Самыя цікавыя вясельныя абрады і іх сімвалічнае значэнне

logo
Вторник, 18.08.2026 09:56 | Рубрика: Общество
0251
Яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў таму беларускае вяселле было не проста ўрачыстасцю, а цэлым рытуалам. Кожныя слова, жэст, рэч мелі асаблівы сэнс, і старажытныя абрады беражліва перадаваліся з пакалення ў пакаленне. Сёння традыцыі нашых продкаў паступова сыходзяць у мінулае – на змену прыходзяць сучасныя трэнды ў фармаце «вяселле даспадобы». Мы звярнуліся да матэрыялаў беларускіх фалькларыстаў, даследчыкаў традыцыйнай беларускай культуры і вылучылі самыя цікавыя вясельныя абрады і іх сімвалічнае значэнне.

Гарачы сезон – восеньскі

У народным календары быў прадугледжаны час, які лічыўся найбольш спрыяльным для вяселляў. Так, праваслаўным забаранялася ладзіць свята падчас пастоў, а ў царкве ў гэтыя перыяды не вянчалi маладых. Найлепшым часам для шлюбу лічыўся перыяд ад 28 жніўня да Каляднага посту за выключэннем памінальнага тыдня (трэці тыдзень пасля Пакроваў). Другі спрыяльны перыяд – зімовы мясаед: ад 21 снежня і да пярэдадня Масленічнага тыдня. Трэці «вясельны» перыяд пачынаўся ад Троіцы і завяршаўся перад Пятроўскім пастом, у гэты час заканчваліся асноўныя земляробчыя работы і наступаў вялікі зацішак перад касавіцай. Скептычна ставіліся беларусы да правядзення свят у маі і чэрвені, перад Купаллем. Іх прыказкі можна пачуць і зараз: «Як беднаму жаніцца, дык і ноч кароткая», «Хто ў маі ажэніцца, той усё жыццё маяцца будзе».

Сімвалы і абрады беларускага вяселля: ад свата да каравая

Сват – кіраўнік свята

Ключавой фігурай перадвясельнага перыяду і непасрэдна рытуалу вяселля быў сват. Выконваць гэтую ганаровую ролю запрашалі мужчыну, якому было больш за сорак гадоў і які меў сям’ю і дзяцей. Сват мусіў быць аўтарытэтам сярод аднавяскоўцаў, падтрымліваць неабходны рытм святочнага дзеяння. Адпраўляючыся на заручыны, каб знайсці паразуменне паміж двума родамі, сват браў з сабой бохан хлеба і бутэльку гарэлкі. Яго задача лічылася выкананай, калі маці будучай жонкі насыпала жыта ў бутэльку з гарэлкай, загортвала яе ў ручнік і аддавала госцю, выказваючы такім чынам сваю згоду. У вясельным абрадзе таксама ўдзельнічалі шафер і шаферка – блізкія сябры жаніха і нявесты, маладыя людзі, свабодныя і без дзяцей. У некаторых мясцінах існаваў звычай праводзіць «агледзіны», калі бацькі нявесты выказвалі жаданне пазнаёміцца з сям’ёй жаніха і «агледзець» яе гаспадарку.

Сімвалы і абрады беларускага вяселля: ад свата да каравая

Знакі і дэталі

У ходзе падрыхтоўкі і правядзення вяселля ўлічваліся любыя знакі, якія выконвалі ролю прадказанняў. Бывалі выпадкі, што перад сватамі дарогу перабягала чорная кошка або заяц, конь каля павозкі пачынаў біць капытом, значыць, ехаць на заручыны зараз не зусім спрыяльны момант.

Моладзь упрыгожвала стужкамі, кветкамі, хвойнымі галінкамі, званочкамі тарантасы, брычкі, павозкі, на якіх ехаў жаніх з шаферамі, хроснымі бацькамі, сваякамі. Перад ад’ездам да нявесты маці доўгім ручніком перавязвала рукі сыну, тройчы на сонцы абводзіла яго вакол стала і вяла да парога. У дарогу бацькі давалі хлопцу невялікую ікону, бласлаўлялі. Вясельны поезд абсыпалі жытам, і ён шумліва ехаў па вёсцы да маладой. А яе ў той час прыбіралі, але не ў сваёй хаце, а ў блізкіх суседзяў, дзе шчасліва і ў дастатку жыла вялікая сям’я. Дзяўчына апранала сукенку з саматканым поясам, чырвоныя боцікі, сяброўкі дапамагалі прымацаваць ёй вянок з фатой. Важнае месца ў вясельным абрадзе займалі строі маладых. Яны былі абавязкова белага колеру, які сімвалізаваў чысціню, радасць, надзею на шчаслівае сумеснае жыццё. Важным атрыбутам былі абярэгі: прышпільвалі на вопратку булаўкі, клалі ў абутак лісце рабіны, хавалі ў кішэню ягады. Пры нявесце павінна была быць свянцоная на Вялікдзень соль, а пры маладым – маленькія абразы святых. Як і сёння, маладыя заручаліся пярсцёнкамі, але ў адрозненне ад нашага часу жаніх – залатым, нявеста – срэбным, што азначала паяднанне Сонца і Месяца.

