Мебель и фурнитура в онлайн-гипермаркете 21vek

На Шумілінскім возеры прайшоў экалагічны квест «Чыстыя гульні»

logo
Вторник, 15.06.2021 14:31 | Рубрика: Общество
0624

Актывісты грамадскага аб’яднання «ЭкаБум» пры падтрымцы партнёраў зладзілі сапраўднае свята -- «Чыстыя гульні».

Аднадумцаў збіралі праз сацыяльныя сеткі. У прызначаны час на бераг возера прыбылі 9 каманд па 3-4 чалавекі ў кожнай. Невялікі інструктаж, раздача інвентару і – старт. У ўдзельнікаў была гадзіна на тое, каб сабраць як мага больш смецця. Абавязковая ўмова – сарціроўка: нельга ў адзін пакет пакласці, напрыклад, шкло і пластык. За парушэнне правілаў – штрафныя балы. Барацьба за перамогу была гарачай. У кожнай каманды – свая тактыка і стратэгія. За смецце давялося пазмагацца.

– Мы заўжды шукаем новыя формы, каб добраўпарадкаванне менш за ўсё нагадвала звычайны суботнік, – кажа лідар «ЭкаБума» Ірына Кулікава. – У гэтым сэнсе нам падаўся цікавым расійскі праект «Чыстыя гульні».

Экалагічным выхаваннем Ірына займаецца ўжо 16 год і бачыць вынікі гэтай работы. Свядомасць людзей расце. Пра гэта сведчыць хаця б той факт, што ля возера, на першы погляд, было абсалютна чыста. Скептыкам нават падалося, што нічога і сабраць не ўдасца. Тым не менш, агульны вынік квесту – 60 кілаграмаў смецця. Яго шукалі і на сушы, і пад вадой. Ныраў Сяргей Белагалоў. Яго «ўлоў», на радасць усім, быў зусім невялікі – дно возера чыстае.

– За апошнія гады ў раёне значана палепшылася сітуацыя з выдзяленнем другасных матэрыяльных рэсурсаў з камунальных адыходаў, што вывозяць на палігоны,– заўважыў начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Генадзь Кісялевіч. – Яшчэ чатыры гады таму са 100 кілаграмаў выдзялялі толькі 15, цяпер больш за 27.

Больш за ўсіх смецця сабраў Валерый Паладзі разам са сваімі дочкамі Вольгай і Дар’яй – 10 кілаграмаў. Яны шчыравалі ў чароце, дзе пластыкавых і шкляных бутэлек і іншага непатрэбнага аказалася больш, чым у траве. Пераможцы, як і ўсе ўдзельнікі квесту, атрымалі прызы ад арганізатараў. Самы каштоўны – набор шматразовага пластыкавага посуду для пікніка ад ТАА «Альянспластрэсурс».

Свае знаходкі ўдзельнікі выкладвалі ў сацыяльныя сеткі з хэштэгам #чыстыягульні. Былі яшчэ гульні, віктарыны, пікнік і прагулка пад ветразем яла.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Наталля ЧАРНІЧЭНКА. Фота аўтара.
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Обновить Защита от автоматических сообщений