У Арт-центры Марка Шагала адкрылася персанальная выстава жывапісу вядомага віцебскага мастака Міхася Ляўковіча

logo
Понедельник, 20.03.2023 16:23 | Рубрика: Культура
02430
Музычнасць, яркасць фарбаў, перадача эмацыйных станаў, прыродных з’яў у абстрактных кампазіцыях адразу звяртае ўвагу гледача, які звыклы да класічнай акварэлі Міхася Ляўковіча. Трэба сказаць, што здзівіў ён не толькі дылетантаў, але і калег. Бо відавочныя змены ў выяўленчай тэхніцы, у агульным настроі палотнаў, кампазіцыйных кодах мастака. А ён сапраўды імкнуўся паказаць у Віцебску ў такім аб’еме менавіта гэтую частку сваёй творчасці – пісьмо алеем у абстрактным стылі. Хаця гэта не значыць, што раней не працаваў у беспрадметным жывапісе. Настрой іншы…

За апошнія пяць год Міхась Ляўковіч напісаў некалькі сотняў абстрактных карцін, на выставе “Тры партреты+” паказвае тыя, что “выйшлі ў свет” у асноўным у 2022-м.


– Фундамент экспазіцыі – партрэты акцёраў нашага Коласаўскага тэатра, якія граюць у знакавым для нашага горада спектаклі “Шагал, Шагал…”, пастаўленым больш за 30 гадоў таму рэжысёрам Віталем Баркоўскім. Яго партрэт створаны даўно, гэта рэтраспекцыя. Нарэшце ажыццявіў даўнюю ідэю – напісаць партрэты выканаўцаў галоўных персанажаў спектакля: Генадзя Гайдука у ролі Марка, Анжэлікі Баркоўскай у вобразе Іды, Тамары Краснабаевай-Чарняк – Бэлы. Час падштурхнуў да гэтай працы, бо мы ўжо адзначылі 135 год з дня нараджэння Марка Шагала, 100-годдзе заснавання ў Віцебску творчага аб’яднання “УНОВИС”. І выстава, якую я ўспрымаю як экзамен перад гледачом, сімвалічна запланавана была ў Музеі Марка Шагала, – падзяліўся мастак на вернісажы.

Тэатральную тэму ў экспазіцыі дапаўняюць краявіды, нацюрморты, абстрактныя кампазіцыі. Па багатым і часцей радасным каларыце работ можна зразумець, што душу мастака не пакідала ўзнёсласць. І ён пацвярджае гэта.


-Так, у жыцці былі трагічныя навалы, але жыццё працягваецца, прыходзіць разуменне, што радавацца трэба кожнаму дню, вечнаму небу, сонейку, добрым людзям. У сваіх творах хацеў данесці да гледача, колькі радасці і прыгажосці, колькі хвалюючых загадак на зямлі, каб прыслухаліся яны да цішыні, або “дакрануліся” да “Келіха Грааля”, ці пачулі “Танга Кумпарсіта”, “Сола на саксафоне”… – шчыра прызнаецца мастак.

Назвы карцін Міхася Ляўковіча не выпадкова музыкальныя. Ён часта піша пад класічную або сучасную музыку, такім чынам ствараючы настрой, які дазваляе пераўтвараць гукі ў фарбы.






“Слухаць” творы Міхася Ляўковіча ў Арт-цэнтры Марка Шагала можна да 16 красавіка.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Наталія КРУПІЦА. Фота аўтара.