Працавала пад дэвізам «За сябе і за таварыша, які пайшоў на фронт». Раіса Бяззубенка успамінае Вялікую Айчынную вайну

logo
Понедельник, 26.10.2020 10:02 | Рубрика: 75-летие Великой Победы
0365

Шчасце ў жыцці кожны разумее па-свойму. І для гэтага не трэба вялікага багацця і многа грошай, лічыць жыхарка Шуміліна Раіса Бяззубенка. Выжыла ў час Вялікай Айчыннай вайны — значыць, пашанцавала, сустрэла 95-гадовы юбілей разам з дзецьмі, унукамі і праўнукамі — гэта двайное шчасце. Яго мае Раіса Міхайлаўна і гэтым ганарыцца.

Раіса Міхайлаўна з задавальненнем расказала пра сваё жыццё:

— Калі пачалася вайна, я жыла ў Тамбове. Маці памерла ў 1939 годзе, праз паўтара года — бацька. Засталася я круглай сіратой. Замест далейшай вучобы пасля школы пайшла працаваць на Тамбоўскі вагонарамонтны завод, дзе рупілася на працягу ўсёй вайны. Тады на прадпрыемстве не хапала рабочых рук — больш за тысячу чалавек пайшлі на фронт і ў партызанскія атрады, таму асноўны касцяк работнікаў склалі жанчыны і падлеткі. Працаваць было цяжка. Змена доўжылася па 12–13 гадзін. Пра водпускі і выхадныя ўвогуле не было гаворкі.

— З фронту паступалі разбітыя вагоны, іх трэба было зноў па­ставіць на рэйкі, — працягвае Раіса Міхайлаўна. — Працавала пад дэвізам: «За сябе і за таварыша, які пайшоў на фронт». Зімою ў цэхах было настолькі холадна, што да падэшваў валёнак прывязвалі драўляныя цуркі, каб не мерзлі ногі. На завод пачалі прыходзіць заказы на выраб бронецягнікоў. А бранявой сталі не хапала, спецыялісты выкарыстоўвалі спадручныя матэрыялы. І першы свой бронецягнік яны назвалі «Тамбоўскі рабочы». У асноўным цэху працавалі больш вопытныя, а мяне, падлетка, паставілі абслугоўваць дзве паравыя машыны з двума генератарамі, якія выпрацоўвалі электраэнергію для завода. Залівала масла ў маслёнкі, сачыла за работай кампрэсара. І так усю вайну з ра­ніцы да вечара і без выхадных. Але ганаруся сваёй работай і ўзнагародай за яе — медалём «За доблесную працу ў Вялікую Айчынную вайну 1941–1945 гадоў».

Пасля вайны дзяўчына, адданая камсамольскай справе, не засталася ўбаку ад закліку «Дапаможам Керчы» — паехала туды дапамагаць пракладваць электрычнасць. Але работа аказалася цяжкай: кіркамі і ламамі капалі камяністую зямлю. Раісе не пайшоў незнаёмы клімат, і па стану здароўя яна вымушана была вярнуцца дадому. Потым некаторы час працавала на чыгунцы ў Маскве, дзе пазнаёмілася са сваім першым мужам Уладзімірам. Родам з Полцева, ён у пачатку 1960-х прывёз сваю жонку на Шуміліншчыну. Але сам пражыў нядоўга, пакінуў Раісу з двума дзецьмі. Праз некаторы час Раіса Міхайлаўна выйшла замуж за Мікалая Карпавіча, з якім нарадзілі дваіх дзяцей і з якім жывуць разам вось ужо 55 гадоў.

У Шуміліне Раіса Міхайлаўна працяглы час працавала на гароднінасушыльным заводзе. Потым — у пякарні па вуліцы Ленінскай. На пенсію жанчына пайшла з райспажыўтаварыства.

На юбілей Раісы Міхайлаўны прыехалі дзеці і ўнукі. Дочкі згадалі мінулыя гады, расказалі, як маці цудоўна іграла на гітары, як прывучала іх да чытання кніг, як яны ганарыліся багатай дамашняй бібліятэкай і поўным выданнем Дастаеўскага ў 17-ці тамах.

Ад мужа, чатырох дзяцей і столькі ж унукаў, ад траіх праўнукаў Раіса Міхайлаўна атрымала ў дзень юбілею шмат цёплых слоў і падарункаў. Павіншаваць жанчыну прыйшлі і старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Таццяна Цэрах і член праўлення Таццяна Карніловіч.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Ларыса ЗАЙЦАВА.
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Обновить Защита от автоматических сообщений