У Шумілінскім раёне адкрыты першы ў вобласці веласіпедны маршрут, які стаў часткай маштабнага еўрапейскага праекта EuroVelo-2

logo
Вторник, 14.04.2020 11:38 | Рубрика: Общество
04118

З ініцыятывай развіваць веларух у рэгіёне выступілі актывісты грамадскага аб’яднання «ЭкаБум», іх ідэі падтрымаў Еўрапейскі саюз.

На рэалізацыю задуманага спатрэбіўся год. Што было зроблена? Ля фізкультурна-аздараўленчага цэнтра ў Шуміліне ўстанавілі стэнд з інструментамі для самастойнага рамонту веласіпедаў, які, ужо зразумела, мае попыт сярод аматараў гэтага віду транспарту. Пачала работу велашкола, «вучнем» якой можа стаць любы жадаючы незалежна ад узросту. У распараджэнні – тры веласіпеды, укамплектаваныя шлемамі, камізэлькамі і іншым неабходным. Інструктаж праводзяць актывісты «ЭкаБума». Дарэчы, навучыць абяцаюць літаральна за некалькі заняткаў (пробныя ўжо прайшлі ў Башнеўскай школе), прычым, не проста круціць педалі, а рабіць гэта максімальна бяспечна для сябе і ўсіх навокал.

Яшчэ восенню сіламі мясцовага ДРБУ № 204 была праведзена мадэрнізацыя пешаходнай дарожкі, якая вядзе з Шуміліна да вёскі Прыазёрная. На гэта патрацілі тры тысячы еўра з бюджэту праекта. Устанавілі і знакі, якія паведамляюць, што дарожка прынадная для руху веласіпедыстаў. Аматары бегу і скандынаўскай хады таксама не могуць нарадавацца, што прывычная дарожка ўзняла свой клас.

Фінішным этапам праекта стала арганізацыя веламаршруту «Блакітныя каралі Шумілінскага краю» № 201, які пралягае паўз жывапіснх азёр – Лескавічы, Разван, Віцір, Княжна, Будавесць, Лязвінка, Гародна, азёрны заказнік «Сосна», Круглік, Мошна, Дабееўскае, а таксама ракі Заходняя Дзвіна. Там ёсць рэдкія, занесеныя ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь расліны, напрыклад, вадзяны арэх і наяда марская.

Маршрут пралягае праз былыя панскія сядзібы Хлюдзінскіх (Лескавічы), Баршчэўскіх (Полцева). Дарэчы, ад сядзібы пана Баршчэўскага бярэ пачатак векавая алея ў 60 дрэваў, трэцяя частка якіх можа прэтэндаваць на статус помнікаў прыроды. Яна цягнецца 300 метраў і злучае сядзібу пана Баршчэўскага з так званым Кацярынаўскім трактам. Таксама велападарожнікі будуць праязджаць міма лістоўніц ля возера Сосна – гэта сядзіба Міхалова, якая некалі належала пану С. Дзітмару. Маршрут праходзіць па «Кацярынаўскім тракце», праз гарадзішча каменнага веку паміж азёрамі Гародна і Сосна.

– Гэта дае ўнікальную магчымасць для розных відаў эколага-краязнаўчага турызму, – упэўнена старшыня грамадскага аб’яднання «ЭкаБум» Ірына Кулікава. – Апроч таго мясцовыя жыхары атрымалі вопыт у арганізацыі міжнародных праектаў. Усё гэта вельмі важна для развіцця нашага рэгіёну ў цэлым. Далей мы плануем удзельнічаць у гарадскіх святах і раённых мерапрыемствах.

Маршрут, які пачынаецца і заканчваецца ля Шумілінскага возера і доўжыцца 37 кіламетраў, прамаркіраваны знакамі – усяго па індывідуальным дызайне іх было выраблена 50 штук. Велападарожнікі, у тым ліку і замежныя турысты могуць карыстацца картамі (іх надрукавана 1000 штук), а могуць на сайце EuroVelo-2 спампаваць на тэлефон трэк маршруту. Дарэчы, карты зроблены з выкарыстаннем QR-кодаў, з дапамогай якіх можна ўбачыць фота маляўнічых азёр. Гэтым займаўся Максім Бурлакоў (Шумілінская раённая гімназія) пад кіраўніцтвам настаўніцы Таццяны Дарафеевай.

Дарэчы, крыху збочыўшы з дадзенага маршруту, можна наведаць унікальную прыродную славутасць – самы вялікі камень у Беларусі.

Распрацоўкай EuroVelo-2 займаецца Мінскае веласіпеднае таварыства ў рамках праекта «Гарадскі веларух у Беларусі», які падтрымлівае Еўрапейскі Саюз. 

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Наталля ЧАРНІЧЭНКА. Фота прадастаўлена грамадскім аб’яднанем «ЭкаБум».