Победителей республиканских и международных олимпиад по учебным предметам чествовали в Витебске

logo
Понедельник, 19.12.2016 08:58 | Рубрика: Общество
03478

У абласной філармоніі прайшло ўрачыстае ўшанаванне пераможцаў апошняга этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах і міжнародных алімпіяд, а таксама іх педагогаў.

Злева направа: пераможцы алім­піяд Валерыя Гіль, Артур Петухоўскі, Ілья Мядзя­нікаў, Уладзімір Кунцэвіч,
Марыя Ізобава з Уладзі­мірам Цярэнцьевым, Веранікай Лакціной.

У канцэртнай зале сабраліся настаўнікі і іх выхаванцы з усёй Віцебшчыны. Вынікам іх працы сталі 70 дыпломаў на фінальным этапе рэспубліканскай алімпіяды, 15 пахвальных водгукаў, срэбны і тры бронзавыя медалі міжнародных алімпіяд. Таксама на мерапрыемстве прысутнічалі прадстаўнікі ВНУ вобласці, абласнога інстытута развіцця адукацыі, начальнікі аддзелаў адукацыі, спорту і турызму, дырэктары школ і гімназій, бацькі навучэнцаў.

Рашучасць, эрудыцыя, працавітасць і ўменне ў кожнай сітуацыі бачыць магчымасць для росту і развіцця — вось галоўныя фактары поспеху нашых прадстаўнікоў. За заслугі ў алімпіядным руху за гэты год рашэннем аблвыканкама былі прысуджаны прэміі навучэнцам і педагогам.

У сваім выступленні старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў адзначыў:

— Вас адрознівае актыўнае імкненне да ведаў і працавітасць. У такім юным узросце вы годна прадстаўля­еце нашу Віцебшчыну на алімпіядах і абараня­еце яе гонар. Значная частка поспеху, безумоўна, належыць настаўнікам. Дапамагаюць ім у гэтым бацькі, ствараючы выхаваўчае асяроддзе, што дазваляе выявіць таленты дзяцей.

Акрамя гэтага, Уладзімір Уладзіміравіч дадаў, што за пяць гадоў 522 навучэнцы і 73 педагогі атрымалі па­сведчанне Спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. Таксама ён выказаў на­дзею, што на сесіі аблсавета дэпутатамі будзе падтрыманы бюджэт вобласці на наступны год, у якім на сістэму адукацыі плануецца вылучэнне парадку 32 працэнтаў фінансавых сродкаў.

У той дзень пасведчанні аб прысу­джэнні прэміі былі ўручаны педагогам і навучэнцам, пераможцам апошняга этапу рэспубліканскай алімпіяды па матэматыцы, інфарматыцы, рускай мове і літаратуры, біялогіі, хіміі, геа­графіі, беларускай мове і літаратуры, гісторыі, працоўнаму навучанню і замежных мовах.

Ганаровыя граматы абласнога Савета дэпутатаў атрымалі філолагі-беларусісты — нязменны кіраўнік абласной каманды па беларускай мове і літаратуры, пад кіраўніцтвам якой вучні на працягу шэрагу гадоў займаюць лідзіруючыя месцы ў рэспубліцы, настаўніца гімназіі №8 Віцебска Любоў Лукашэнка, а таксама метадыст абласнога інстытута развіцця адукацыі Рыма Бабашка, якая з’яўляецца асноўным арганізатарам усіх этапаў рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры. Разам з дасведчанымі педагогамі высокія вынікі ў працы прадэманстравалі і маладыя — настаўніца англійскай мовы Полацкай дзяржаўнай гімназіі №2 Юлія Станкевіч, настаўніца матэматыкі сярэдняй школы №31 Наталля Шчаглова і настаўніца англійскай мовы гімназіі №1 Віцебска Святлана Любчанка. Ім былі ўручаны падзякі абл­выканкама.

Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па бюджэце і фінансах Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Аляксандр Цацоха ад імя старшыні парламента Уладзіміра Андрэйчанкі і ўсіх дэпутатаў перадаў вітанне педагогам Віцебшчыны.

— Настаўнікі з’яўляюцца абсалютнымі донарамі, перадаючы свае веды і досвед дзецям. Без гэтага, напэўна, у жыцці нічога б добрага не адбылося. І пакуль яны застаюцца такімі донарамі, то з’яўляюцца сапраўднымі настаўнікамі, — сказаў ён.

Начальнік упраўлення адукацыі абл­выканкама Дзмітрый Хома, адзначыўшы вялікую колькасць пераможцаў алімпіяды па беларускай мове і літаратуры, якія ледзь змясціліся на сцэне, пажадаў усім настаўнікам-прадметнікам, каб у наступныя гады і па іх дысцыплінах была такая ж колькасць узнагароджаных.


Дарэчы, віцябляне зноў адзначыліся. Зусім нядаўна ва Універсітэце інфармацыйных тэхналогій, механікі і оптыкі ў Санкт-Пецярбургу, а таксама Барнауле, Ташкенце, Алматы і Тбілісі прайшла сямнаццатая Усерасійская камандная алімпіяда школьнікаў па праграмаванні. Сярод беларускіх каманд, паказаўшы лепшы вынік, дыпломам 1-й ступені і бронзавым медалём узнагароджана каманда з Віцебска. У яе складзе вучні гімназіі №8 Артур Петухоўскі і Уладзімір Кунцэвіч і навучэнец гімназіі №1 Марк Карнейчык. Ня­зменным трэнерам была вядомая настаўніца інфарматыкі дзвюх гімназій Вераніка Лакціна.

Настаўнік-метадыст Полацкай дзяржаўнай гімназіі №1 імя Ф. Скарыны Алена Казлова падчас ушанавання адзначыла, што перамога любіць падрыхтоўку.

— На сваім уласным вопыце ведаю, што прадметная алімпіяда не прасцейшая за спартыўную, бо гэта пастаянныя трэніроўкі, не адзін кілаграм перачытаных кніг. І, напэўна, у першую чаргу — праца над самім сабою. Таму поспеху не варта чакаць, да яго трэба мэтанакіравана ісці, — падсумавала педагог.

Цырымонія ўшанавання педагогаў і навучэнцаў скончылася канцэртнай праграмай з выступленнямі творчых калектываў горада.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Андрэй ШЧАРБІЦКІ. Фота Алега КЛІМОВІЧА.