць каля сотні малых.

«Мы так рады!» — не хавалі гэтага пачуцця Уладзімір і Таццяна Лесіны, якія аднымі з першых зайшлі ў пакоі сваёй кватэры разам з дырэктарам ПМК-66 Аляксандрам Фамёнкам і намеснікам старшыні райвыканкама Андрэем Галяковічам. «Зразумець нашы пачуцці можа толькі той, хто, як і мы, гадамі марыў пра свой уласны куток!» — разам са словамі ўдзячнасці казала Таццяна Іванаўна. Прыўзняты настрой быў і ў астатніх навасёлаў, іх родных: «Сфатаграфавацца? Калі ласка, нагода прыемная!» — засталі на парозе новага жылля маладую маці Таццяну Нарывончык, пад аб’ектывамі тэлекамер агульнанацыянальнага тэлебачання не ўтойвалі станоўчыя эмоцыі і пяцёра членаў сям’і Васіля і Яўгеніі Царовых: 75 працэнтаў ад кошту іх кватэры дзякуючы праграме па падтрымцы шматдзетных сямей аплаціць дзяржава. Астатнюю частку пракрэдытаваў банк пад адзін працэнт гадавых.

Будзем будаваць далей

Пакінуўшы шчаслівых навасёлаў, У.Цярэнцьеў, В.Родзіч і В.Захарэнка наведалі і яшчэ адзін аб’ект з праграмы візіту старшыні абласнога Савета дэпутатаў — дзіцячую школу мастацтваў. Яе будынак падтрымліваецца ў належным функцыянальным стане, кожны год праводзіцца бягучы рамонт, але наспела неабходнасць і капітальнага. Кіраўніцтва раёна прадумвае варыянты, у выніку рэалізацыі якіх установа культуры атрымае больш прасторныя памяшканні і класы — магчыма, гэта будзе і ў іншым будынку, шукае шляхі фінансавання, у тым ліку і з прыцягненнем сродкаў спецыяльных праграм. Рэканструкцыя і мадэрнізацыя такіх аб’ектаў — гэта інвестыцыі, забяспечанасць аб’ёмамі арганізацый і працай калектываў, зарплата і, адпаведна, паступленні ў бюджэт, сацыяльная накіраванасць якога заўсёды ў ліку галоўных прыярытэтаў нашай дзяржавы.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Вольга КАМАРКОВА, Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.