У Шумілінскім раёне на базе лясгаса прайшоў рэспубліканскі семінар па ахове лясоў ад пажараў

logo
Пятница, 29.04.2022 14:31 | Рубрика: Общество
01076
Удзел у семінары прынялі першы намеснік Міністра лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь Аляксандр Драгун, начальнік Віцебскага абласнога ўпраўлення Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Сяргей Мялешкін, старшыня Шумілінскага раённага выканаўчага камітэта Сяргей Галынчык.








Прадстаўнікі Міністэрства лясной гаспадаркі, Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, Камітэта па прыродных рэсурсах і экалогіі Пскоўскай вобласці, галоўныя ляснічыя і начальнікі аддзелаў аховы і абароны лесу лесагаспадарчых аб’яднанняў рэспублікі, галоўныя ляснічыя лясгасаў – усе вучыліся супрацьстаяць лясным пажарам.

Варта заўважыць, што сёлета на Віцебшчыне зафіксаваны ўсяго адзін невялікі ачаг загарання на Пастаўшчыне. Як заўважыў дырэктар Шумілінскага лясгаса Аляксандр Лабынцаў, Шуміліншчына таксама вялікай гарымасцю не славіцца. Прычын некалькі: спецыфіка мясцовага ландшафту, умовы надвор’я, комплекс мер па прафілактыцы пажараў, арганізацыя работы лясной аховы. Сёння работнікі лясгаса карыстаюцца праграмнымі прадуктамі «ГІС-лес» і «Лясны Вартавы» па адсочванні магчымага ўзнікнення лясных пажараў і іх раннім выяўленні, забяспечаны спецыяльнай лесапажарнай тэхнікай і абсталяваннем.

Семінар праходзіў у два этапы. Спачатку абмяркоўваліся пытанні, якія тычацца арганізацыі работы ў пажаранебяспечны перыяд, што ў першую чаргу павінна быць накіравана на недапушчэнне пажараў ў экасістэмах і мінімізацыю іх наступстваў. Удзельнікі семінара азнаёміліся са спецыяльнымі навігацыйнымі праграмамі і спецтэхнікай, а таксама з сучаснымі тэхнічнымі навінкамі. А ў адным з кварталаў Шумілінскага лясніцтва сталі сведкамі правядзення супрацьпажарных работ.

Пасля на пляцоўцы каля вёскі Каравайніца прайшлі тактыка-деманстрацыйныя вучэнні па ліквідацыі імправізаванага буйнога ляснога пажару, дзе былі адпрацаваны навыкі тушэння пажару на прыкладзе палаючай вёскі. Пажар у вёсцы быў паспяхова ліквідаваны, усе жыхары выратаваны.

На вучэннях было задзейнічана 14 адзінак аварыйна-ратавальнай тэхнікі МНС і 35 чалавек асабовага складу, 2 верталёты авіяцыі МНС – Мі-8 і Мі-2, работнікі і спецыяльная тэхніка Шумілінскага лясгаса, раёна электрычных сетак, газавай і медыцынскай службаў, РАУС. Усяго прыцягнута 27 адзінак тэхнікі і больш за 50 чалавек.
У рамках семінара прайшлі рэспубліканскія спаборніцтвы па лесапажарным майстэрстве сярод пажарных каманд лесагаспадарчых аб’яднанняў. Перамагла каманда Мінскай вобласці, каманда Віцебшчыны заняла другое месца.
У заключнай частцы былі падведзены вынікі, спецыялісты далі станоўчую адзнаку вучэнням. 

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Алена КАРПУШЭНКА, Шуміліна.