Грошы, гасцінцы, падарункі

Часцей за ўсё жаніх выкупляў каханую ў яе старэйшай сястры ці «таргаваўся» з братамі. Весельнай кампаніі спачатку маглі прадставіць іншую «маладую» – пераапранутую бабулю. Пасля распазнання падману выходзіла ўпрыгожаная маладая, і паміж гасцямі пачынаўся торг. Малады клаў рубель, потым два, а госці з боку маладой дружна не згаджаліся. Толькі пасля прыкметнага павышэння сумы выкуп адбываўся, і жаніх вёў нявесту ў яе хату. Пасля непрацяглага частавання за сталом вясельная працэсія збіралася ў царкву на вянчанне.

Вяселле на тры дні

Пасля заканчэння ўсіх мерапрыемстваў, звязаных з вянчаннем, суджаныя вярталіся дамоў да маладой. Перад парогам іх сустракалі бацькі, а госці рассцілалі посцілку для таго, каб першыя крокі сумеснага жыцця не былі зроблены на голай зямлі. Маці была ў вывернутым кажусе, трымала на ручніку хлеб-соль, а бацька – дзве чаркі і бутэльку гарэлкі. Новую сям’ю віншавалі, сыпалі пад ногі жыта, жадалі здароўя і нараджэння дзетак. Жаніх браў нявесту на рукі і пераносіў яе праз парог. Маладыя па сонцы заходзілі ў чырвоны кут, садзіліся пад абразамі на адну лаву, увесь час трымаліся за рукі, каб ніхто паміж імі не прайшоў, не разарваў сямейны саюз. На свяце дзяўчаты спявалі абрадавыя песні для маладых, для свата і свацці, для дружкаў. Праз пэўны час галоўных герояў з песнямі і жартамі праводзілі адпачываць. Вяселле гулялі да раніцы, і так некалькі дзён!

На наступны дзень маладыя з дружынай пераязджалі да бацькоў жаніха. Іх сустракалі, вялі ў хату. Маладая жонка адразу пачынала займацца гаспадаркай: вешала ў покуці ікону і ручнікі, слала абрусы на сталы. І святкаванне працягвалася зноў. Ужо вечарам госці пачыналі гуляць «сваё» вяселле: з іх выбіралі пажылую пару, пераапраналі ў жаніха і нявесту. Усе да позняй ночыспявалі, танчылі, ладзілі розныя забавы.

Сімвалы і абрады беларускага вяселля: ад свата да каравая 

Дзяльба каравая

Выключным феноменам беларускага народнага вяселля з’яўляецца каравай. Яго гатавалі па старажытных традыцыях, удзел у гэтым няспешным, сімвалічным працэсе прымалі да 12 найбольш блізкіх у роднасных адносінах жанчын-каравайніц, руплівых, лёгкіх на руку гаспадынь. Малако і масла бралі ад «ціхіх» і малочных кароў, ваду неслі з крыніцы. Фігуркі на караваі мелі пэўнае значэнне, часцей за ўсё гэта была пара галубоў, лебедзяў, жаваранкаў. Існаваў звычай садзіць нявесту на дзяжу, у якой ставілі цеста на вясельны каравай. Калі ён атрымліваўся высокі, румяны, казалі: «Вакол – з сырам, з маслам, а ў сярэдзіне – з добрым шчасцем».

Падчас дзяльбы каравая першыміда маладых падыходзілі родныя дзед ібаба, зычылі ім нараджэння дзяцей, прамаўлялі: «Дорым жменю медзі, каб дзецібылі, як мядзведзі. Дорым бульбы падполле, каб дзяцей было застолле». Першы ярус каравая давалі маладым як знаквечнасці. Другі ярус дзяліўся паміж членамі іх сям’і. Трэці ярус – сімвал роду –дзяліўся паміж далёкімі сваякамі.

На дзявяты дзень вяселля ладзіліся пярэзвы, ці «пірагі», – застолле для бацькоў маладых. Час з апошняга, дзявятага дня вяселля па саракавы лічыўся мядовым месяцам. Увесь гэты перыяд жонка павінна была карміць мужа тымі лыжкамі, якімі яны карысталіся падчас вяселля. Родныя чакалі добрых навін пра зараджэнне новага жыцця, нараджэння дзяцей.

У розных кутках Беларусі вясельныя традыцыі хоць і мелі свае непаўторныя адценні, але нязменна ўражвалі размахам, глыбінёй сімволікі і асаблівай рытуальнай насычанасцю. Вясельны цыкл нярэдка расцягваўся на некалькі дзён, а то і тыдняў, уключаў некалькі кульмінацыйных момантаў – сватаўство, заручыны, дзявочую суботу, зборную суботу, адпраўку да вянца і іншыя. У кожным рэгіёне былі свае аўтэнтычныя абрады. Пры гэтым, нягледзячы на лакальныя адрозненні, паўсюль прасочвалася агульная ідэя: вяселле – гэта не проста свята, а пераходная падзея, дзе праходзіла паяднанне сем'яў і працягваўся род беларусаў. 

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Падрыхтавала Юлія ПРЫШЧЭПА. Фота sb.by