Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімір Андрэйчанка правёў асабісты прыём грамадзян у Докшыцах

logo
Понедельник, 11.10.2021 16:22 | Рубрика: Общество
01128
Пытанні, з якімі да спікера звярнуліся заяўнікі, датычыліся прадастаўлення сацыяльнага жылля, выдзялення драўніны згодна з Указам Прэзідэнта, а таксама выкарыстання пенсіі на ўтрыманне пажылога ў доме-інтэрнаце.


У паляпшэнні жыллёвых умоў зацікаўлена Паліна Шавардак з Докшыц. Некалькі гадоў яна стаіць у чарзе на атрыманне сацыяльнага жылля, паколькі адносіцца да катэгорыі асоб з ліку дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. Маладая жанчына ўжо мае сваю сям’ю, разам з мужам выхоўваюць дзіця. У хуткім часе чакаюць папаўнення – яшчэ дваіх немаўлят. Грамадзянцы растлумачана, што атрымаць сацыяльнае жыллё можна ў наступным годзе. Але, паколькі пасля нараджэння дзяцей сям’я будзе мець статус шматдзетнай, выгадна ўступіць у кааператыў на будаўніцтва кватэры з дзяржаўнай падтрымкай. Жыллё з большай плошчай застанецца ва ўласнасці Шавардакоў.

Дакшычанін Павел Насеннік таксама мае права на сацыяльнае жыллё. Яго, магчыма, атрымае ў 2022 годзе. Дагэтуль малады чалавек меў запазычанасць па аплаце за тры гады пражывання ў інтэрнаце на вуліцы К. Маркса. Сума асноўнага доўгу склала 150 рублёў, а таксама была налічана пеня 403 рублі. Нядаўна ажаніўся, уладкаваўся на работу і нарэшце разлічыўся з даўгамі. Даведаўшыся, што малады сем’янін мае сельскагаспадарчую спецыяльнасць, Уладзімір Андрэйчанка параіў яму ўладкавацца ў адну з гаспадарк раёна. З прадастаўленнем дома дакладна праблем не будзе.

Жыхар аграгарадка Сітцы Іван Сіндрэвіч спачатку падзякаваў Старшыні Палаты прадстаўнікоў за праведзены ў населены пункт газ. Гэтай выгодай вяскоўцы карыстаюцца, у першую чаргу, дзякуючы менавіта дэпутату. Затым Іван Вацлававіч, які да ўсяго з’яўляецца старэйшынам, расказаў, што пасля моцнага ветру, які бушаваў у ліпені, у лесе паблізу аграгарадка засталося шмат паваленых дрэў, і іх ніхто не прыбірае. Дырэктар Бягомльскага лясгаса Аляксандр Давідовіч тут жа патлумачыў, што буралом паступова прыбіраецца ў іншых месцах. Да канца кастрычніка будзе наведзены парадак і ў Сітцаўскім сельсавеце.

Выдзеліць больш лесаматэрыялаў для пашырэння сваёй дзейнасці, а менавіта для вырабу бруска з нізкаякаснай драўніны, які будзе пастаўляцца на экспарт, прасіў кіраўнік сялянска-фермерскай гаспадаркі “Брадок” Леанід Юхнавец. Дырэктар Бягомльскага лясгаса, разабраўшыся ў справе, даў згоду. Да канца года гаспадарка атрымае сыравіну ў патрэбнай колькасці.

Жыхарка аграгарадка Порплішча Аксана Сіўцэвіч звярнулася з пытаннем выкарыстання латвійскай пенсіі бацькі для аплаты за пражыванне ў доме-інтэрнаце ў Браславе. Замежную пенсію атрымлівае яго сястра. Кожны месяц Аксана Канстацінаўна вымушана даплачваць за пражыванне бацькі ў сацустанове 150 рублёў. Жанчыне было патлумачана, што яна можа адмовіцца ад даплаты за бацьку, які яе не выхоўваў, тым больш што яна малазабяспечаная. Як гэта зрабіць, падкажуць спецыялісты ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва.

– Прыём грамадзян, разгляд зваротаў – гэта канстытуцыйны абавязак дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, – падкрэсліў Уладзімір Андрэйчанка ў размове з журналістамі. – І гэта работа праводзіцца сістэматычна. За дзевяць месяцаў бягучага года ад юрыдычных і фізічных асоб у Палату прадстаўнікоў паступіла 1808 зваротаў. Усе яны разгледжаны ва ўстаноўленыя тэрміны. Вельмі радуе тое, што сярод грамадзян шмат нераўнадушных, якіх турбуе не толькі асабістае. Яны закранаюць інтарэсы шырокага кола насельніцтва. Людзі актыўна абмяркоўваюць пытанні падключэння жылля да электраабсталявання і падрыхтоўкі да ацяпляльнага сезона. Увогуле пры разглядзе зваротаў у дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і мясцовай улады падыход аднолькавы: пастарацца станоўча рашыць пытанне.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ. Фота Аляксандра ВАРАНКОВІЧА.